Аляксандр Лукашэнка: "Наглядальнікі не павінны ўмешвацца ў выбарчы працэс"

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць 16 снежня наведаў адрэстаўраваны замкавы комплекс у гарадскім пасёлку Мір.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй адрэстаўраванага замкавага комплексу, заслухаў справаздачу аб выкананні яго даручэнняў па завяршэнні рэстаўрацыі Мірскага замка, аб мерах па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а таксама адказаў на пытанні журналістаў.

У прыватнасці, журналісты запыталі ў кіраўніка дзяржавы, ці не сутыкнецца Беларусь з праблемамі, падобнымі да тых, што існуюць у Расіі, у сувязі з ростам колькасці мігрантаў у рэспубліцы. Прадстаўнікі СМІ нагадалі пра нядаўнія падзеі ў Маскве, дзе забілі рускага хлопца і людзі выйшлі на вуліцы з лозунгамі супраць каўказцаў.

Адказваючы на гэта пытанне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як прэзідэнт краіны павінен забяспечваць мір і спакой для беларускага народа. "Але мы з гэтым не сутыкнёмся", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, мігрантаў у Беларусі заўсёды было шмат. "Мы называлі некалі лічбу, што кожны год у нас "боўтаюцца" на тэрыторыі краіны да 150 тыс. мігрантаў, якім мы перапынілі дарогу на заходніх рубяжах, калі яны ехалі ў Еўропу, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Гэта значыць, мы вельмі прыстойна паводзім сябе адносна нашых партнёраў: затрымліваем нелегальных мігрантаў і адпаведным чынам адпраўляем туды, адкуль яны прыйшлі. І мы за ўласны кошт усё гэта робім".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам у гэтым пытанні нават папракае Еўропу за тое, што яна пачынае вучыць Беларусь дэмакратыі, правам чалавека, яшчэ нечаму замест таго, каб дапамагчы і заплаціць за тое, што наша рэспубліка бярэ на сябе. "Гэтыя ж мігранты не да нас прыехалі, а накіроўваліся ў краіны Старой Еўропы. І мы ім ставім тут бар'ер", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, бачачы надзейнасць гэтага бар'ера, патокі нелегальнай міграцыі паступова пераарыентаваліся ў абход Беларусі — на краіны Балтыі і Украіну. "Але ўсё роўна ў нас дабра гэтага хапае. Пакуль мы ўтрымліваем сітуацыю, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У нас няма той крытычнай масы мігрантаў, якая, магчыма, ёсць у Расіі".

Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што ў Расіі асноўная доля мігрантаў — гэта людзі, якія прыязджаюць, каб зарабіць. "Нядаўна Мядзведзеў сказаў, што без гэтых гастарбайтараў, без гэтай рабочай сілы Расія не абыдзецца", — дадаў ён. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзі ў Беларусі прывыклі да стабільнасці і спакою. "Бацькі, калі выходзяць на вуліцу з малалетнімі дзецьмі, не задумваюцца, што дзесьці ў гэты час страшна выйсці на вуліцу. І мы гэта часам не цэнім. І неяк пачынаем самі, без мігрантаў, усё гэта падточваць, пачынаем гэта ўсё, свядома ці не, разбураць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, самае страшнае, калі гэтыя працэсы ствараюць перш за ўсё самі беларускія грамадзяне. "Вы ведаеце такіх людзей", — заявіў беларускі лідар, адзначыўшы, што іх дзеянні могуць разбурыць няўстойлівы мір.

А "гаручай сумесі", на думку Аляксандра Лукашэнкі, можна знайсці дастаткова, і не абавязкова ў Беларусі. "І з Расіі прыедуць, і з Украіны, і далей, і бліжэй, і з Каўказа, калі трэба. Прыедуць людзі, якія ўжо на гэтым зарабляюць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму не мігранты прычына таго, што ў Беларусі некалі недзе і неяк можа быць узарваны гэты мір і спакой. Мы самі будзем у гэтым вінаватыя. Мы не павінны дапусціць таго, каб гэта адбылося. Нам, грамадзянам Беларусі, трэба берагчы гэты мір і спакой".

Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што спакойна рэагуе на паведамленні аб падрыхтоўцы пакушэнняў на яго.

У пытанні, якое было зададзена кіраўніку дзяржавы, журналісты адзначылі, што пару месяцаў таму ў інтэрнэце з'явіўся відэазапіс нейкага супрацоўніка спецслужбаў Расіі, які гаварыў аб магчымым фізічным устараненні Прэзідэнта Беларусі. Таксама нядаўна адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, выступаючы перад выбаршчыкамі, сказаў, што пытанне змены ўлады ў Беларусі можа вырашыць куля расійскага снайпера. У сувязі з гэтым у Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, як ён рэагуе на такія рэчы і ці існуюць рэальныя пагрозы ў яго адрас.

"Пагрозы існуюць рэальныя ў адносінах да любога чалавека. Мы жывём у такім складаным свеце, што пагрозы рэальныя не толькі ў адносінах да Прэзідэнта, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — На вашых вачах паўтара дзесяцігоддзя ўжо, асабліва апошнія дзесяць гадоў, мне актыўна пагражаюць і гавораць пра нейкія кулі, снарады і гэтак далей. Але я пакуль жывы і здаровы, дзякуй богу. Таму я на гэта гляджу зусім спакойна".

Што датычыцца канкрэтнага выпадку, Прэзідэнт Беларусі пракаментаваў сітуацыю наступным чынам: "Ну, хлапчук, дурны хлапчук. Калі б ён быў разумны, ён бы такое не сказаў".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што такія заявы яго ўжо нават не хвалююць. "Я прывык ужо за апошнія гады да гэтых пагроз. Каму колькі прадвызначана пражыць, напэўна, не яму вырашаць. Напэўна, ёсць нехта ў нашым свеце, хто прадвызначыў, колькі жыць мне, колькі жыць вам і гэтак далей, — адзначыў беларускі лідар. — Мяне з каляіны такімі заявамі выбіць ужо вельмі складана".

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб сітуацыі, якая мела месца ў 1994 годзе ў час яго першай перадвыбарнай кампаніі, калі быў расстраляны яго аўтамабіль. "Хутчэй за ўсё, прыстрашыць хацелі. Калі б хацелі забіць, то забілі б", — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што калі перажыў гэта, то і астатняе для яго не праблема.

Наглядальнікі не павінны ўмешвацца ў выбарчы працэс, а толькі павінны назіраць і характарызаваць саму кампанію, заявіў Прэзідэнт Беларусі, адказваючы на пытанні журналістаў.

"Гаспадар на выбарчым участку адзін — старшыня камісіі. Як ён вырашыць — так і будзе. Ніхто не мае права прыйсці і ўказаць, як рабіць. Ёсць закон, і па гэтым законе старшыня і члены ўчастковай камісіі павінны дзейнічаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Хачу, каб старшыні камісій пачулі і нікому не дазвалялі прыходзіць фатаграфаваць, апячатваць, падпісваць, распісваць і гэтак далей. Усе цудоўна разумеюць галоўнае, але ў той жа час пачынаюць там устанаўліваць свае правы і законы. Гэтага не павінна быць", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта тэма абмяркоўвалася напярэдадні з удзелам праваахоўных органаў. "Калі нехта парушае парадак, на кожным участку працуе міліцыя, ёй дадзены ўказанні падтрымліваць старшыню ўчастковай камісіі. Любыя законныя рашэнні старшыні камісіі неадкладна будуць падтрымлівацца тымі міліцыянерамі, якія там знаходзяцца. Мы не дадзім у крыўду нікога", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Каментуючы ўзнікшую інфармацыю аб скаргах на наглядальнікаў за выбарамі ад апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго ацэнка іх дзеянням вельмі негатыўная. "Але мы і самі вінаватыя. Разгарнуўшы гэту дэмакратыю па ўсёй краіне, напэўна, гэтым самым далі нейкі няправільны сігнал усім, хто сёння займаецца выбарамі, гэта значыць, прыходзьце на ўчасткі, рабіце што хочаце, каб толькі не дай бог, не падумалі іншаземцы перш за ўсё аб тым, што ў нас недэмакратычныя выбары, — адзначыў Прэзідэнт. — Відаць, ужо занадта мы ў гэтых адносінах спрабавалі спадабацца нашым замежным наглядальнікам, вось яно і пайшло".

"Апазіцыянеры чаму правакуюць? Ну, ім патрэбны правакацыі. Яны цудоўна разумеюць, што, напэўна, ім нічога не свеціць у гэтыя выбары, таму патрэбны правакацыі", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць канкрэтныя факты: "І мы пра іх будзем гаварыць, як бы нам гэта не хацелася. І як спрабуюць падкупіць членаў выбарчай камісіі, і спрабуюць на плошчы штосьці справакаваць, і гэтак далей. Няхай не адбрыкваюцца, мы ведаем канкрэтныя факты. Калі толькі пойдуць на гэта — мала не падасца!"

"Здзіўляюць і замежныя наглядальнікі. Яны, бачыце, ледзь не гаспадарамі сябе адчулі на гэтых прэзідэнцкіх выбарах, хоць яны наглядальнікі. Яны павінны назіраць за выбарамі і рабіць вывады. Гэта не іх справа — лічыць. Яны павінны характарызаваць сам выбарчы працэс", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на тое, што выбары праводзіць беларускі народ згодна са сваімі законамі і Канстытуцыяй. "Мы адкрыліся далей няма куды, вы ж бачыце, што адбываецца, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да журналістаў. — Але трэба разумець, што ўсё ж такі выбары праводзім мы, наша краіна, у нас ёсць свой народ і мы не можам дазволіць каму-небудзь прыйсці, закасаўшы рукавы, арудаваць на нашых участках — дэлегаты з Германіі гэта, Францыі, ПАСЕ ці АБСЕ. Гэта наша суверэннае права. Мы гаспадары на гэтай зямлі і мы будзем праводзіць такія мерапрыемствы". Ён таксама дадаў: "Гэты Рубікон ужо не павінны перайсці наглядальнікі: ні ўнутраныя, ні знешнія. Яны павінны разумець, што беларусы самі, згодна са сваімі законамі і Канстытуцыяй, будуць праводзіць гэтыя выбары. А баяцца нам няма чаго".

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, ці будуць распаўсюджаны льготы на праезд у грамадскім транспарце, якія былі ўведзены нядаўна для школьнікаў, на іншыя групы грамадзян, такія як, напрыклад, пенсіянеры або студэнты. "Як бы гэта непапулярна ні гучала, я хачу сумленна ўсім сказаць, што дурных, шалёных ільгот не будзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дапаможам тым людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу. І для гэтага мы грошы знойдзем".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у свой час, калі паўстала пытанне аб ільготах, было падлічана, што на гэтыя мэты спатрэбіцца каля Br1 трлн. "Вы мяне папракаеце, што і гасцініц яшчэ мала пабудавана, і замкі не ўсе адноўлены. А гэта ўсё з адной кішэні — з бюджэту", — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносна дзяцей рашэнне было прынята адразу, паколькі дзеці — гэта галоўны прыярытэт. "Вядома, школьнікаў трэба падтрымліваць. Цяпер я даручыў ураду разгледзець пытанне па пенсіянерах і студэнтах, — заявіў ён. — Але перш за ўсё папрасіў, каб паглядзелі, куды кіраўнікі ўніверсітэтаў дзелі грошы, якія ім былі выдзелены, калі мы адмовіліся ад ільгот для студэнтаў на праезд".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час для адраснай дапамогі ВНУ выдзяляліся пэўныя сродкі: "Тады мы далі грошы кожнай ВНУ і сказалі: калі гэтага мала, то вы нам скажыце, мы з бюджэту выдзелім колькі трэба. Але гэта дапамога павінна быць адраснай". Пры гэтым сродкі выдзяляліся і для магчымай іншай дапамогі студэнтам, напрыклад, па аплаце інтэрната або выплаты павышаных стыпендый. "Я даручыў паглядзець, як гэта спрацавала", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што адносна студэнтаў і пенсіянераў урад пасля праведзенага аналізу "павінен унесці прапановы, якім чынам будзем дзейнічаць".

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дапамога павінна аказвацца тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу. Напрыклад, на яго думку, няма чаго прадастаўляць ільготу на праезд студэнту з забяспечанай сям'і, "але ёсць дзеці, якім патрэбна гэта падтрымка".

Аналагічным чынам, на думку беларускага лідара, варта падыходзіць і да пытання аб прадастаўленні дапамогі або льгот пенсіянерам: "Пенсіянер пенсіянеру таксама не роўны. Трэба паглядзець, дзе ён жыве, якая ў яго пенсія. Некаторыя пенсіянеры прадаўжаюць працаваць".

"Трэба вельмі акуратна ва ўсім разабрацца. А Br1 трлн у зацверджаным бюджэце не так проста знайсці. Таму ў бліжэйшыя некалькі дзён разбяромся. Калі па дзецях вырашылі, я лічу, і тут знойдзем вырашэнне гэтых пытанняў", — сказаў Прэзідэнт.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←Процесс идет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика