Аляксандр Лукашэнка: Беларусь пераканаўча даказала сваю здольнасць адказваць на глабальныя выклікі сучаснасці
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам чацвёртага афіцэрскага сходу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць афіцэрскаму складу за разуменне сітуацыі і самаадданую ратную працу, якая дала магчымасць дасягнуць высокіх вынікаў у будаўніцтве і развіцці арміі як гаранта мірнага жыцця і стваральнай працы грамадзян краіны.
"Усе гады жыццядзейнасці беларускай дзяржавы з'яўляюцца часам выпрабавання на трываласць сацыяльна-палітычнай і эканамічнай мадэлі, якая рэалізуецца ў Беларусі, а таксама ўсёй сістэмы нацыянальнай бяспекі дзяржавы, — гаворыцца ў прывітанні. — За гэты перыяд супраць нашай краіны прымяняліся эканамічныя санкцыі і палітычныя дэмаршы, спробы дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі і актывізацыя ваеннай дзейнасці непасрэдна паблізу граніц дзяржавы. Але менавіта ў гэтых умовах Беларусь пераканаўча даказала сваю здольнасць адказваць на глабальныя выклікі сучаснасці".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўдасканаленне сістэмы ваеннай бяспекі — працэс бесперапынны. Канцэпцыяй будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь да 2020 года канчаткова замацаваны пераход ад этапа рэарганізацыі да інтэнсіўнага нарошчвання баявых магчымасцяў арміі.
Мэтай гэтага працэсу з'яўляецца перавод Узброеных Сіл на новы якасны ўзровень, павышэнне іх баяздольнасці, перш за ўсё за кошт мадэрнізацыі і перааснашчэння на новыя сістэмы ўзбраення, росту якасці падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў, удасканалення ўсіх структурных элементаў абароннага ведамства.
Цяпер у Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца абноўленая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Яна ўлічвае знешнія і ўнутраныя пагрозы. Вызначае ключавыя напрамкі дзейнасці па абароне нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў ваеннай сферы. Прыярытэтнымі сярод іх з'яўляюцца ўмацаванне ў грамадстве пачуцця патрыятызму, эфектыўнае стратэгічнае стрымліванне і развіццё ваеннай арганізацыі, аснову якой складаюць Узброеныя Сілы.
"Мэта дзейнасці афіцэрскага корпуса краіны — забеспячэнне здольнасці і гатоўнасці нацыянальнай арміі да выканання задач па прызначэнні ў любых умовах сітуацыі, — адзначаецца ў прывітанні. — Сярод галоўных задач — поўнае і якаснае выкананне плана падрыхтоўкі Узброеных Сіл, павышэнне ўзроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, зладжанасці органаў кіравання і палявой вывучкі войскаў".
"Сёння Рэспубліка Беларусь з'яўляецца незалежнай суверэннай еўрапейскай дзяржавай, якая адбылася, дзе надзейна забяспечаны мір, стабільнасць і бяспека. Так будзе і ў далейшым, таму што палітычны курс дзяржавы падтрымліваецца беларускім народам", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што афіцэрскі корпус беларускай арміі з'яўляецца ўвасабленнем высокай ваеннай культуры, прафесіяналізму і маральнасці.