Раманчук: Я зрабіў гэтую заяву, каб выратаваць партыю
«Я кажу пра тое, што Някляеў, Саннікаў, Статкевіч павінны адказаць за свае дзеянні. Акцыя павінна была быць праведзена згодна з ранейшымі дамоўленасцямі. Мы павінны былі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і там мірна чакаць вынікаў выбараў. Аднак без кансультацый з маім штабам, са мной, было вырашана ісці да Дому урада», — распавёў карэспандэнту «НН» Яраслаў Раманчук.
Палітык таксама дадаў, што лічыць дзеянні апазіцыі на плошчы Незалежнасці правакацыйнымі: «Ну, пайшлі па праспекце. Ну, залезлі на Леніна… І што далей? Я таксама быў там. Бачыў, што плана дзеянняў не было. Гэтыя эмацыйныя рэчы і склалі падмурак для беспарадкаў».
Яраслаў Раманчук таксама распавёў, што яму паведамілі аб планах уладаў «разабрацца з палітычнымі партыямі», прадстаўнікі якіх вечарам 19 снежня удзельнічалі ў арганізацыі акцыі пратэсту. «Мне распавялі, што ўлады збіраюцца зачыніць палітычныя партыі. Каб выратаваць сітуацыю, я і зрабіў адпаведную заяву. Я лічу, што зараз трэба вызваліць затрыманых людзей і правесці расследаванне, ва ўсім разабрацца», — распавёў «НН» Яраслаў Раманчук.
Алесь Пілецкі