Мне сорамна за гэту ўладу

Источник материала:  
01.12.2010 10:32 — Новости Политики
У сённяшніх газетах — напр., Звязда і Минский курьер, апублікавана перадвыбарчая праграма кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча,

які вельмі эмацыйна і ярка звярнуўся па БТ да гледачоў вечарам 30 лістапада.

Мне сорамна за гэту ўладу

Апублікаваная праграма таксама вельмі вострая і месцамі жорсткая? Статкевіч зазначае, што выбары, як і папярэднія будуць сфальсіфікаваныя. Радзіма. Гонар. Народ

Дарагія суайчыннікі!

Звяртаюся да Вас, як кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Ваш зямляк, афіцэр.

Звяртаюся да Вас, як прадстаўнік сацыял-дэмакратычнага руху, як грамадзянін, які жыве ў гэтай краіне і бачыць разам з Вамі яе праблемы і дасягненні.

Ёсць гэтыя дасягненні? Гледзячы з чым іх параўноўваць.

А вось праблемы нашай дзяржавы, нашыя з вамі праблемы занадта відавочныя, каб іх не заўважаць.

Буду з вамі сумленным.

Не сакрэт,

што ўлада збіраецца фальсіфікаваць гэтыя выбары, як і ўсе мінулыя.

Цяперашні кіраўнік дзяржавы вельмі баіцца згубіць уладу, якую ён сабе прысвоіў. Мерапрыемства пад назваю «прэзідэнцкія выбары» скончыцца, хутчэй за ўсё, як звычайна. Дыктары абвесцяць Вам узятыя са столі лічбы, якія сведчаць аб «безумоўнай падтрымцы прэзідэнта беларускім народам». Альтэрнатыўным кандыдатам адведзена роля статыстаў у гэтым спектаклі.

Узнікае пытанне, чаму я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах?

Адказваю.

Прэзідэнцкая кампанія — гэта адна з рэдкіх магчымасцяў звярнуцца да выбаршчыкаў праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Людзі павінны ведаць, што існуе альтэрнатыва таму, што яны бачаць штодня на экранах тэлевізараў. Акрамя таго, каб сумленныя і празрыстыя выбары ў рэшце рэшт адбыліся, за гэта трэба змагацца.

Аднаму мне гэтага немагчыма дамагчыся. Мне патрэбна Ваша падтрымка, дарагія суайчыннікі. Што мы разам можам зрабіць, каб перашкодзіць сфальсіфікаваць выбары?

— Адмовіцца ад удзелу ў папярэднім галасаванні. Выбарчыя скрыні на гэтым этапе назіральнікі могуць кантраляваць толькі некалькі гадзін у суткі.

— Абавязкова прагаласуйце, але толькі 19 снежня, у дзень выбараў. Інакш Ваш голас выкарыстаюць за Вас.

— Вы можаце сабраць 10 подпісаў сярод суседзяў і стаць назіральнікам на сваім выбарчым участку.

— Дамагацца, каб камісія лічыла бюлетэні публічна, працэс падліку быў адкрыты для назіральнікаў.

— Прымаць удзел у масавых мерапрыемствах альтэрнатыўных кандыдатаў, каб аказаць уплыў на ўладу і прымусіць яе дэмакратызаваць выбарчы працэс.

Тое, што, з майго пункту гледжання, абавязаны зрабіць дэмакратычна абраны прэзідэнт Беларусі.

Адукаваная нацыя павінна глядзець у будучыню

Вялікі англійскі мысліцель Джон Лок неяк сказаў: будучыня ёсць у таго народа, якому ўрад дае магчымасць падняць вочы і паглядзець наперад. А ў нашых дзяцей ёсць такая перспектыва?

Я выгадаваў і выхаваў дзвюх дачок. Мне, як бацьку, блізкія і зразумелыя праблемы сучаснай моладзі і іх бацькоў.

Рэформа сярэдняй адукацыі, якую нядаўна пачыналі цяперашнія кіраўнікі, прывяла да таго, што беларуская сярэдняя адукацыя ўпала на некалькі ступеняў уніз.

Яна скіравана на тое, каб думаючых, актыўных дзяцей пазбавіць магчымасці паступіць у ВНУ. У найгоршых традыцыях Савецкага Саюза для паступлення на прэстыжныя факультэты патрэбны рэкамендацыі мясцовых выканкамаў.

У выніку гэтай, з дазволу сказаць, «рэформы», рэзка ўзрасла колькасць самазабойстваў сярод вучняў.

Хто за гэта адкажа?

Чаму міністр адукацыі Радзькоў да гэтай пары займае сваю пасаду?

Чаму ніхто не прыцягнуты да адказнасці за гэтыя непісьменныя эксперыменты на нашай моладзі?

Склалася парадаксальная сітуацыя:

Канстытуцыя краіны гарантуе права на бясплатную адукацыю. Але ў рэальнасці існуе заганная практыка, калі шасцёра студэнтаў з дзесяці плацяць за вучобу.

Далёка не ўсім здольным маладым людзям, асабліва з вёсак і малых гарадоў, гэта па кішэні. Адукацыя павінна быць для разумных, а не толькі для багатых.

Тых, каму пашчасціла паступіць у ВНУ на бюджэтнай аснове, чакае прымусовае размеркаванне. Не сакрэт, што маладых педагогаў і медыкаў часта размяркоўваюць у раёны, забруджаныя аварыяй на ЧАЭС. А гэта — генафонд нацыі.

Нам, еўрапейскай дзяржаве, неабходна прывесці сярэднюю і вышэйшую адукацыю ў адпаведнасць са стандартамі Еўразвяза.

Дзяржава павінна стымуляваць імкненне маладых людзей атрымаць якасную адукацыю, у тым ліку і за мяжой.

Прымусовае размеркаванне выпускнікоў ВНУ павінна быць ліквідавана як форма ўзаконенага прыгоннага права.

Эканоміка розуму

Нам дасталася ў спадчыну з савецкіх часоў дастаткова сучасная эканоміка, дзесяткі, калі не сотні тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Не шмат у каго з нашых суседзяў на пачатку 90-х былі такія добрыя стартавыя ўмовы.

На жаль, цяперашняя ўлада нічога не зрабіла, каб выкарыстаць гэты патэнцыял. За дваццаць год большасць вытворчых магутнасцяў знасілася, мала надзяляецца ўвагі падрыхтоўцы маладой змены. Атрыманыя крэдыты і датацыі ад Расіі праядаліся і скарыстоўваліся для прыкормкі прыдворнага бізнэсу.

Элементарны здаровы сэнс падказвае, што эканоміцы, прамысловасці патрэбна мадэрнізацыя. Краіне неабходны інвестыцыі, новыя тэхналогіі.

Але ў каго з’явіцца жаданне ўкладваць грошы ў эканоміку дзяржавы, якая заўтра можа забраць ва ўласніка ўсю яго маёмасць, як ужо не раз бывала?

Бяспраўная залежнасць ад працадаўцы — чарговая праблема працаўнікоў бюджэтнай сферы. З дапамогай кантрактнай сістэмы людзей прымушаюць падпарадкоўвацца і паслухмяна цярпець парушэнне іх права на нармальную працу і годнае жыццё.

Неабходна рэфармаваць заканадаўства так, каб людзі маглі спакойна працаваць і сумленна плаціць падаткі.

Кантрактная сістэма павінна быць ліквідавана.

Замежным інвестарам, якія гатовы развіваць у нашай краіне высокатэхналагічныя вытворчасці, павінны быць прадстаўлены падатковыя льготы і дзяржаўныя гарантыі захоўвання іх правоў на ўласнасць.

Тварам да людзей

Па выніках сацапытанняў толькі 22 працэнты нашых грамадзян ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча як задавальняльнае.

