Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь абавязкова захавае сацыяльную арыентацыю эканомікі"

Источник материала:  

Пажылыя людзі ў Беларусі атрымаюць магчымасць пажыццёвага абслугоўвання ў абмен на нерухомую маёмасць. Даручэнне аб неабходнасці развіцця ў Беларусі рэнтных паслуг даў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, наведваючы дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы "Світанак", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, сумесна з Мінпрацы і сацабароны падрыхтаваны і ўнесены ва ўрад дакумент аб развіцці двух відаў рэнтных паслуг, якія з'яўляюцца новымі для Беларусі, але ўжо даўно рэалізаваны і паспяхова працуюць у некаторых краінах Еўропы. Сутнасць першага віду такіх паслуг у тым, што, напрыклад, пажылы адзінокі чалавек заключае дагавор з сацыяльным органам, у адпаведнасці з якім яго кватэра пераходзіць у камунальную ўласнасць. У сваю чаргу такі чалавек атрымлівае права пажыццёвага абслугоўвання: яму будуць набывацца прадукты харчавання, за яго будуць выплачвацца камунальныя плацяжы і гэтак далей. Такому чалавеку таксама будзе пажыццёва выплачвацца невялікая рэнта, а пасля смерці кватэра будзе прададзена або перададзена каму-небудзь у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

Аляксандр Лукашэнка адобрыў гэту ідэю. "Трэба, каб гэта было ўкаранёна неадкладна", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка:  "Беларусь абавязкова захавае сацыяльную арыентацыю эканомікі"

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Трэба прадугледзець, каб гэта кватэра толькі прадавалася і нікому не выдзялялася. А потым ужо няхай фінансуецца з бюджэту, калі камусьці трэба прадаставіць бясплатную кватэру або за паўцаны".

Сутнасць другога віду рэнтных паслуг у тым, што кватэра па дагавору пераходзіць у распараджэнне камунальнай юрыдычнай асобы, і пасля неабходнага рамонту здаецца ў арэнду. У сваю чаргу чалавек размяшчаецца ў дзяржаўнай сацыяльнай установе, атрымлівае пажыццёва вызначаную рэнтную плату і поўны комплекс паслуг. Пасля яго смерці такая кватэра таксама пераходзіць у камунальную ўласнасць.

"Арыентацыю нашай эканомікі мы захаваем чаго б гэта ні каштавала", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у краіне ёсць усе магчымасці, каб узровень жыцця людзей не знізіўся.

На заўвагу журналіста БЕЛТА аб тым, што да выбараў прадстаўнікі апазіцыі заяўлялі, што ўсе павышэнні зарплат, пенсій, стыпендый толькі піяр дзеючай улады і ў далейшым іх не ўдасца стрымаць, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Дай бог, каб у мяне і ўсёй Беларусі была магчымасць такім чынам піярыцца, таму што такі піяр вельмі дорага абыходзіцца дзяржаве, калі ён эканамічна не абгрунтаваны". Усё, што робіцца ў краіне ў сацыяльным плане, эканамічна абгрунтавана, падкрэсліў ён. "Рост цэн на вуглевадародную сыравіну адбіваецца на краіне, людзях, але гэта ўсё лягчэй пераносіць тады, калі ёсць гэты піяр у выглядзе росту заработнай платы, пенсій, дапамог і г.д.", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Дырэктыва па лібералізацыі павінна даць нейкі дадатковы штуршок. Таму калі нехта за мяжой або ў нас чакае гэту дырэктыву як манну нябесную, гэта вялікая памылка. Трэба цяпер пачынаць працаваць, у нас для гэтага ўсё ёсць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца затрыманых, мы ўжо не адну сотню вызвалілі. Але ўзбуджана крымінальная справа. Калі ў рамках следства, крымінальнай справы можна вызваліць гэтых людзей — нам яны там не патрэбны", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Калі ты актыўны ўдзельнік масавых беспарадкаў — ёсць следства, ёсць суд, з табой разбяруцца, — сказаў Прэзідэнт. — А ўвогуле лёс у іх руках: і экс-кандыдатаў, і затрыманых, і тых "баевікоў", якія грамілі. Чалавек 20 ужо ўстанавілі: усе па два, па аднаму тэрміну ўжо адсядзелі, значыць, гэта людзі, якія мелі праблемы з законам".

Адказваючы на просьбу журналістаў назваць асноўныя дасягненні адыходзячага года, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Галоўная заваёва — мы адстаялі краіну. Вы нават уявіць не можаце, што кучка адшчапенцаў магла перавярнуць краіну. Нават я шмат чаго не ўяўляў". Паводле слоў Прэзідэнта, "за іх спінай стаялі людзі, не з нашай дзяржавы, пэўныя структуры, вялікія грошы". "Нават калі яны трапілі ў следчы ізалятар, сяму-таму прыйшлі пасля грошы, гэта значыць грошы затрымаліся ў дарозе", — сказаў ён, дадаўшы, што гэтыя сродкі будуць перададзены ў бюджэт.

