У Беларусі пашырана кола асоб з правам рэалізацыі закладзеных зямельных участкаў
У Беларусі пашырана кола асоб, якія маюць права рэалізацыі закладзеных зямельных участкаў (правоў арэнды зямельных участкаў) у адпаведнасці з парадкам, устаноўленым дэкрэтам ад 1 сакавіка 2010 года № 3 "Аб некаторых пытаннях залогу маёмасці". Такое змяненне ўнесена дэкрэтам № 9, выдадзеным Прэзідэнтам Беларусі 22 лістапада.
Згодна з дэкрэтам № 9 такім правам нараўне з банкамі-залогатрымальнікамі змогуць скарыстацца таксама іншыя залогатрымальнікі: Міжнародная фінансавая карпарацыя, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а ў выпадках, вызначаных заканадаўчымі актамі Прэзідэнта, — іншыя арганізацыі. Гэта змяненне абумоўлена тым, што ўказам ад 3 жніўня 2010 года № 402 адпаведным чынам быў пашыраны пералік юрыдычных асоб, якія маюць права прыняцця ў залог зямельных участкаў, што знаходзяцца ў прыватнай уласнасці (права арэнды зямельных участкаў).
Дэкрэт уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання, з'яўляецца часовым і прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Беларусі.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.