Кастусёў рыхтуе заяву ў ЦВК аб прызнанні вынікаў выбараў несапраўднымі
«Гэтая заява мной ужо падпісана. Аднак да яе неабходна падрыхтаваць дадатак, які пацвярджае факты парушэнняў, што былі зафіксаваны ў працэсе выбарчай кампаніі», — падкрэсліў Кастусёў.
Паводле слоў палітыка, над зместам дадатку працуюць каманды ўсіх былых кандыдатаў у прэзідэнты. «Юрысты абяцалі закончыць гэтую работу сёння, але не паспелі. Сказалі, што закончаць заўтра», — адзначыў Кастусёў.
Ён заявіў, што «гэта працаёмкі працэс — сабраць відэазапісы парушэнняў, іншыя матэрыялы». Чакаецца, што заява аб прызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі паступіць у ЦВК 22 снежня.
У аўторак сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік паведаміў БелаПАН, што ніхто з былых кандыдатаў у прэзідэнты пакуль не абскардзіў вынікі выбараў. Ён падкрэсліў, што падаваць скаргу аб прызнанні выбараў несапраўднымі былыя кандыдаты ў прэзідэнты могуць не пазней чым на трэці дзень пасля выбараў, прычым асабіста. Акрамя таго, кандыдат можа аспрэчыць рашэнне Цэнтрвыбаркама ў Вярхоўным судзе на працягу дзесяці дзён.
«Думаю, скаргі ўжо наўрад ці паступяць», — выказаў меркаванне Лазавік.
Андрэй Кажамякін, БелаПАН