Супраць сайта «Хартыі’97» узбуджаная трэцяя крымінальная справа
Пра гэта журналістцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай паведаміў начальнік следства пракуратуры горада Менска Сяргей Іваноў.
Іваноў паведаміў, што
новая крымінальная справа ўзбуджаная на падставе інфармацыі, выяўленай у тэхніцы, канфіскаванай у Наталлі Радзінай, а таксама журналісткі расейскай «Новай газеты», жонкі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, журналістак газеты «Народная воля» Святланы Калінкінай і Марыны Коктыш.Супрацоўнік пракуратуры адмовіўся паведаміць, па якім артыкуле ўзбуджаная крымінальная справа. Адзначыў толькі, што хуткім часам будзе праведзеная яшчэ адна (ужо трэцяя!) экспертыза канфіскаванай у журналістак тэхнікі.
У якім статусе будуць выступаць журналісткі ў новай крымінальнай справе, Іваноў не паведаміў. «Будзе неабходнасць – прыцягнем вас у якасці сведак», - дадаў ён.
«Падобна, беларускія пракуроры вырашылі пайсці на рэкорд. Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа супраць сайта charter97.org на працягу года. Паказальная карціна для свету, як у Беларусі распраўляюцца з незалежнымі журналістамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Мэта зразумелая – паспрабаваць запалохаць, прымусіць маўчаць і, вядома, знайсці чарговую прычыну, каб не вяртаць канфіскаваную яшчэ 10 месяцаў таму тэхніку. Але гэтыя патугі смешныя. Працавалі і будзем працаваць, як бы ні спрабавалі перашкодзіць. А супрацоўнікам пракуратуры хочацца параіць - не пераследуйце журналістаў. І тады не прыйдзецца хуткім часам выконваць апошні запавет Лукашэнкі – «убачыш шчыліну - бяжы», - пракаментавала Наталля Радзіна.
«Мяне дзівіць, што ніхто наогул не інфармуе нас пра тое, што адбываецца з нашай тэхнікай, у чыіх руках яна знаходзіцца і хто ў ёй капаецца. Ніхто не кажа, у рамках якой такой новай крымінальнай справы яна будзе зноў даследавацца. Паводле логікі рэчаў, калі справа Гомельскім УУС была спісаная ў архіў, то тэхніку нам павінны былі вярнуць. Але замест гэтага распачынаецца нейкая новая крымінальная справа. З тых часоў, як у нас забралі тэхніку, прайшло больш за паўгады. За гэты час туды маглі напхаць чаго заўгодна -- яшчэ на некалькі крымінальных справаў хопіць... Спадзяюся, хуткім часам адказныя супрацоўнікі пракуратуры Менска знойдуць час, каб праінфармаваць нас пра тое, што адбываецца», -- адзначыла Марына Коктыш.
Беларускія журналісткі Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Святлана Калінкіна і Марына Коктыш пераследуюцца ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай нібы па факце паклёпу ў СМІ на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.
16 сакавіка ў офісах і кватэрах журналістак былі праведзеныя ператрусы і канфіскаваныя кампутары. У офісе charter97.org было канфіскавана больш за ўсё тэхнікі – 8 кампутараў. У астатніх журналістак таксама забралі працоўныя і хатнія кампутары. Першапачаткова супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі трапіць у арандаваную Наталляй Радзінай кватэру без прад"яўлення пастановы. Пры гэтым яны ўдарылі журналістку ў твар. У абскарджанні незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Радзінай было адмоўлена.
Нядаўна дадзеная крымінальная справа была запатрабаваная з Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля кіраўніцтвам Мінскай гарадской пракуратуры.
charter97.org