У Рагачове ў ноч пасля выбараў быў збіты член участковай камісіі
«Мяне выклікаў следчы ў міліцыю для гутаркі і паведаміў, што ў палове трэцяй ночы пасля выбараў на вуліцы быў збіты двума невядомымі член участковай камісіі Леанід Белавусаў, — паведаміў БелаПАН актывіст Партыі БНФ Ігар Зайцаў. — Пацярпелы, паводле слоў следчага, выказаў меркаванне, што яго збілі за тое, што ён быў членам участковай камісіі. А паколькі мы былі назіральнікамі на гэтым участку, то ў міліцыю выклікалі нас: мяне і прадпрымальніка Уладзіміра Тамковіча».
Паводле слоў Зайцава, ён даў паказанні, што пасля падліку галасоў прыкладна ў 22.00 быў ужо дома і нікуды не выходзіў. «Я здзівіўся: што член камісіі рабіў на вуліцы ў палове трэцяй ночы?» — сказаў назіральнік.
Тамковіч выкліканы ў міліцыю к 10 гадзінам 24 снежня. «Следчы мяне выклікаў як сведку, ён цікавіўся па тэлефоне, дзе я быў пасля падліку галасоў, і сказаў, што выклік у міліцыю звязаны са збіваннем члена ўчастковай камісіі», — паведаміў прадпрымальнік.
Алена Германовіч, БелаПАН