"Мы маглі прачнуцца ў зусім іншай краіне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мне гавораць пра Захад, я ім зусім не веру: хутчэй за ўсё, яны спрабавалі мяне і ўсіх нас заспакоіць. Вось вы правядзіце, усё адкрыйце, вось ляжце там, на марозе мінус 20, распластайцеся, раздзеньцеся — і тады ўсё будзе добра. Заспакойвалі. Цяпер мы бачым іх сапраўдны твар".

Адказваючы на пытанне, як Аляксандр Лукашэнка адрэагуе на патрабаванне Захаду вызваліць усіх арыштаваных, уключаючы экс-кандыдатаў у прэзідэнты, у якасці ўмовы для прадаўжэння кантактаў і дыялога, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Ніякіх ультыматумаў мы больш не прымем. Калі нам будуць ставіць нейкія непрымальныя ўмовы, прытым зыходзячы з двайных стандартаў — мы іх таксама не прымем".

"Патрабаваць ад мяне не трэба: мы будзем рабіць, як у Францыі, Германіі, там жа прэзідэнт можа вызваліць чалавека з-пад следства. Так, я магу на стадыі следства, мне законам гэта дазволена, але калі для гэтага ёсць падставы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі яны не маюць дачынення да масавых пагромаў, а апынуліся там па ідэйных меркаваннях, я асабіста буду разглядаць гэта пытанне. Калі ты вінаваты — я ў гэта ўмешвацца не буду".

У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, якім будзе шлях незалежнай Беларусі ў бліжэйшыя гады і як будуць выбудоўвацца адносіны з партнёрамі на Захадзе і Усходзе на тым знешнепалітычным фоне, які склаўся пасля беспарадкаў, учыненых апазіцыяй 19 снежня. Прэзідэнт адзначыў, што як незалежная краіна Беларусь існуе ўжо больш як паўтара дзясятка гадоў. "Вы помніце, каб мы развіваліся на нармальным знешнепалітычным і эканамічным фоне? У нас заўсёды былі праблемы, і праблемы былі не толькі ў нас", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, прычына гэтага ў тым, што на месцы адной дзяржавы з'явілася 15, "а месца для іх забраніравана не было". "Камусьці трэба было пацясніцца, і да гэтага часу некаму даводзіцца крыху пацясніцца ў гэтым цесным свеце. Таму ўсе праблемы адсюль, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Нікому не патрэбна, ні Расіі, ні Польшчы, ні Германіі, паспяховая дзяржава, якая пазіцыянуе сябе як суверэнная і незалежная. Але гэта патрэбна нам. Адсюль вось гэтыя асноўныя супярэчнасці. Ну а зачэпку і нават прычыну знайсці можна, каб нахіліць, тым больш, нашу краіну".

Што датычыцца негатыўных ацэнак вынікаў выбараў, Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да журналістаў, адзначыў: "Вы, як і я, адчулі, што мы ўжо такую дэмакратыю тут развялі, што далей няма куды. І мы ж ведаем аб'ектыўныя ацэнкі нашых выбараў. Тое, што яны прыехалі сюды з заведама напісаным тэкстам, — скажу шчыра, я за месяц да выбараў гэты тэкст чытаў. У нас выбары яшчэ не адбыліся, а яны ўжо гэты тэкст напісалі. Ну, крыху лепш, чым у мінулыя выбары". Таму, лічыць Прэзідэнт, "трэба было нечым прыкрыцца, абгрунтаваць гэты негатыў". Такім прыкрыццём, паводле яго слоў, і сталі падзеі, якія адбыліся вечарам у Мінску 19 снежня. "Але, па-першае, гэта было пасля выбараў. Па-другое, якое гэта мае дачыненне, дапусцім, да галасавання? Ніякага, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але ім так хацелася, яны гэта даўно запланавалі. Таму галоўны ўрок, які я атрымаў: мы ім там (на Захадзе. — Заўвага БЕЛТА) абсалютна не патрэбны. Нас хочуць бачыць слабымі, а слабы паспяховым не будзе. Паважаюць толькі моцных. Слабымі мы не будзем".

"Калі яны гатовы бачыць такую Беларусь у цэнтры Еўропы, мы з задавальненнем будзем з імі супрацоўнічаць. Калі яны шукаюць падставу для таго, каб застацца ў гэтым контрпрадукцыйным канфрантацыйным полі, мы змяніць іх не можам. Таму гэта іх справа. Пажывём — пабачым", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка збіраецца сустракаць Новы год з сям'ёй.

"Хутчэй за ўсё, буду сустракаць традыцыйна. Былі ў мяне іншыя думкі, але не складваецца, — давядзецца традыцыйна адзначаць гэта свята. Паслухаю адных, паслухаю другіх, самога сябе, крыху вып'ю шампанскага або чырвонага віна — і на гэтым увесь Новы год, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба думаць аб рабоце ў будучым годзе".

Прэзідэнт таксама дадаў, што не можа дазволіць сабе сустрэчу Новага года, як большасць грамадзян, паколькі павінен быць на месцы, на пасту, як некаторыя людзі, занятыя на прадпрыемстве з бесперапыннай вытворчасцю, урачы, ваенныя.

←План на январь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика