Аляксандр Лукашэнка: «АБСЕ неабходна выпрацаваць універсальныя стандарты ацэнкі выбараў»

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на саміце АБСЕ ў Астане.

"Многае сказана аб правах чалавека. Калі гаварыць на гэту тэму, трэба гаварыць сур'ёзна. Выбарная праблематыка заўсёды бачная ў дзейнасці АБСЕ. І наогул АБСЕ часам з'яўляецца нейкай дубінай у чыіх-небудзь руках у перадвыбарны перыяд той ці іншай дзяржавы. Стандарты выбараў, пра якія гаворыцца прадстаўнікамі і чыноўнікамі АБСЕ, на жаль, у нас адсутнічаюць. Але спасылка пастаянна на гэтыя стандарты. Таму сёння трэба выпрацаваць стандарты выбараў, і яны павінны быць універсальныя", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, было б лагічна папрацаваць у АБСЕ над зацвярджэннем агульных для ўсіх прынцыпаў назірання за прымяненнем стандартаў выбараў. "На гэтую тэму ўжо ёсць прапановы шэрагу краін", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка: «АБСЕ неабходна выпрацаваць універсальныя стандарты ацэнкі выбараў»

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў у сферы правоў чалавека з'яўляецца пытанне свабоды перамяшчэння. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менавіта з гэтай тэмы фактычна пачалася АБСЕ. "У свой час у Хельсінкі, Мадрыдзе мы ўсе разам добраахвотна прынялі на сябе зусім недвухсэнсоўныя абавязацельствы па спрашчэнні міжасобасных кантактаў і свабоды перамяшчэння, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак сітуацыя значна горшая, чым 11 гадоў таму. Забюракратызаваныя, а часам і адкрыта зневажальныя для чалавечай годнасці працэдуры атрымання віз, іх несуразмерны кошт з'яўляюцца істотнай перашкодай для свабоднага перамяшчэння і кантактаў паміж грамадзянамі нашых краін. Кантактаў, якія як нішто іншае садзейнічаюць росту ўзаемаразумення і даверу".

Беларусь прапануе АБСЕ распрацаваць і зацвердзіць ключавыя прынцыпы супрацоўніцтва ў сферы энергабяспекі.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, большая частка стратэгічных выклікаў перад краінамі датычыцца эканоміка-экалагічнай і энергетычнай бяспекі. "Прапануем распрацаваць і зацвердзіць ключавыя прынцыпы супрацоўніцтва ў сферы энергабяспекі, якія прыводзілі б да агульнай асновы інтарэсы вытворцаў, транзіцёраў і спажыўцоў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.   Беларусь таксама выступае за ўмацаванне ролі АБСЕ ў галіне абароны энергетычнай інфраструктуры, выкарыстання альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энергіі, у забеспячэнні доступу ўсіх краін да перадавых тэхналогій у гэтай сферы, сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, за 11 гадоў пасля Стамбульскага саміту адбыліся кардынальныя змяненні ў нашым рэгіёне, у глабальным маштабе. Свет сутыкнуўся з шэрагам новых выклікаў і пагроз, прынцыпова іншай стала геапалітычная канфігурацыя ў Еўропе.

"Я ўдзельнік ужо трэцяга саміту АБСЕ. На папярэдніх, думаю, і на гэтым, мы прымалі і прымем добрыя рашэнні. І як бы мы ні гаварылі аб значнасці нашай работы, у яе актыў сёння запісаць нам, на жаль, няма чаго. Наўрад ці трэба на гэтым этапе гаварыць, хто вінаваты. Трэба гаварыць, што рабіць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што агульным інтарэсам адпавядае моцная агульнаеўрапейская архітэктура стабільнасці і бяспекі на аснове шырокага кансэнсусу, сапраўднай салідарнасці, партнёрства і ўзаемнай павагі. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што АБСЕ можа і павінна адыграць ключавую ролю ў фарміраванні такой супольнасці бяспекі і стабільнасці. "Каб справіцца з гэтай задачай, сама арганізацыя мае патрэбу ў вельмі сур'ёзнай мадэрнізацыі", — дадаў Прэзідэнт.

"Мы перакананы ў неабходнасці прыняцця Статута і ператварэння АБСЕ ў паўнацэнную міжнародную арганізацыю. Інакш многія з прапаноў аб новых задачах арганізацыі, якія прагучалі ўчора і сёння, застануцца вісець у паветры, як і папярэднія, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Лічым важнымі далейшыя захады па выпраўленні функцыянальных і геаграфічных перакосаў у рабоце нашай арганізацыі".

Паводле яго слоў, трэба актывізаваць работу над удасканаленнем дзейнага інструментарыя АБСЕ ў галіне ўмацавання даверу і бяспекі. Адна з прыярытэтных задач — абнаўленне Венскага дакумента 1999 года. Беларусь прадставіла сваю комплексную прапанову па гэтым пытанні і разлічвае на яе падтрымку, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы паслядоўна выступаем за стварэнне ў зоне адказнасці нашай арганізацыі адзінай сістэмы бяспекі. Гэта дапамагло б даць усім удзельнікам дакладныя і роўныя гарантыі ў названай галіне, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — У прыватнасці, лічым, што ядзерныя дзяржавы — удзельніцы АБСЕ маглі б ужо сёння даць няядзерным краінам-удзельніцам безумоўныя і недвухсэнсоўныя гарантыі бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Учора Беларусь і Злучаныя Штаты прынялі тут, у Астане, сумесную заяву аб сумесных мерах па прадухіленні ядзернага распаўсюджвання, пацвердзіўшы, у тым ліку, ужо існуючыя элементы гарантый. Гэта важны і канкрэтны ўклад у агульную справу стварэння бяспечнай Еўропы і свету".

Беларусь зацікаўлена ў мірным вырашэнні канфлікту ў Грузіі.

"Мы абсалютна мірныя людзі, мы хацелі б, каб нашы браты ў Грузіі — мы ж жылі ў адной дзяржаве, і расіяне, і грузіны — усё-такі знайшлі мірнае вырашэнне гэтага канфлікту, каб там сітуацыя нарэшце супакоілася", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што гэты канфлікт не дабаўляе стабільнасці на Каўказе, і Беларусь хацела б, каб там людзі жылі дастойна, "яны гэтага заслугоўваюць".

Што датычыцца перспектыў прыняцця падагульняючага дакумента саміту АБСЕ ў Астане і таго, як на яго прыняцці могуць адбіцца рознагалоссі Расіі і Грузіі (рашэнні ў АБСЕ прымаюцца на аснове кансэнсусу. — Заўвага БЕЛТА), Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні "трэба будзе шукаць кампрамісы". Паводле яго слоў, ёсць некалькі вострых момантаў, у тым ліку і грузінская тэма. "Калі кампрамісы не знойдзем, то і дакумент не прымем. Таму мне здаецца, што тут трэба будзе яшчэ працаваць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што напружаная работа прадаўжаецца як на ўзроўні экспертаў, так і кіраўнікоў дзяржаў.

Процідзеянне гандлю людзьмі павінна заставацца адным з ключавых прыярытэтаў АБСЕ ў гуманітарнай сферы, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Сярод ключавых прыярытэтаў арганізацыі ў гуманітарнай сферы павінна заставацца процідзеянне гандлю людзьмі — адзін з важнейшых аспектаў абароны рэальных правоў чалавека", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ініцыятывы Беларусі па гэтым пытанні ў ААН добра вядомы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, АБСЕ, маючы даволі сур'ёзны экспертны і арганізацыйны патэнцыял, магла б унесці больш істотны ўклад у рэалізацыю Глабальнага плана дзеянняў ААН у гэтай сферы. "Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы зможам вывесці барацьбу з рабствам ХХІ стагоддзя на якасна новы ўзровень", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Хачу яшчэ раз паўтарыць, што для Рэспублікі Беларусь АБСЕ застаецца адной з ключавых арганізацый у сферы бяспекі на еўраатлантычнай прасторы і ў стварэнні зоны стабільнасці і ўстойлівага развіцця ў рэгіёне адказнасці. Беларусь не на словах, а на справе працуе над тым, каб ўзмацніць практычны багаж бяспекі і захавання інтарэсаў грамадзян нашых дзяржаў — ад ядзернага нераспаўсюджвання да абароны гуманітарных правоў. Мы гатовы і далей аб'ядноўваць свае намаганні на гэтых напрамках з усімі партнёрамі ў АБСЕ", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←Банкноты и банкроты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика