Колькі нам каштуе прэзідэнт? $400 мільёнаў у год!
Афіцыйныя даходы кіраўніка дзяржавы становяцца вядомыя беларусам толькі калі трапляюць у дэкларацыі аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты. Папярэдні раз такая інфармацыя была ў 2005 годзе. Тады кіраўнік дзяржавы зарабіў за год 59 мільёнаў рублёў. У эквіваленце гэта складала каля 20 тысяч еўра.
Цяпер Лукашэнка зарабляе 94,5 мільёна рублёў — каля 24 тысяч еўра.
Але выдаткі краіны на прэзідэнта — гэта не толькі ягоны афіцыйны заробак.
Абслугоўванне прэзідэнта вымагае шмат дадатковых стратаў, і некаторыя з іх прапісваюцца ў бюджэце. Якія менавіта?Першым радком у раздзеле «Агульнадзяржаўная дзейнасць» бюджэту краіны ідуць выдаткі на «дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта». З года ў год гэтая лічба вагаецца ў раёне $12 мільёнаў.
Загадкавы фонд
Адлічэнні ў загадкавы Рэзервавы фонд прэзідэнта нашмат большыя.
У гэтым годзе кожны працаздольны беларус падзяліўся з кіраўніком дзяржавы заробленымі $156.Незразумелы статус грошай дае глебу для спекуляцый.
Вядома, што існуюць два іншыя фонды — для дапамогі юрасобам і індывідуальным прадпрымальнікам і для фінансавання расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі і катастрофамі. Што датычыць прэзідэнцкага фонду, то тут грошы ідуць на падтрымку таленавітай моладзі — выплату павышаных стыпендый, арганізацыю адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў.
«Існаванне прэзідэнцкага фонду, які напаўняецца з бюджэту, а ягоныя грошы размяркоўваюцца прэзідэнтам, — гэта агульная практыка. Такія фонды існуюць у многіх краінах. Напрыклад, у Казахстане 300 студэнтаў атрымліваюць грошы з рук Назарбаева. Усё адно, ці будуць сродкі ісці напрасткі з бюджэту, ці выдавацца з рук прэзідэнта. Іншае пытанне, што ўсе ведаюць пра існаванне прэзідэнцкага фонду, але калі там была апошняя рэвізія і ці былі яны ўвогуле — ніхто не ведае», — кажа незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.
Колькі нам каштуе прэзідэнт? Дадамо, фінансаванне будоўляў, прэмій і стыпендый з прэзідэнцкага фонду актыўна выкарыстоўваецца ў прапагандзе. Так,
нібы гэта не грамадства фінансуе, а асабіста палітык Аляксандр Лукашэнка.Звычайна адлічэнні з бюджэту складаюць каля $100 мільёнаў штогод. Выключэннем стаў гэты год, калі ў выніку пераразмеркавання бюджэту выдаткі на рэзервовы фонд перавысілі $900 мільёнаў!
Нягледзячы на дэфіцыт бюджэту, кіраўнік дзяржавы вырашыў не змяншаць выдаткі на сацыяльная праграмы, даплаціўшы з «уласнай» кішэні. Вось толькі гэтыя грошы былі кампенсаваныя да канца года. Агульная сума, што ўтрымліваецца ў рэзервовым фондзе прэзідэнта, невядомая. Па ўскосных сведчаннях, у сярэдзіне года яна складала каля $2,8 мільярда.
Прэзідэнцкія заўхозы
Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, у адрозненне ад рэзервавага фонду, не «пазычае» грошай дзяржаўнаму бюджэту. Таму сярэднія выдаткі на гэтую ўстанову складалі за апошнюю пяцігодку «ўсяго» $90 мільёнаў.
Выхад з крызіснага 2010 года прадугледжвае, што выдаткі на імперыю прэзідэнцкіх заўхозаў узрастуць больш чым на палову — да $128 мільёнаў. Варта адразу ўдакладніць, што прыведзеныя выдаткі ніяк не пераклікаюцца з забеспячэннем дзейнасці прэзідэнта, бо праходзяць па рознай ведамаснай класіфікацыі.
Кіраўніцтва — гэта камерцыйная структура. І няясна, чаму кожны з нас вымушаны яе так шчодра фінансаваць з уласнай кішэні.Бяспека даражэйшая за дзейнасць
Яшчэ некалькі устаноў маюць да кіраўніка краіны ўскоснае дачыненне. Яднае іх яшчэ адзін факт — усе яны ў 2011 годзе істотна падаражаюць. Напрыклад, Акадэмія кіравання каштавала сёлета $3 мільёны, а ў наступным годзе пацягне на ўсе $3,8 мільёна.
Трэцяя арганізацыя,
Служба бяспекі прэзідэнта, замахваецца на лічбы іншага кшталту. У гэтым годзе яна каштавала амаль столькі ж, колькі «забеспячэнне дзейнасці» кіраўніка дзяржавы — $10,2 мільёна.А вось у наступным вырасце больш чым напалову — аж да $15,7 мільёна! Варта ўдакладніць, што ўсе дадзеныя за 2011 год пералічаныя па курсе 3170 рублёў. Зробім выгляд, што верым лічбам, закладзеным у бюджэце.
Віталь Несцераў