Аляксандр Лукашэнка: "Трэба толькі адно — увага да чалавека і жаданне яму дапамагчы"

Источник материала:  

Максімальна аблегчыць вырашэнне пытанняў, з якімі людзі сутыкаюцца штодня, — адна з найбольш прыярытэтных задач у нашай краіне. І зроблена ў гэтым напрамку шмат, прыняты шэраг захадаў, якія закліканыя забяспечыць даступнасць, прастату і аператыўнасць вырашэння надзённых праблем кожнага беларуса. Згадаем, у прыватнасці, дырэктыву Прэзідэнта № 2 "Аб захадах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату", якая дазволіла ўстанавіць жорсткае патрабаванне з чыноўнікаў за фармалізм, непавагу да грамадзян і абыякавасць да іх патрэб. Для многіх кіраўнікоў менавіта гэта стала падставай для таго, каб пачуць голас простага чалавека. Разам з тым, станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку часам перакрэсліваюцца масай недахопаў у працы чыноўнікаў са зваротамі грамадзян. Гэта паказаў і маніторынг стану работы дзяржаўных органаў па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў насельніцтва, які праводзіўся па распараджэнні кіраўніка дзяржавы. Для таго каб адкрыта сказаць пра існуючыя тут праблемы, вызначыць шляхі іх вырашэння і абудзіць актыўнасць чыноўнікаў, Аляксандр Лукашэнка ўчора правёў нараду аб павышэнні эфектыўнасці працы са зваротамі грамадзян.

Пачалася яна нетрадыцыйна: напрамую да Прэзідэнта звярнуліся некалькі простых грамадзян са сваімі праблемамі, да якіх чыноўнікі на месцах засталіся глухімі. Напрыклад, спадарыня Сінюк з Мінска папрасіла ў Аляксандра Лукашэнкі дапамогі пасля таго, як вось ужо на працягу сямі месяцаў пасля звальнення з прыватнага прадпрыемства не можа атрымаць цалкам зарплату за адпрацаваны там час. Прэзідэнт загадаў паставіць гэтае, як і іншыя пытанні, якія былі агучаны людзьмі падчас прамога ўключэння, на кантроль і на працягу бліжэйшых дзён вырашыць...

Нарада на такім узроўні была праведзеная ўпершыню ў гісторыі нашай краіны. І абумоўлена гэта, паводле слоў Прэзідэнта, двума асноўнымі фактарамі. Па-першае, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэта актуальнасць тэмы для ўсяго насельніцтва краіны з пункту гледжання заяўленай палітыкі "Дзяржава для народа". "Трэба выразна разумець, што для людзей важныя не столькі паказчыкі ВУП, колькі тое, што маштабныя дзяржаўныя праграмы ўплываюць на іх жыццё, садзейнічаюць вырашэнню надзённых жыццёвых праблем, — заўважыў кіраўнік краіны. — У сваю чаргу, для ўсёй сістэмы дзяржаўнай улады жыццёва важна ўдасканальваць канал зваротнай сувязі па найбольш вострых праблемах, якія непакояць людзей". "Па-другое, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, — на сённяшні дзень мы маем пэўны і, трэба сказаць, немалы вопыт, які дае магчымасць рабіць абгрунтаваныя высновы пра эфектыўнасць нашай работы ў названым напрамку. А на падставе гэтых высноў мы можам унесці неабходныя карэктывы. Жыццё не стаіць на месцы. Тое, што было добра яшчэ ўчора, сёння ўжо мае патрэбу ва ўдасканаленні".

Звяртаючы ўвагу прысутных на бюракратызм, які часам прысутнічае ў працы чыноўнікаў, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтая з'ява мае шмат абліччаў і яна жывучая. "Як толькі мы дзесьці выпускаем з-пад увагі гэту праблему, яна абвастраецца і псуе жыццё многім людзям, — сказаў Прэзідэнт. — Часу і сіл на ліквідацыю яго праяў спатрэбіцца шмат, але ўжо сёння відаць, што вынікі гэтай работы знаходзяць шырокі грамадскі водгук, які сведчыць пра своечасовасць прынятых намі захадаў. Сведчаннем таго з'яўляюцца звароты ў дзяржаўныя органы". Таксама, дадаў Аляксандр Лукашэнка, падчас яго рабочых паездак па рэгіёнах непасрэдныя сустрэчы з людзьмі даюць магчымасць меркаваць пра стаўленне прадстаўнікоў органаў улады да патрэб і спадзяванняў простых людзей. Гэта датычыцца ўсяго спектра пытанняў — ад сацыяльнай падтрымкі сям'і да праблем адукацыі і аховы здароўя. І часта пытанні не патрабуюць значных фінансавых расходаў. "Трэба толькі адно: увага да чалавека і жаданне дапамагчы яму, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Аднак на практыцы менавіта гэтага і не хапае. У верхніх эшалонах улады з лёгкасцю спускаюць звароты грамадзян на месцы або, як кажуць, ганяюць чалавека па вялікім крузе інстанцый. А на месцах абыходзяцца здзеклівымі адпіскамі або, горш таго, накіроўваюць скаргу на рэагаванне таму, на каго людзі скардзяцца. Ніякай тут аб'ектыўнасці і ўвагі чакаць не даводзіцца, а людзі ж спадзяюцца на справядлівасць улады". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў і той момант, што гэтая нарада павінна стаць зыходным пунктам па далейшым павышэнні эфектыўнасці гэтай шматпланавай і маштабнай дзейнасці. Мерапрыемства, паводле яго слоў, дасць магчымасць канчаткова вызначыцца, на якім этапе шляху мы знаходзімся цяпер і куды нам рухацца далей у пытаннях работы са зваротамі грамадзян.

Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад чыноўнікаў не расказваць пра разуменне імі важнасці гэтай тэмы. "Сам узровень нарады сведчыць пра тое значэнне, якое надаецца пытанням дэбюракратызацыі ў нашай дзяржаве", — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што размова будзе сур'ёзная і прынцыповая. "Не выпадкова, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, — на нараду запрошаныя ўсе вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Словам, менавіта тыя службовыя асобы, на якіх ляжыць адказнасць за ўзровень і якасць работы з насельніцтвам".

Як было агучана на нарадзе, штогод у органы дзяржаўнай улады звяртаецца каля аднаго мільёна чалавек. Прычым пытанні, якія закранаюць у сваіх зваротах грамадзяне, датычыцца шырокага спектра праблем, сярод якіх пераважная большасць — сацыяльная сфера. Тэмай жа, якая тут лідзіруе, з'яўляюцца скаргі на працу арганізацый сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Перш за ўсё людзей не задавальняе якасць праведзенага бягучага і капітальнага рамонту, арганізацыя водазабеспячэння, узровень добраўпарадкавання тэрыторый. Аднак найбольшае абурэнне ў людзей выклікаюць безадказнасць і расхлябанасць работнікаў ЖКГ: больш як 80 працэнтаў скаргаў указвае на гэты фактар. На працягу шэрагу гадоў назіраецца і рост колькасці скаргаў па пытаннях будаўніцтва жылля. За 9 месяцаў гэтага года аб'ём пошты па гэтай тэматыцы перавысіў 25 тысяч зваротаў. У раёнах, дзе вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва, удзельная вага скаргаў дасягае 30 працэнтаў ад агульнай колькасці. У гэтай сувязі па даручэнні кіраўніка дзяржавы ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі і Мінску была арганізаваная работа "гарачых тэлефонных ліній" па пытаннях якасці будаўніцтва жылля. Найбольшая колькасць нараканняў прыходзілася на кошт жылля, якасць і тэрміны ўводу ў эксплуатацыю жылых дамоў. Асаблівую трывогу ў людзей выклікае ўвод жылых дамоў, якія не забяспечаныя газам, электраэнергіяй і іншымі рэсурсамі.

Зонай павышанай сацыяльнай напружанасці застаецца сфера аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Сёлета толькі ў Міністэрства і падведамасныя арганізацыі паступіла 25 тысяч зваротаў. Паводле матэрыялаў сацапытання, грамадзян перш за ўсё не задавальняе наяўнасць чэргаў у паліклініках — на гэта ўказалі 46,3 працэнта, фармальныя адносіны да пацыентаў — 37,1 працэнта, недахоп вузкіх спецыялістаў — 36,2 працэнта. У сферах адукацыі, транспарту, сувязі, гандлю і бытавога абслугоўвання сельскага насельніцтва парушэнні набылі хранічны характар. У прыватнасці, вяскоўцы з года ў год просяць адрамантаваць дарогі, па якіх не могуць праехаць ні аўталаўкі, ні машыны "хуткай дапамогі", указваюць на недахопы ў водазабеспячэнні, нізкую якасць гандлёвага і бытавога абслугоўвання. Скардзяцца на "старасць" сельскіх школ, у якіх больш за 30 гадоў не было рамонту, і складанасці падвозу дзяцей у дзіцячыя садкі і школы. Што ж датычыцца сельскіх выканкамаў, то яны абмяжоўваюцца толькі рэгістрацыяй і перасылкай скаргаў у райвыканкамы, якія, у сваю чаргу, не заўсёды рэагуюць на іх. Усё вышэйзгаданае, лічыць Прэзідэнт, кажа пра тое, што пакуль работа службовых асобаў са зваротамі грамадзян не адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца.

"Улада, — падкрэсліў ён, — павінна забяспечваць штодзённы клопат аб людзях". Таму Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг канкрэтных задач і катэгарычна запатрабаваў іх выканання. Так, паводле яго слоў, улада павінна стаць даступнай і інфармацыйна адкрытай для грамадзян. Адсутнасць у працы чыноўнікаў апошняга патрабавання прыводзіць да таго, што людзям часам даводзіцца абапірацца на нейкія чуткі, што, зразумела, выклікае негатыўную рэакцыю ў грамадстве. Таксама кіраўнік дзяржавы мяркуе, што павінны быць рэалізаваныя сацыяльныя стандарты з магчымай карэкціроўкай, аднак не ў бок іх спрашчэння. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адказнасць за работу са зваротамі грамадзян павінны ўзяць на сябе усе механізмы ўлады. І грамадскія аб'яднанні — прафсаюзы, арганізацыі ветэранаў, БРСМ і іншыя — не павінны заставацца ўбаку. Гэта датычыцца і дэпутатаў усіх узроўняў, работа якіх са зваротамі грамадзян з'яўляецца адной з галоўных. "У адстойванні правоў грамадзян не бачная роля Генеральнай пракуратуры", — заўважыў Прэзідэнт. Таму ён даручыў Генпракуратуры ўзмацніць нагляд за захаваннем заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←Большие не должны забывать о маленьких

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика