Кіраўнік МЗС Швецыі: "Прымяненне празмернага насілля ў Беларусі непрымальнае"
22.12.2010 12:19
—
Новости Политики
Кіраўнік МЗС Швецыі: "Прымяненне празмернага насілля ў Беларусі непрымальнае"
Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більд выказаў занепакоенасць трывожным развіццём падзей у Беларусі.
“Было выкарыстана празмернае насілле, што абсалютна непрымальна. З боку Еўрапейскага звяза мы патрабуем, каб усе, хто апынуўся за кратамі, былі тэрмінова выпушчаны на волю", - сказаў Карл Більд падчас прэс-канферэнцыі ў панядзелак.
Шведскі міністр таксама спаслаўся на заяву прадстаўніка ЕЗ па замежных справах Кэтрын Эштан і справаздачы АБСЕ, у якіх сцвярджаецца, што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам.
"Насілле і фальсіфікацыя пры падліку галасоў указваюць на змены ў палітычным курсе ў Беларусі і зніжэнні зацікаўленасці ў добрых адносінах з Еўразвязам", - адзначыў Більд.
“Мы прынялі пад увагу справаздачу міжнародных назіральнікаў, якая сведчыць пра тое, што вынікі выбараў не могуць быць прызнаныя дэмакратычна легітымнымі,” – заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Швецыі ўжо ў інтэрв’ю Шведскаму радыё.