Рымашэўскі згадзіўся на міліцэйскую ахову, але яна так і не з’явілася
17.12.2010 11:44
—
Новости Политики
Кандыдату ў прэзідэнты Віталю Рымашэўскаму ўчора патэлефанавалі з гарадскога ўпраўлення ўнутраных справаў і прапанавалі ахову. Кандыдат адразу пагадзіўся.
«Гэта адбылося пасля маіх сустрэч у Магілёве. Спачатку завуч адной з школ перадала мне ліст, дзе былі апісаныя смерці вядомых рэвалюцыянераў, як Чэ Гевара. У іншай школе дырэктарка перайшла на адкрытыя пагрозы фізічнай расправы. Рэкамендавала задумацца пра лёс сям’і», — расказвае кандыдат ад хрысціянскай дэмакратыі.
Потым быў ужо згаданы званок. «Я адразу пагадзіўся. Няхай выдзяляюць машыну, ды ездзяць з намі. Гэта нармальна. У многіх краінах свету кандыдаты маюць ахову. Але калі дайшло да справы, то з’явіліся праблемы. Сталі высоўваць нам патрабаванні.Вельмі часта падчас сустрэч з выбарцамі міліцыю выклікаць проста немагчыма, як было ў Магілёве», — працягвае В.Рымашэўскі.
Падобная прапанова паступіла і Яраславу Раманчуку, але кандыдат вырашыў ад яе адмовіцца.
Падзяліцца навіной:
Зміцер Панкавец
Зміцер Панкавец