Рэалізацыя драўніны — па Новых Правілах
У Беларусі зацверджаны новыя Правілы рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку, якія пашыраюць правы вытворцаў і спажыўцоў лесапрадукцыі. Гэта прадугледжана ўказам № 6 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі", які падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
У адпаведнасці з Правіламі рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку Беларусі ў 2010 годзе, зацверджанымі ўказам ад 1 сакавіка 2010 года № 102, дазвалялася ажыццяўляць рэалізацыю круглых лесаматэрыялаў фізічным асобам (грамадзянам) без абмежаванняў аб'ёмаў і без даведак, на падставе заявы з пазначэннем у ёй мэты набыцця.
Юрыдычным асобам, якія маюць дзелавую драўніну ў нарыхтаваным выглядзе на законных падставах, у 2010 годзе было прадастаўлена права выбіраць спосаб яе рэалізацыі — на біржавых таргах або па-за біржавымі таргамі (па грамадзянска-прававых дагаворах). Такі падыход даў магчымасць больш аператыўна вырашаць пытанні арганізацыі паставак і задавальнення патрэбнасці ў дзелавой драўніне ў нарыхтаваным выглядзе на ўнутраным рынку фізічных і юрыдычных асоб. Гэта было асабліва важна з прычыны зніжэння попыту на лесапрадукцыю за мяжой і пакупной здольнасці рэзідэнтаў рэспублікі з-за сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Яго наступствы адчувальныя і сёння. Таму неабходна не дапусціць скарачэння попыту на ўнутраным рынку на драўніну на пні, што рэалізуецца на біржавых таргах, і дзелавую драўніну ў нарыхтаваным выглядзе.
Асноўныя аб'ёмы драўніны на пні цяпер будуць рэалізоўвацца толькі на біржавых таргах. Выключэнне складуць спажыўцы, якім драўніна на пні будзе адпускацца па таксавым кошце ў аб'ёмах, якія штогод вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У 2010 годзе стартавая цана на драўніну на пні фарміравалася з улікам біржавых каціровак, якія ўстанаўліваюцца па выніках квартальнага аб'ёму продажу драўніны на пні з лесасечнага фонду на біржавых таргах, скарэкціраваных на каэфіцыент змянення цаны на драўніну ў краінах Еўрапейскага саюза, Расіі і Украіне. Ва ўмовах абмежаванага попыту і празмернага прапанавання драўніны на пні на біржавых таргах набываліся ў першую чаргу даступныя, высокатаварныя лесасекі, якія маюць больш высокую цану рэалізацыі. Гэта прывяло да росту сярэдняй каціроўкі на такую драўніну. Прымяненне да біржавай каціроўкі карэкціруючага каэфіцыента прыводзіла ў выніку да істотнага росту стартавых цэн і зніжэння аб'ёмаў продажу драўніны на пні.
У мэтах павелічэння аб'ёмаў яе продажу ў 2011-2012 гадах указам прапануецца стартавую цану на драўніну на пні для рэалізацыі на біржавых таргах устанаўліваць у адпаведнасці з дзейнымі таксамі на дату выстаўлення лотаў на біржавыя таргі.
Акрамя таго, указам выключана норма аб унясенні пакупнікамі на рахунак ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" грашовага забеспячэння ў памеры 2 працэнты ад сумы пададзенай заяўкі на куплю драўніны на пні. Гэта дасць магчымасць спрасціць працэдуру допуску да ўдзелу ў біржавых таргах усіх патэнцыяльных пакупнікоў.
Прапануемыя меры будуць садзейнічаць скарачэнню выдаткаў пакупнікоў, звязаных з удзелам у біржавых таргах, і больш аператыўнаму вырашэнню пытанняў рэалізацыі лесапрадукцыі.
Указам прапануецца захаваць у 2011-2012 гадах сам парадак рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку, які дзейнічаў у 2010 годзе.
Прадугледжваецца таксама ўнесці ў Правілы водпуску драўніны на пні і яе нарыхтоўкі ў лясах Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя ўказам ад 7 мая 2007 года № 214, дапаўненні і змяненні ў мэтах павелічэння аб'ёмаў яе рэалізацыі, папярэджання неабгрунтаванага завышэння стартавай цаны на драўніну ў нарыхтаваным выглядзе і на пні пры яе продажы на біржавых таргах.
Дазваляецца нарыхтоўваць драўніну пры правядзенні высечак, звязаных з будаўніцтвам і бягучым утрыманнем аб'ектаў на ўчастках ляснога фонду пры распрацоўцы радовішчаў і здабычы нафты, торфу і іншых карысных выкапняў, ліній сувязі і электраперадачы, трас, дарог, трубаправодаў, на прасеках для падтрымання іх шырыні, прадугледжанай праектамі, арганізацыям, якія выконваюць будаўніцтва і бягучае ўтрыманне гэтых аб'ектаў, а таксама арганізацыям, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку драўнінна-хмызняковай расліннасці на прасеках ліній сувязі і электраперадачы ў адпаведнасці з дагаворамі, заключанымі з названымі арганізацыямі, з выпіскай юрыдычнымі асобамі, што вядуць лясную гаспадарку, лесарубных білетаў непасрэдна гэтым арганізацыям.
Прыняцце ўказа будзе садзейнічаць больш эфектыўнаму выкарыстанню лесасыравінных рэсурсаў у 2011-2012 гадах і не прывядзе да змяншэння даходаў лясной гаспадаркі.
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2011 года.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.