МЗС перажывае за сваіх еўрапейскіх партнёраў
Паводле слоў Савіных, гэта падштурхоўвае іх да прыняцця рашэнняў, якія «будуць наносіць урон нармальнаму ўзаемадзеянню і тым каштоўнасцям, прыхільнасць да якіх яны самі дэкларуюць».
«Гэта контрпрадуктыўная пазіцыя, якая ўжо даказала сваю бесперспектыўнасць у мінулае дзесяцігоддзе, — падкрэсліў Савіных. — Са свайго боку мы заяўляем аб неабходнасці цвярозай ацэнкі сітуацыі і працягу канструктыўнага дыялогу на ўсіх узроўнях. Толькі тады падыход адпавядае інтарэсам адзінай Еўропы і ўмацаванню агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў».
Раней у інтэрв’ю бельгійскаму выданню EUObserver міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт заявіў, што Аляксандру Лукашэнку і дзясяткам афіцыйных асоб, адказных за рэпрэсіі пасля выбараў, будзе забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза.
Апрача таго, паводле звестак нямецкай газеты Suddeutsche Zeitung, афіцыйны Берлін таксама заклікаў ЕС вярнуцца да палітыкі санкцый у дачыненні да Беларусі.
Місія БДІПЧ АБСЕ прызнала, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 19 снежня, не адпавядаюць дэмакратычным стандартам. Жорсткі разгон акцыі апазіцыі вечарам 19 снежня ў Мінску быў рашуча асуджаны краінамі Захаду і міжнароднымі арганізацыямі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН