Асадзі назад
Адмену ранейшага рашэння можна вытлумачыць крытыкай «перагібаў на месцах» Аляксандрам Лукашэнкам. У сераду ён заявіў на нарадзе са сваім штабам і сілавікамі: «Няма ніякай неабходнасці сёння падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання».
Звяртаючыся да кіраўніка свайго выбарчага штаба Аляксандра Радзькова і члена штаба Віктара Шэймана, Лукашэнка сказаў: «Разбярыцеся, калі ласка, у штабе. Звяжыцеся з Адміністрацыяй прэзідэнта і ўдакладніце яшчэ раз, наколькі адпавядаюць сапраўднасці тыя заявы (там няма фактаў) гэтак званых апазіцыянераў аб тым, што ўлады гоняць людзей табуном на датэрміновае галасаванне».
Як паведамлялі «Нашай Ніве» студэнты Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта, у іх былі адмененыя заняткі ў чацвер і пятніцу. Дэканы загадалі студэнтам датэрмінова прагаласаваць, а пасля гэтага — ехаць дамоў.Супрацоўнікі ўніверсітэта пацвердзілі нам гэтую інфармацыю, але паведамілі будуць выходзіць на працу, як і ў звычайныя дні.
Званок ад імя студэнта ў дэканат будаўнічага факультэта пацвердзіў: заняткаў насамрэч не будзе. Аб прычынах не паведамілі нічога. «Не будзе, і ўсё». У той жа час на эканамічным факультэце на пытанне адказваць не сталі, толькі імкнуліся высветліць асобу суразмоўцы. А на архітэктурным роблена абураліся: «Хто вам сказаў?».
Рэктар БДПУ Пятро Пойта ёсць даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Ён жа ўзначальвае абласную арганізацыю «Белай Русі».
На папярэдніх выбарах у Беларусі датэрмінова галасаваў 31% выбарцаў. Для параўнання: ва Украіне і Расіі гэтая лічба ніколі не перавышала 1–2%. Як стала вядома са сведчанняў падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, датэрміновае галасаванне выкарыстоўваецца для фальсіфікацыі вынікаў народнага выяўлення волі. Казлова звольнілі пасля таго, як ён спрабаваў перашкодзіць укіду бюлетэняў у скрынку ў часе датэрміновага галасавання.
Мікола Бугай