Супрацоўнікі барысаўскай міліцыі правялі ператрус у кватэры Леаніда Навіцкага, актывіста кампаніі «Еўрапейская Беларусь», які быў ахоўнікам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
8 студзеня каля гадзіны дня жонцы актывіста патэлефанавалі міліцыянты і запатрабавалі прыбыць дадому для правядзення ператрусу. У адваротным выпадку яны абяцалі выламаць дзверы. Жонцы, якая знаходзілася за горадам, давялося ехаць у Барысаў.
Каля 16-й, пасля прыезду жонкі Навіцкага, маёр міліцыі Фалькоўскі Дзмітрый Аляксандравіч, маёр Чуркін Андрэй Аляксандравіч і старшы лейтэнант Кароткі Іван Анатольевіч правялі ператрус і канфіскавалі ноўтбук, паперы Леаніда.
Ператрус быў праведзены ў межах крымінальнай справы № 10011110362, якую вядзе старшы следчы ўпраўлення КДБ Каранеўскі П. П. Нагадаем, Леанід Навіцкі быў затрыманы разам з Андрэем Саннікавым 19 снежня ў той момант, калі вёз збітага кандыдата ў прэзідэнты і яго жонку Ірыну Халіп у шпіталь, быў асуджаны і адседзеў 15 сутак. Затым Леаніду ўручылі пастанову аб тым, што ён з’яўляецца падазраваным па так званай крымінальнай справе «аб масавых беспарадках» (артыкул 293, ч.1 і ч.2). Не чакаючы новага арышту, Леанід выехаў за мяжу.