Яцэк Пратасевіч: Пакуль сітуацыя вакол Еўранеста застаецца тупіковай
«Пазіцыя палітычнай групы, якую прадстаўляю я, — Еўрапейскай народнай партыі — ясная. Мы лічым непрымальным у Еўранесце ўдзел беларускага парламента, бо ён не прызнаецца міжнароднай супольнасцю дэмакратычна абраным», — заявіў Пратасевіч.
Паводле яго слоў, «дыскусія з партнёрамі — прадстаўнікамі парламентаў іншых краін Усходняга партнёрства — працягваецца». «І некаторыя з іх спрабуюць пераканаць нас змяніць сваю пазіцыю. Але шанцаў на гэта няма. Таму, верагодна, ці хутка мы пачнем без тых, хто не падзяляе погляд Еўрапарламента, ці запуск Еўранеста будзе адкладзены надалей», — адзначыў еўрадэпутат.
Такім чынам, лічыць ён, «некаторыя дэлегацыі могуць не аб’явіцца на першай сесіі Еўранеста». «Прыйсці і прыняць удзел — рашэнне кожнага асобнага парламента. Але, паўтаруся, канчатковага рашэння яшчэ няма, разглядаюцца розныя варыянты. У тым ліку пачаць з працы спецыяльнай працоўнай групы», — сказаў Пратасевіч.
«Трэба мець на ўвазе, што Еўрапарламент — орган, які вядзе глабальную дзейнасць, — нагадаў старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю. — І тая вельмі ўдалая і станоўчая сітуацыя пяцігадовай даўніны ў палітычным жыцці не працягваецца доўга. Гаворка пра ўвагу Еўрапарламента да Беларусі ў 2005 годзе, у асноўным дзякуючы пазіцыі польскіх еўрадэпутатаў, але не толькі».
«Грамадзяне Беларусі і лідары апазіцыі павінны разумець, што пастаянна прыцягваць увагу Еўрасаюза да Беларусі вельмі няпроста, —падкрэсліў дэпутат. — І калі яны маюць пэўны давер, то не павінны губляць яго праз унутраны разлад, а часам сваркі паміж сабой. Такія адносіны ў апазіцыі не разумеюцца ні Еўрапарламентам, ні Еўрасаюзам у цэлым».
«Найбольш важнае — быць аб’яднанымі і мець вельмі ясную стратэгію, чым быць раз’яднанымі. Спрачацца палітычным сілам адно з адным па розных пытаннях — нармальная штодзённая практыка ў дэмакратычных краінах. Але не для Беларусі», — заявіў Пратасевіч.
Андрэй Серада, БелаПАН