Пяцёра кандыдатаў знаходзяцца ў СІЗА КДБ («амерыканцы»)
У СІЗА КДБ знаходзяцца Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч. Пасля акцыі туды ж былі дастаўленыя Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, але іх адпусцілі 20 снежня.
У СІЗА КДБ таксама знаходзяцца жонка Саннікава журналістка Ірына Халіп, давераная асоба Някляева Аляксандр Фядута, кіраўнік штаба Рымашэўскага Павел Севярынец.
У КДБ сітуацыю з затрыманымі не каментуюць.Нагадаем, уначы 20 снежня ў эфіры тэлеканала АНТ генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што следства вызначыць адказнасць кожнага вінаватага ў беспарадках у Менску, і ў залежнасці ад гэтага будзе вырашацца пытанне аб прыцягненні іх да адказнасці.
У сваю чаргу міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў паведаміў аб завядзенні ў дачыненні арганізатараў несанкцыянаванай акцыі справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Яе максімальная санкцыя — 15 гадоў пазбаўлення волі.
БелаПАН