Някляеў: Акцыя 19 снежня незаконная толькі для пракуратуры
«Гэтая акцыя незаконная толькі для пракуратуры. Для народа яна — цалкам законная. Канстытуцыя дае нам свабоду сходаў», — сказаў ён.
Някляеў падкрэсліў, што «народ на плошчы — гэта не натоўп, а менавіта народ». «А народ заўсёды думае аб сваёй бяспецы. Як і арганізатары, якія таксама — народ. Гэта значыць мы. І дапамагчы захаваць бяспеку павінна нам улада, якая для таго і існуе», — лічыць ён.
Някляеў паведаміў, што яго каманда прапанавала органам унутраных спраў арганізаваць бяспеку сумесна з яе дружыннікамі. «З такой прапановай я звярнуўся і да мінскіх уладаў, і да Міністэрства ўнутраных спраў. Не трэба пераапранаць сцягнутых з усёй краіны міліцыянераў у цывільную форму і выпускаць іх на плошчу. Няхай яны стаяць у форме, побач з нашымі дружыннікамі, каб людзі бачылі: улада зацікаўлена ў бяспецы грамадзян. А калі раптам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Макей прынясе на плошчу пятарду, якой ён пужае выбаршчыкаў, я спадзяюся, міліцыя сумесна з дружыннікамі не дапусцяць правакацыі з яго боку», — сказаў кандыдат у прэзідэнты.
Ён падкрэсліў, што «адзіны эфектыўны спосаб дэманстрацыі нашай нязгоды з фальсіфікацыямі — гэта выхад на мірную акцыю 19 снежня ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску».
БелаПАН