Напэўна, Вы кожны дзень назіраеце высокапастаўленых чыноўнікаў. Дакладней, іх абыякавасць, хамства, дарагія машыны і ўласныя дамы за высокім плотам.

Складваецца ўражанне, што гэта каста жыве ў нейкай іншай краіне, якая існуе толькі на экране тэлевізара.

У той час мільёны простых, працавітых і цярплівых беларусаў ледзьве зводзяць канцы з канцамі, атрымліваюць мізэрныя заробкі і пенсіі. Мільёны забытых уладай людзей. Уладай, якую яны не выбіралі.

Афіцыйная прапаганда сцвярджае, што беспрацоўных у нас практычна няма. На самай справе, беспрацоўным проста няма сэнсу рэгістравацца ў цэнтрах занятасці, таму што дапамога па беспрацоўю складае максімум 70 000 рублёў.

Мне, як грамадзяніну Беларусі, сорамна за гэтую ўладу.

Выбраныя падчас сумленных выбараў органы ўлады павінны забяспечыць годны ўзровень жыцця кожнаму грамадзяніну нашай краіны.

Павінны быць вернуты льготы сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва, пенсіі і дапамога па беспрацоўю — жорстка прывязаны да ўзроўню сярэдняга заробку.

Улада, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, павінна быць падкантрольнай народу. Гэтага можна дамагчыся шляхам сумленных і празрыстых выбараў. Для гэтага неабходна змяніць выбарчае заканадаўства так, каб галасы выбаршчыкаў, Вашы галасы, сапраўды лічылі.

Хацелася б нагадаць дзейнай уладзе словы Франкліна Дэлано Рузвельта: «Калі вы хочаце ацалець — праводзьце рэформы».

***

Статкевіч Мікалай Віктаравіч. Кандыдат тэхнічных навук, спецыяліст у галіне кіравання. Падпалкоўнік запаса. Нарадзіўся 12.08.1956 г. у Слуцкім раёне ў сям’і настаўнікаў.

Закончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча. Служыў у Запаляр’і. Абараніў кандыдацкую дысертацыю і выкладаў у МВІЗРВ.

У 1993 годзе публічна выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), па ўмовах якой Беларусь павінна была адпраўляць сваіх салдат на чужыя войны. За гэта быў звольнены з войска за месяц да плануемай абароны доктарскай дысертацыі.

Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку яго патрабаванняў беларускі парламент падпісаў дадзеную дамову з умовай не пасылаць нашых салдат у «гарачыя кропкі».

Актыўна заняўся палітыкай. У 1996 г. быў абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), якая абараняе інтарэсы людзей працы, пенсіянераў, малога бізнэсу і моладзі.

Лідэр барацьбы за незалежнасць нашай краіны. Арганізаваў і ўзначаліў дзясяткі шматтысячных дэманстрацый у абарону дэмакратыі і суверэнітэту. Шмат разоў арыштоўваўся, супраць яго былі заведзены крымінальныя справы. У зняволенні трымаў доўгатэрміновыя галадоўкі. 2 гады правёў на «хіміі». У 1999 годзе ўзначаліў 50-тысячны Марш Свабоды, пасля чаго спыніліся выкраданні і забойствы палітыкаў, гандаль незалежнасцю краіны.

З 2003 г. узначальвае Еўрапейскую кааліцыю, у якую ўваходзіць шэраг партый, прафсаюзных, жаночых і маладзёжных арганізацый. Аўтар многіх работ у галіне паліталогіі, міжнародных адносін. Вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Кангрэсам «Еўрапейскай кааліцыі», у якім брала ўдзел больш за 700 дэлегатаў.

Вырасціў і выгадаваў дзвюх дачок.

Сайт у глабальнай сетцы Інтэрнет stаtkеvісh.оrg

Падзяліцца навіной: 
Звязда

←Тезисы предвыборной программы Николая Статкевича

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика