Аляксандр Лукашэнка: "Воля беларускага народа — адзіная легітымная сіла, якая павінна выбіраць лёс дзяржавы"

Источник материала:  

Мерапрыемствы, падобныя да Усебеларускага народнага сходу, натхняюць чыноўнікаў і простых людзей на актыўную дзейнасць, на пошук шляхоў вырашэння праблем і задач, якія стаяць перад дзяржавай. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў заключным выступленні на ІV Усебеларускім народным сходзе.

Прэзідэнт заклікаў дэлегатаў форуму не апраўдвацца перад тымі, хто спрабуе крытыкаваць сход і параўноўвае яго з савецкімі часамі і са з'ездамі КПСС. "Помніце толькі адну неаспрэчную рэч: у нас сапраўды жорсткая сістэма ўлады. Вызначальную ролю ў гэтай сістэме адыгрывае кіраўнік дзяржавы. Буду я кіраўніком дзяржавы або нехта іншы, мы ні ў якім выпадку не павінны адыходзіць ад такіх мерапрыемстваў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пры дапамозе такіх форумаў народ выхоўвае Прэзідэнта: "Як бы ні напінаўся любы чыноўнік, у тым ліку і Прэзідэнт, ваша слова тут, карэктнае або выказанае ў рэзкай форме, — гэта выхаванне Прэзідэнта, гэта спроба, калі ён зарваўся і ўзляцеў да неба, апусціць яго на грэшную зямлю. Гэта датычыцца мяне і будзе датычыцца ўсіх кіраўнікоў дзяржавы, якія будуць працаваць на нашай зямлі".

Важным, на думку Аляксандра Лукашэнкі, вынікам сходу з'яўляецца тое, што ён натхняе простых людзей і чыноўнікаў на далейшыя дзеянні на карысць сваёй краіны. "Без гэтага ўнутранага, маральнага ўздыму, імя якому натхненне, нічога не бывае", — заўважыў беларускі лідар.

Падводзячы вынікі форуму, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адбылася шчырая дзелавая размова аб важнейшых пытаннях жыцця дзяржавы і грамадства. Удзельнікі сходу падвялі вынікі і далі аб'ектыўную ацэнку зробленаму ў гэтым пяцігоддзі. Зацверджаны асноўныя напрамкі, прыярытэтныя задачы і аптымальныя шляхі іх вырашэння на перспектыву, прыняты праграмныя дакументы на наступныя пяць гадоў. "Асаблівасць задач на пяцігодку ў тым, што асноўныя шляхі іх вырашэння ўжо апрабаваны. Тут няма ніякіх завоблачных мар, усё рэальна, развіццё вёсак гэта ці будаўніцтва новых комплексаў у гарадах і вёсках", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка:  "Воля беларускага народа — адзіная легітымная сіла, якая павінна выбіраць лёс дзяржавы""Тым самым мы выпрацавалі стратэгію абнаўлення краіны, мадэрнізацыі эканомікі з улікам новых сусветных тэндэнцый. Усё гэта для таго, каб забяспечыць няўхільны рост дабрабыту людзей, дынамічнае развіццё нашай маладой дзяржавы і ўмацаванне яе пазіцый на міжнароднай арэне", — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папрасіў беларусаў прыйсці на выбары.

"Вельмі вас прашу — не расслабляйцеся, не складана ж кожнаму з нас прыйсці на выбары, 19-га гэта ці 18-га, датэрмінова, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Кажуць, не трэба датэрмінова, а мы вас і не штурхаем да гэтага, галоўнае, каб вы прыйшлі на выбары і сказалі сваё слова". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта вельмі важна, каб абараніць краіну. "Гэта галоўная мая функцыя, але без вас я абсалютна бяссільны, — дадаў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу. — Не было б вашай падтрымкі, не было б мяне. Я гэта памятаю, я гэта ведаю, таму галоўнае ў маёй палітыцы — гэта вы".

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ён фактычна не вядзе прэзідэнцкую кампанію. "Калі мне людзі пачынаюць гаварыць, куды б я ні прыязджаў, аб прэзідэнцкай кампаніі, аб падтрымцы, я іх адразу прашу спыніць усялякія размовы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У Магілёве я сказаў публічна ўжо тое, што думаю: гэта не мая прэзідэнцкая кампанія, я пяць гадоў вёў сваю прэзідэнцкую кампанію, да канца лістапада. Цяпер гэта ваша кампанія, гэта вы павінны сказаць сваё слова разам з народам, і самае галоўнае — абараніць тое, што вы зрабілі".

А абараняць ёсць што, падкрэсліў Прэзідэнт. "Самае страшнае, што мы заспакоены, самазаспакоены — усё добра, усё і далей будзе добра, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Будзьце пільныя, усё не так проста, палітычная барацьба — гэта самая цяжкая, часам брудная і няўдзячная, непрадказальная работа. Таму глядзіце, каб праз растапыраныя пальцы не выцекла ўсё тое, што мы з вамі зрабілі за апошнія гады".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не так доўга рухалася наперад — усяго 9-10 гадоў. "Усе астатнія гады мы з вамі куляліся, спрабуючы выратаваць краіну, і толькі на мяжы тысячагоддзя мы неяк адчулі цвёрдую глебу пад нагамі і пачалі рухацца наперад, — дадаў Прэзідэнт. — Таму не 20 гадоў сваёй незалежнасці, як тут некаторыя гавораць, мы нешта робім, мы ўсяго 10 гадоў рухаемся патрошку наперад, і наперадзе ў нас вельмі шмат работы".

Неабходна вельмі дасканала вывучыць і сістэматызаваць усе пытанні, якія прагучалі на Усебеларускім народным сходзе і якія непакояць беларусаў, заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за час работы форуму паступіла вялікая колькасць пытанняў па гарачай лініі, у прыёмную Усебеларускага сходу прыходзілі тэлеграмы, гучалі пытанні ад дэлегатаў. На многія з іх адказы прагучалі ўжо, астатнія будуць абагульнены і па іх таксама будуць прыняты рашэнні. "Гэта я вам абяцаю і нават не хачу даручаць. Таму што аб гэтым ведае і выканаўчая ўлада, гэта пачула і заканадаўчая галіна ўлады. Людзі ўсе вопытныя, прайшлі вялікі жыццёвы шлях. Яны добра разумеюць, што ўсе гэтыя праблемы вырашыць неабходна, хаця б таму, каб нас потым не папракалі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка:  "Воля беларускага народа — адзіная легітымная сіла, якая павінна выбіраць лёс дзяржавы"

Воля беларускага народа — адзіная легітымная сіла, якая можа і павінна выбіраць лёс дзяржавы. І яна не мае патрэбы ні ў якіх знешніх ацэнках, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, заўважыў кіраўнік дзяржавы, не ўсе пытанні будуць вырашаны адразу ж. "На працягу бліжэйшых пяці гадоў мы павінны вырашыць тыя праблемы, за якія адказвае дзяржава. А тыя, якія могуць вырашыць людзі, павінны вырашыць яны самі, і гэта будзе сумленна", — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што нярэдка паступаюць скаргі і прэтэнзіі на работу праваахоўных органаў і суддзяў. "Дрэнна, калі праваахоўныя органы і асабліва суд — вяршыня гэтай піраміды — памыляюцца. Ад іх залежаць лёсы людзей. Але яшчэ горш, калі праваахоўныя органы дапусцілі памылку, а судовыя органы, заўважыўшы яе, не хочуць выпраўляць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я ўсё часцей як кіраўнік дзяржавы вымушаны звяртацца як апошняя інстанцыя да гэтых пытанняў. Часам мне даводзілася папраўляць судовыя органы. Калі людзі маюць рацыю, давайце папросім прабачэння і выправім гэту памылку. Людзі зразумеюць. Таму я вельмі хачу, каб мы ўлічылі гэта адносна не толькі праваахоўнай і судовай сістэмы, а наогул дзейнасці дзяржавы ў цэлым і нас, дзяржаўных служачых, у прыватнасці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Ніхто, акрамя беларускага народа, не можа вырашаць, як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі. І хто будзе прэзідэнтам — вы будзеце вырашаць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што сёння шмат гаворыцца аб зменах. "Вядома, жыццё пастаянна змяняецца, і наша мадэль развіцця дзяржавы прадугледжвае не застылы стан, а пастаяннае ўдасканаленне, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму мы прымаем праграмы мадэрнізацыі і лібералізацыі, праводзім іншыя канструктыўныя змены ў эканоміцы, іншых сферах жыцця. Гэта і ўкладваецца ў паняцце эвалюцыя, але не рэвалюцыя. Як я ўжо гаварыў, іх ліміт Беларусь поўнасцю вычарпала".

Аляксандр Лукашэнка:  "Воля беларускага народа — адзіная легітымная сіла, якая павінна выбіраць лёс дзяржавы"Кіраўнік дзяржавы дадаў, што бяздумная ломка палітычнай сістэмы, з такім намаганнем створанай па крупінках, непрымальная. Адмаўлення "агулам" таго, што ўжо дасягнута беларускім народам, быць не павінна. "Я не кажу, што ў нас ідэальная палітычная сістэма, што на вякі трэба захаваць гэту сістэму, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але пакуль яна дае вынік, яе трэба захоўваць і падтрымліваць". У якасці прыкладу ён прывёў КНР — стратэгічнага партнёра Беларусі. "Дзеючая там палітычная сістэма не перашкодзіла, а хутчэй дапамагла ім праводзіць маштабнае рэфармаванне эканомікі і вывесці краіну ў лідары", — канстатаваў Прэзідэнт.

Гаворачы аб кандыдатах у прэзідэнты, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "сярод іх няма розніцы, яны ўсе аднолькавыя". "Я іх усіх ведаю асабіста, некаторых ад турмы ратаваў, а сёння яны, тыкаючы ў экран, калі ім далі гэту магчымасць, пачынаюць аплёўваць прэзідэнта", — сказаў ён.

Прэзідэнт дадаў, што "самыя празаходнія сёння загаварылі аб рускіх і расіянах". "А што было 15 гадоў таму? Гэтыя ўсе, праўда яны тады на другарадных ролях былі, патроны падносілі, пасадзілі ўсіх рускіх на чамаданы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тады стаяла пытанне: лічылася, што ў нас 25 працэнтаў рускіх, чвэрць насельніцтва Беларусі выселіць і ачысціць Беларусь ад рускага ўплыву. Сёння яны прарасійскія, а чаму — грошы далі".

"Чаму яны такія агрэсіўныя, як вы заўважылі, у апошніх дэбатах з экранаў? — задаўся пытаннем Прэзідэнт. — Яны хочуць паказаць сваім спонсарам — глядзіце, якія мы і што мы сумленна адпрацоўваем грошы. Я вас нядаўна папярэджваў, што грошы дадуць толькі на экстрэмістаў. Усе хочуць разгайдаць нашу сітуацыю і не толькі таму, каб знішчыць нашу краіну, а зрабіць яе рабыняй. Вось гэтага мы не павінны дазволіць нікому. Толькі таму вы павінны прыйсці і прагаласаваць так, як лічыце патрэбным, каб сапраўды за вас ніхто не галасаваў".

Аляксандр Лукашэнка ўспрымае работу і пасаду Прэзідэнта, як самую цяжкую. "Не таму, што яна цяжкая фізічна. Яна цяжкая перш за ўсё маральна. Ты не можаш быць свабодны ніводную гадзіну, ніводную хвіліну, дзе б ты ні быў. Ты не можаш быць у адпачынку. І вытрымаць гэта мне дапамагло толькі тое, што вы (беларускі народ. — Заўвага БЕЛТА) мяне выбралі маладым чалавекам. Калі б мне першыя гады прэзідэнцтва было б хаця столькі, колькі цяпер, — не толькі тры, я б і два тэрміны не вытрымаў такой нагрузкі. Толькі здароўе і маладосць тады яшчэ былі падмогай, і пакуль яшчэ ёсць цяпер", — сказаў ён.

"Вельмі часта гавораць аб тым, што, ну вось, разумееце, паўтара дзясятка гадоў, колькі можна? Ведаеце, гэта мяне вельмі чапляе. Больш скажу — гэта мяне напружвае. Мяне, здаровага, абсалютна сталага ўжо чалавека. Магчыма, я толькі цяпер гатовы выконваць прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў поўным аб'ёме, таму што, яшчэ раз падкрэсліваю, я ведаю ўвесь свет. Тады я яго не ведаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Паверце, я не трымаюся за ўладу, абсалютна, але калі нехта так гаворыць, то ён лічыць, што Прэзідэнт — гэта цар: прыйшоў, у крэсла ўкінуўся і ўсё — трава не расце. Прэм'ер будзе займацца гэтым, кіраўнікі палат парламента — гэтым і г.д. Няпраўда гэта ўсё. Калі Прэзідэнт стане царом, Беларусі не будзе", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Але калі я гавару, што не трымаюся за ўладу, гэта не значыць, што я кіну ўсё на водкуп", — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у свой час з-за непрадуманых радыкальных рэформ, балбатні і безуладдзя была дашчэнту разбурана вялікая дзяржава — Савецкі Саюз. "Тады таксама людзям абяцалі залатыя горы і ад прыватызацыі, і ад супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, — адзначыў ён. — А што атрымалі ў выніку? Цынічнае рабаванне народа, абагачэнне малой кучкі тых, хто прывык лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. А ў гістарычным маштабе — гэта вялікая геапалітычная катастрофа, негатыўныя наступствы якой ужо не адно дзесяцігоддзе перажываюць не толькі нашы, але і іншыя народы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не лічыць сябе старым, але можа назваць сябе аксакалам у палітыцы. Ён не адзін раз бываў практычна ва ўсіх рэгіёнах свету. "Я вельмі многіх ведаю мудрых палітыкаў, на вачах якіх прайшлі падзеі, прынамсі, апошняга паўстагоддзя. І яны ў адзін голас, і нават новыя, заяўляюць аб тым, што, калі б быў Савецкі Саюз, свет быў бы цалкам іншым", — сказаў Прэзідэнт.

"Вось у чым геапалітычная катастрофа. І нам трэба сапраўды рабіць усё, каб тут, як заўсёды было на нашай зямлі, славянскай зямлі, быў цэнтр сілы. Таму што паважаюць толькі моцных. І Беларусь да гэтага гатова", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння ёсць вельмі вялікая небяспека і пагроза страціць тое, што маем. "І таму нам сёння нельга даць сябе падмануць і падмануць наш народ", — лічыць беларускі лідар.

"Мы з вамі, і перш за ўсё я, выбачайце за нясціпласць, ляпілі гэту краіну. Мы яе ляпілі, як маглі. І не было абазначаных шляхоў, па якіх трэба было ісці, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І маем тое, што маем".

Асабліва цяпер, паводле яго слоў, часта даводзіцца чуць выказванні: "Ну што яна нам дала, суверэнная незалежная Беларусь? Можа, не варта педаліраваць на незалежнасці і суверэнітэце?"

"Ніхто гэта не персаніфікуе, але я ж разумею, што гэта, перш за ўсё, у мой адрас. А я і не педалірую. Я вельмі добра разумею, што незалежнасць — рэч адносная", — лічыць беларускі лідар, дадаўшы, што сёння не могуць быць поўнасцю незалежнымі нават такія краіны, як ЗША і Расія, не гаворачы ўжо пра Беларусь. "Незалежнасць і суверэнітэт — гэта толькі тое, што ёсць гэты кавалак зямлі, дадзены нам Богам, і мы, крыху менш за 10 млн нашых людзей, будзем жыць на гэтай зямлі. Мы хочам самі быць гаспадарамі на гэтай зямлі. Вось што мы ў гэта ўкладваем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што калі толькі стаў Прэзідэнтам, краіна "была проста кінута ў бруд". "Я павінен быў яе ўзнімаць, мабілізаваць людзей, весці за сабой і нешта зляпіць", — сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што нават калі штосьці зроблена і няправільна, то краіна не зайшла ў тупік.

Аляксандр Лукашэнка:  "Воля беларускага народа — адзіная легітымная сіла, якая павінна выбіраць лёс дзяржавы""Калі нешта няправільна зрабілі, нам не трэба вяртацца з гэтага тупіка і выходзіць на нейкую прамую дарогу. Мы можам спакойна рухацца па гэтай дарозе і шліфаваць на гэтым шляху і выпраўляць тое, што мы, магчыма, зрабілі няправільна. Гэта самая галоўная наша мудрасць, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Мы ішлі і рабілі наша жыццё, ідучы ад самога жыцця, ідучы ад людзей. Гэта галоўнае ў нашым курсе".

"Нельга дазволіць ламаць або перарабляць узведзены намі агульны дом — нашу Беларусь тым, хто пальцам не паварушыў пры будаўніцтве гэтага дома", — рэзюмаваў беларускі лідар.

Народаўладдзе з'яўляецца важнейшым прынцыпам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі, лічыць Прэзідэнт.

Звяртаючыся да дэлегатаў форуму, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мне вельмі спадабаўся ваш настрой на работу і дружалюбная атмасфера, адчувалася, што дэлегаты разумеюць ускладзены на іх груз адказнасці за рашэнні, якія вызначаюць будучыню краіны. Я спадзяюся, што вы падтрымаеце дзелавую атмасферу зладжанай працы на карысць дзяржавы, што так неабходна для паспяховага вырашэння па-сапраўднаму амбіцыйных задач вываду краіны на больш высокі ўзровень якасці жыцця".

Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць усім дэлегатам за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў. "Я ўпэўнены, вы данесяце да сваіх землякоў, працоўных калектываў той творчы дух, атмасферу ўздыму, упэўненасці, якія панавалі ў гэтай зале", — сказаў ён.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускай дыяспары, кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць за непадробленую цікавасць да тых падзей, якімі жыве сёння іх гістарычная Радзіма. "Памятайце, вам, беларусам, якія па волі лёсу апынуліся за межамі нашай краіны, за нас сорамна не будзе", — заявіў ён. "І калі вы хочаце, каб мы размаўлялі на беларускай мове, мы абавязкова гэта зробім", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Самыя цёплыя словы Прэзідэнт Беларусі адрасаваў гасцям з дружалюбных дзяржаў, якія таксама прысутнічалі на форуме. "Вы — сапраўдныя сябры, якія ніколі не кан'юнктурылі, ніколі не баяліся нават у складаных сітуацыях сказаць добрае слова за нашу краіну", — падкрэсліў ён.

На завяршэнне мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім удзельнікам высокага форуму, іх блізкім, родным і дзецям шчасця, поспеху і дабрабыту.

Паводле матэрыялаў БЕЛТА.

←Лукашенко: неправильно сравнивать меня с царем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика