ЗША спадзяюцца ўбачыць у Беларусі значны прагрэс у сферы дэмакратыі
«Для паляпшэння двухбаковых адносінаў ЗША і Беларусі першачарговую важнасць
ЗША, у прыватнасці, спадзяюцца на адпаведнасць выбараў прэзідэнта Беларусі міжнародным стандартам. «У гэтых адносінах станоўчым крокам з’яўляецца рашэнне Беларусі накіраваць запрашэнне значнаму складу міжнародных назіральнікаў для ажыццяўлення назірання за правядзеннем выбараў», — зазначаецца ў заяве.
Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і ЗША таксама пацвердзілі прыхільнасць сваіх краін да справы ядзернай бяспекі і ядзернага нераспаўсюджання.
Беларусь заявіла пра намер ліквідаваць усе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану да наступнага саміта па ядзернай бяспецы, які пройдзе ў 2012 годзе.
Са свайго боку ЗША маюць намер аказаць тэхнічную і фінансавую дапамогу для найхутчэйшага ажыццяўлення гэтых мер.
«Прыняўшы гэтае рашэнне, Беларусь далучаецца да Злучаных Штатаў у міжнародных намаганнях па пераводзе ядзерных установак на выкарыстанне нізкаўзбагачанага ўранавага паліва, што ў XXI стагоддзі становіцца сусветным стандартам», — цытуе прыняты дакумент МЗС.
«Абодва бакі абавязаліся працягнуць сумесную працу ў сферы забеспячэння ядзернай бяспекі, уключаючы павышэнне ўзроўню бяспекі ў Аб’яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў у Беларусі». Мартынаў і Клінтан таксама абавязаліся ўмацоўваць глабальнае супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання ядзернай энергіі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і дадатковымі двухбаковымі дамоўленасцямі, якія могуць быць заключаныя паміж Беларуссю і ЗША», — гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства Беларусі.
«Беларусь таксама аб’явіла пра намер дыверсіфікаваць сваё энергетычнае забеспячэнне шляхам будаўніцтва сваёй першай АЭС грамадзянскага прызначэння, — паведамляе беларускае МЗС. — ЗША падтрымліваюць гэтую дзейнасць, якая ўключае ў сябе спаборны працэс праектавання і будаўніцтва надзейнай і бяспечнай станцыі, што дзейнічае ў адпаведнасці з гарантыямі МАГАТЭ. ЗША таксама падтрымліваюць намаганні Беларусі па найхутчэйшай рэалізацыі гэтага камерцыйнага праекта».
БелаПАН