"Адно акно" для інвестараў
Урад павінен выпрацаваць дакладную і эфектыўную сістэму работы па прыцягненні ў краіну прамых замежных інвестыцый. З адпаведным патрабаваннем выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 лістапада на нарадзе па пытанні стварэння і дзейнасці Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.
"Мэта перад агенцтвам пастаўлена дакладна — аптымізаваць усе працэсы і стаць для інвестараў тым "адным акном", якое дапаможа ім асвойваць беларускі рынак, а нам — нарошчваць эканамічны патэнцыял", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што ёсць шмат нараканняў на работу ўлады з інвестарамі як на рэгіянальным, так і рэспубліканскім узроўні. Дзелавыя людзі скардзяцца на валакіту і бюракратычныя перашкоды з боку органаў кіравання. "Сапраўды, бізнэсменам яшчэ да пачатку рэалізацыі інвестпраектаў трэба атрымаць шэраг дазволаў і ўзгадненняў розных міністэрстваў, абласных, гарадскіх, раённых выканкамаў і іншых арганізацый. Часта на гэта патрабуецца не менш як паўтара-два гады", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
З другога боку, заўважыў Прэзідэнт, ад кіраўніцкіх структур паступаюць скаргі на пасіўнасць і неабавязковасць інвестараў, на іх завышаныя прэтэнзіі. "Відаць, ёсць і тое, і другое", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што для зняцця любых перашкод на шляху інвестараў, аператыўнага вырашэння іх праблем, надання сістэмнасці гэтай рабоце апошнім часам унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства. Прадастаўлены льготныя ўмовы як для пачатку дзейнасці, так і для ўсяго працэсу рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Акрамя таго, у краіне пайшлі на стварэнне спецыялізаваных структур і інстытутаў, якія павінны актывізаваць прыток капіталаўкладанняў у Беларусь, у прыватнасці ўвялі інстытут інвестыцыйных агентаў.
Рашэнне сфарміраваць новую рэспубліканскую структуру (Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі) прынята з улікам рэкамендацый аўтарытэтных міжнародных фінансавых і крэдытных арганізацый. На яго ўскладаюцца дзве важнейшыя задачы: эфектыўная практычная работа з інвестарамі і адпрацоўка тэхналогіі прыватызацыі дзяржаўных аб'ектаў.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне ў неабходнасці стварэння агенцтва: "Скажу шчыра: я да гэтага часу не ўпэўнены, што мы робім правільна, капіруючы чужы вопыт, што яно нам абавязкова дапаможа пашырыць інвестыцыі".
Урад ужо двойчы ўносіў на ўзгадненне праекты Статута агенцтва і шэрагу дакументаў, якія датычацца структуры, штатаў, арганізацыі работы і ўзаемадзеяння яго з іншымі дзяржаўнымі органамі.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што яго хвалюе, ці не паўторыць новае агенцтва памылак свайго папярэдніка, на базе якога яно, па сутнасці, ствараецца, ці не будзе гэта яшчэ адной бюракратычнай структурай, якая не спросціць, а ўскладніць шлях інвестараў у беларускую эканоміку. Аляксандр Лукашэнка выказаў таксама сумненне ў тым, ці зможа агенцтва наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі дзяржаўнымі органамі ў цэнтры і ў рэгіёнах, з дырэктарамі прадпрыемстваў, ці не будзе гэта структура дадатковым цяжарам для рэспубліканскага бюджэту. "І галоўнае: што дасць краіне гэта структура ў бліжэйшы час і ў перспектыве? — адзначыў Прэзідэнт. — Ствараючы агенцтва, мы можам зняць адказнасць з міністэрстваў, ведамстваў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Вельмі небяспечна, каб мы рэальную работу з інвестарамі не падмянілі стварэннем якой-небудзь канкрэтнай, можа, нават і важнай структуры".
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных на нарадзе, заклікаў іх паглядзець на пытанне шырэй і глыбей, чым толькі стварэнне агенцтва.
Як было адзначана ўдзельнікамі нарады, пытанне прыцягнення ў краіну прамых замежных інвестыцый цяпер становіцца першачарговай задачай. У будучай пяцігодцы неабходна забяспечыць штогадовы прыток такіх інвестыцый у эканоміку рэспублікі ў суме $6-7 млрд. Важна таксама не ўпусціць час і скарыстацца перавагамі ў рамках Мытнага саюза для прыцягнення ў Беларусь буйных стратэгічных інвестараў.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што стварэнне агенцтва не павінна азначаць, што з урада, міністэрстваў, губернатараў, мясцовых органаў улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць знята адказнасць за работу па прыцягненні інвестыцый. "Не могуць 12 дзяржслужачых ахапіць усю работу ў маштабах усёй краіны. Што перашкаджае цяпер працаваць?" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у пытанні прыцягнення інвестыцый не вычарпалі свой рэсурс урад і мясцовыя ўлады. "Прыцягненне інвестыцый — важнейшы напрамак дзейнасці ўрада, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Агенцтва — гэта маленькая прапанова ў вялікай рабоце па мадэрнізацыі краіны".
Што датычыцца стратэгіі прыватызацыі, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яна ўжо вызначана. "Мяняць мы нічога не маем намеру, тым больш жыццё пацвердзіла, што гэта правільная палітыка — кропкавая прыватызацыя. Не ўсеагульная, а кропкавая, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Палітыка прыватызацыі вызначана, і, пакуль я Прэзідэнт, я ніколі не пайду на тое, каб ажыццяўляць прыватызацыю так, як гэта было ў нашых суседзяў".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што сёння неабходна выпрацаваць дакладную і эфектыўную сістэму работы па прыцягненні інвестыцый. "Урад сёння павінен займацца толькі інвестыцыямі. А потым уборкай, сенажом і іншае — мы гэта ўжо наладзілі, — сказаў беларускі лідар. — Я хачу, каб у маштабах краіны ўрад выпрацаваў гэтыя меры і адказваў за гэта і каб у іх гэта было пытанне нумар 1".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на сённяшні дзень нельга сказаць, што агенцтва або ўпраўленне па інвестыцыях зжыло сябе як падраздзяленне Міністэрства эканомікі. "Значыць, яно павінна там і функцыянаваць, — адзначыў Прэзідэнт. — Я не бачу неабходнасці выводзіць гэта агенцтва. Хочаце яго называць агенцтвам — калі ласка. Адказнасць павінна быць міністра эканомікі і прэм'ер-міністра, а дакладней, напэўна, усё-такі ўрада".
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што можна прадумаць сістэму паказчыкаў, па якіх урад і міністэрствы рабілі б справаздачу аб праводзімай імі рабоце па прыцягненні інвестыцый.
"Давайце разглядаць пытанне інвестыцый у маштабе краіны, як аснову мадэрнізацыі нашай эканомікі. Калі трэба дашліфаваць нарматыўна-прававую базу — давайце дашліфуем, калі патрэбны адказны, хто гэтым будзе займацца, — давайце вызначаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.