Кіраўнік штаба Някляева: Магчыма, апазіцыя зможа самастойна правесці экзіт-пол

Источник материала:  
30.11.2010 10:21 — Новости Политики

Кіраўнік штаба Някляева: Магчыма, апазіцыя зможа самастойна правесці экзіт-пол

«Новак» і «Левада-Цэнтр»экзіт-полаў не правядуць.

Прэзідэнцкія выбары-2010 могуць прайсці без незалежных экзіт-полаў. Прынамсі, ніводная незалежная сацыялагічная служба не гатовая за гэта ўзяцца.

Кіраўнік незалежнай сацыялагічнай лабараторыі «Новак», Андрэй Вардамацкі кажа: «Такой магчымасці цяпер папросту няма».

Правесці экзіт-полы ў Беларусі маглі б замежныя сацыялагічныя службы. У 2006-м такую спробу рабіў аўтарытэтны расійскі «Левада-Цэнтр». Праўда, тады апытанне ўпёрлася ў паўсюдны страх. Людзі масава адмаўляліся адказаць.

Сёлета, як паведаміў нам адказны дырэктар «Левада-Цэнтра» Аляксей Гражданкін, такіх прапановаў ім пакуль не паступала: «А калі і будуць, мы адмовімся. Арганізацыя экзіт-полаў у вашай краіне патрабуе некалькіх месяцаў. Часу ўжо не засталося».

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары», у якую ўваходзяць самыя ўплывовыя палітычныя сілы, Сяргей Калякін, кажа, што ў межах кампаніі правядзення незалежных экзіт-полаў не плануецца: «У нас такіх мэтаў няма. Мэта нашай кампаніі — арганізаваць назіранне за выбарамі».

А вось Аналітычны цэнтр «Экаом», блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта, выказаў жаданне рабіць апытанне на выхадах з участкаў. «Мы будзем праводзіць экзіт-полы. Аб гэтым нават Ярмошына афіцыйна заявіла», — паведаміў «НН» яго кіраўнік Сяргей Мусіенка.

Аналітычны цэнтр «Экаом» быў адной з дзвюх структур (разам з сацыялагічнай службай Камітэта міжнародных моладзевых арганізацый), якія ладзілі апытанні ля ўчасткаў у 2006 годзе. Тады, паводле дадзеных «Экаом», экзіт-полы аддалі Лукашэнку 82% галасоў, што мала адрознівалася ад вынікаў ЦВК. Малаверагодна, што сёлета вынікі экзіт-полаў аналітычнага цэнтра «Экаом» будуць моцна разыходзіцца з вынікамі, агучанымі Ярмошынай.

На думку кіраўніка выбарчага штабу Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева, адмова лабараторыі «Новак» звязаная з ціскам з боку ўлады. «Новак» пад пагрозай знішчэння. На іх наклалі штраф у 70 мільёнаў рублёў. Зразумела, што яны перад складаным выбарам», — кажа А.Дзмітрыеў.

Кіраўнік штабу Някляева не выключае, што апазіцыя зможа самастойна правесці экзіт-полы: «Усе ведаюць, што такое „Экаом“, як ён працуе. А нам трэба незалежныя лічбы».

Падзяліцца навіной: 
Алесь Пілецкі

←Някляеў наскардзіўся міністру замежных спраў Швецыі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика