Аляксандр Лукашэнка: "Палітыка ўмоў з боку ЕС ніколі не знойдзе разумення ў Беларусі"

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада даў інтэрв'ю французскай газеце "Фігаро".

Аляксандр Лукашэнка адказаў больш як на 30 пытанняў журналіста французскага выдання, якія датычыліся адносін Беларусі з Еўрасаюзам і Францыяй, беларуска-расійскага супрацоўніцтва, а таксама ў цэлым праводзімай беларускай дзяржавай знешняй палітыкі. "Фігаро" з'яўляецца буйнейшай французскай штодзённай агульнапалітычнай газетай. Цяпер тыраж "Фігаро" складае каля 400 тыс. экзэмпляраў.

На пытанне журналіста выдання, ці не расчаравана кіраўніцтва краіны стаўленнем да Беларусі Еўрапейскага саюза, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы больш чым расчараваны. Мы наогул часам не разумеем, чаго хоча Еўрапейскі саюз". "Мы робім усё для таго, каб у нас былі нармальныя адносіны з нашым заходнім суседам. Усе нашы ініцыятывы не толькі апошняга часу, але і раней былі накіраваныя на ўстанаўленне добрых адносін з Еўрапейскім саюзам. Чаму Еўрапейскі саюз такім чынам рэагуе на нашы ініцыятывы, гэта зноў жа пытанне да іх, а не да нас", — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Мы добрыя вучні, мы гатовы ў вас вучыцца ўсяму таму, што адпавядае інтарэсам беларускага народа, і таму, што не стварае праблем нашым суседзям, гэта значыць Еўрапейскаму саюзу, Украіне, Расіі, іншым народам свету. Мы гатовы ў гэтым напрамку вучыцца ў вас".

"Але палітыка Еўрапейскага саюза на тое, каб нас пастаянна трымаць у напружанні і ставіць перад намі ўмовы, а тое і падштурхоўваць нас да дзеянняў, да якіх мы, мякка кажучы, не гатовы з-за аб'ектыўных прычын, гэта палітыка ў нас ніколі не знойдзе разумення, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Еўрапейскі саюз павінен гэта ўлічваць".

"Я думаю, што калі б французскаму Прэзідэнту Нікаля Сарказі задалі такое пытанне і Францыя была ў такім жа становішчы, як Беларусь, ён бы адказаў гэтак жа", — заўважыў беларускі лідар.

"У нас ёсць краіна, у нас ёсць народ, мы аб'явілі, што гэтай беларускай дзяржаве быць суверэннай і незалежнай. Гэта падтрымлівае Захад. Таму мы будзем забяспечваць наш суверэнітэт і незалежнасць і дзейнічаць перш за ўсё ў інтарэсах нашага беларускага народа, таму што мы як краіна і народ, які жыве ў гэтай краіне, маем свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы, нас ніхто ў гэтым папракнуць не можа, ніяк не супярэчаць Еўрапейскаму саюзу".

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь гатова наладжваць адносіны з ЕС у любым фармаце: "Давайце наладжваць адносіны. Хочаце — у рамках "Усходняга партнёрства", хочаце — непасрэдна Еўрапейскі саюз — Беларусь, хочаце — Францыя — Беларусь, як вам зручна".

"Мы хацелі б развіваць адносіны з Французскай Рэспублікай і будзем іх развіваць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многае залежыць і ад французскага боку. "Усё гэта залежыць не ад нас, а ад вас. Будзе ў вас жаданне і імкненне супрацоўнічаць з Беларуссю, мы неадкладна на гэта адкажам", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не лічыць, што расійскае кіраўніцтва да гэтага часу мае планы па ўключэнні Беларусі ў склад Расіі.

"Тое, што расійскае кіраўніцтва хацела б уключыць у склад Расіі Беларусь, напэўна, вы аб гэтым добра ведаеце, вы гэта чулі. Але я не думаю, што расійскае кіраўніцтва да гэтага часу вось так тупа прытрымліваецца гэтых мэт", — сказаў Прэзідэнт журналісту французскага выдання.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны ў Беларусі і Расіі "як былі, так і засталіся". "Ніякага рэзкага пагаршэння адносін няма, таму што гэта не патрэбна ні Расіі, ні нам", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дадаў, што ў Расіі ёсць у Беларусі ваенна-палітычныя, стратэгічныя інтарэсы.

"Але Расія дапускае тыя ж памылкі, што і Еўрапейскі саюз. Трэба ўлічваць рэаліі. Трэба ўлічваць, што ёсць дзяржава і народ, беларуская дзяржава і беларускі народ. І для любога Прэзідэнта, хто б тут ні быў, гэта святое — абараняць гэтыя інтарэсы", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Уся складанасць у тым, што мы знаходзімся паміж гэтымі вялікімі двума монстрамі: Еўрапейскім саюзам і Расіяй. І ў кожнага ёсць свае інтарэсы на тэрыторыі Беларусі, — сказаў беларускі лідар. — Мы згодныя з тым, што і ў вас, і ў Расіі ёсць свае інтарэсы на нашай зямлі. Але мы толькі заўсёды просім і патрабуем ад нашых партнёраў, каб яны ўлічвалі і нашы інтарэсы, нашага беларускага народа, і разумелі, што тут жыве народ і існуе дзяржава".

Што ж датычыцца прычын таго, што сустрэча Прэзідэнта Беларусі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у час яго знаходжання ў Мінску не адбылася, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "мы і не планавалі гэту сустрэчу".

На пытанне журналіста газеты, ці дапамагае Расія частцы беларускай апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Гэта так, і мы гэта ведаем. У нас ёсць факты. Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў — гэта людзі, якія сёння фінансуюцца Расіяй".

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, цяперашнія апазіцыйныя кандыдаты не гатовы весці перадвыбарную кампанію. "Калі прэзідэнцкая кампанія для іх ілюзія, то, калі ласка, у іх ёсць права не прымаць удзел у гэтай ілюзіі. А калі яны сапраўдныя палітыкі, то трэба браць адказнасць на сябе і змагацца за гэту пасаду..."

Ён расказаў, што чуў выступленні некаторых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне. На яго думку, "на выбары трэба ісці з дабром і народу прапаноўваць дабро". "Столькі злосці, колькі зыходзіць сёння ад іх, прывядзе толькі да таго, што яны запалохаюць людзей і даб'юцца таго, што людзі наогул за іх галасаваць не будуць", — сказаў Прэзідэнт. "Таму выліваць вось гэту злосць у народ з экрана — гэта не беларускі варыянт", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб магчымасці супрацоўніцтва ўлады з апазіцыяй, Аляксандр Лукашэнка не выключыў такой сітуацыі. Аднак, паводле яго слоў, зыходзіць неабходна з пазіцыі паляпшэння жыцця людзей. "Я Прэзідэнт краіны і прадстаўляю сёння ўвесь народ. Калі нейкаму грамадзяніну, або групе людзей, або нейкай партыі зручна і хочацца супрацоўнічаць з дзеючай уладай, у тым ліку з Прэзідэнтам, калі ласка. У аснове гэтага павінна ляжаць найперш паляпшэнне жыцця людзей", — сказаў ён.

"Наша так званая апазіцыя пакуль дзейнічае з пазіцыі "чым горш — тым лепш": чым горш для народа — тым лепш для іх. На такіх асновах я не толькі з апазіцыяй, але ў тым ліку і з любымі іншымі грамадзянамі Беларусі або замежнымі дзяржавамі супрацоўнічаць не буду. Мая мэта — паляпшэнне жыцця людзей, а не пагаршэнне", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён таксама адзначыў, што калі апазіцыянеры "хочуць і гатовы дзейнічаць у плане той палітыкі, якая сёння праводзіцца ў Беларусі, і яны здольны па сваіх магчымасцях працаваць на нейкай пасадзе, калі ласка".

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←В интервью Le Figaro Лукашенко рассказал, кто финансирует белорусскую оппозицию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика