Аляксандр Лукашэнка: "На адукацыю і ахову здароўя дзяржава грошай не пашкадуе"
Пра гэта ўчора на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця анкалагічнай дапамогі ў Беларусі, якая прайшла па выніках наведвання РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што было вырашана запрасіць на гэту нараду не толькі анколагаў, але і прадстаўнікоў іншых напрамкаў у медыцыне. "Заўсёды на любой нарадзе, асабліва пры прыняцці сур'ёзных рашэнняў, павінны быць альтэрнатыўныя пункты гледжання, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Заўсёды павінны быць людзі, якія гэтак жа гераічна працуюць па іншых напрамках: сардэчна-сасудзістыя захворванні, транспланталогія, траўматалогія і гэтак далей. Таму што размова ідзе аб мільярдах, можа, нават не рублёў, а долараў, і прымаць рашэнні трэба заўсёды ўзважана, каб яны былі збалансаваны".
Паводле слоў Прэзідэнта, нягледзячы на прымаемыя меры, праблема росту колькасці анкалагічных захворванняў у Беларусі, як і ў іншых еўрапейскіх дзяржавах, пастаянна абвастраецца. Адным з негатыўных фактараў у гэтай сферы з'яўляюцца наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Гэта страшная хвароба паражае і дзяцей, і дарослых. Дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі пакутуюць ад розных відаў ракавых пухлін. Статыстыка паказвае, што смяротнасць насельніцтва ад такіх захворванняў вельмі высокая і ўступае толькі сардэчна-сасудзістым хваробам, якія наносяць найбольшы сацыяльна-эканамічны ўрон грамадству", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У пытанні развіцця сістэмы аховы здароўя ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў паралель з тымі рашэннямі, якія прымаліся для развіцця сельскай гаспадаркі. У абодвух выпадках вялася размова аб рэалізацыі комплексных праграм, і прымяняльна да аховы здароўя неабходна было аптымізаваць сістэму медыцынскіх устаноў у Беларусі.Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, такая аптымізацыя і аснашчэнне медустаноў рознага ўзроўню сучасным абсталяваннем і інфраструктурай практычна завершаны. "Жыццё ідзе, змяняецца. Дзесьці, можа, фельчарска-акушэрскі пункт не патрэбен, а дзесьці новы патрэбен, дзесьці бальніца патрэбна была, а сёння — не. Дзесьці аперацыі на ўзроўні раённых бальніц мы не рабілі, а цяпер павінны рабіць", — сказаў беларускі лідар.
Практычна ўсе раённыя бальніцы ўжо аснашчаны неабходным абсталяваннем. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў такіх установах аховы здароўя неабходна, перш за ўсё, звярнуць увагу на гінекалогію і хірургію. "Для гэтага мы павінны былі стварыць самыя сучасныя аперацыйныя цэнтры ў раённых бальніцах, рэанімацыі і вызначыць тыя віды паслуг, якія павінны аказвацца ў раённай бальніцы. Як мне дакладваюць, гэта на сённяшні дзень зроблена, за выключэннем, можа, адной-дзвюх бальніц", — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў: "Больш складанае мы пераносім на абласны ўзровень і ствараем у абласных цэнтрах больш высокі ўзровень дапамогі нашым людзям". І гэты працэс таксама блізкі да завяршэння. У сваю чаргу трэці, самы высокі ўзровень аказання меддапамогі — гэта розныя РНПЦ, якія павінны вызначацца самым высокім узроўнем тэхнічнага аснашчэння і дзе павінны працаваць суперспецыялісты. "Каб усё гэта завяршыць, нам яшчэ трэба год, максімум два, у будучай пяцігодцы", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Пры ўсіх недахопах і памылках мы вызначыліся і зрабілі асноўнае. Заўтра мы будзем кропкава па пэўных напрамках фінансаваць развіццё аховы здароўя — найбольш важных, такіх, як сардэчна-сасудзістыя захворванні, анкалагічныя, траўматалогія", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Адзін з перадавых напрамкаў у развіцці медыцыны, якому, паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі быць, — гэта развіццё клетачных тэхналогій і геннай інжынерыі. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, у шэрагу выпадкаў з іх дапамогай можна нават пазбегнуць неабходнасці перасадкі органаў.
"Мы вызначыліся, якім шляхам ісці. Гэта дарагога каштуе, гэта самае галоўнае", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы ведаеце маю пазіцыю: адукацыя, ахова здароўя, можа, нават у такой паслядоўнасці, а можа, яны і ўпоравень ідуць. Здаровы адукаваны чалавек патрэбны дзяржаве. Таму ў гэта мы грошы ўкладаць будзем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што дзяржава і далей будзе павялічваць сацыяльны складнік бюджэту. "І апошнія грошы будзем траціць, каб выратаваць чалавека, каб зрабіць яму нармальным жыццё, даць яму нармальную адукацыю. Але будзем рабіць кропкава, першая кропка, першы напрамак — гэта анкалогія", — дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці стварэння ў Беларусі сістэмы абавязковага медыцынскага страхавання.
"Наша далейшая стратэгія — гэта, стварыўшы аснову, сканцэнтравацца на галоўных напрамках развіцця аховы здароўя. Я не хачу гаварыць, што мы не будзем праводзіць рэформу аховы здароўя, што мы не пойдзем, як бы гэта непапулярна ні гучала, на медыцынскія страхоўкі, добраахвотныя, абавязковыя і г.д. Людзей паціху трэба прывучаць да таго, што самае дарагое для нас — гэта здароўе", — сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, здароўе да гэтага часу так і не стала для чалавека самым дарагім. "У бальніцу можна прыйсці адпачыць. Я не хачу пакрыўдзіць старых, але ёсць такія, асабліва ў начальнікаў бацькі: пазваніў, — ну, шпіталізуйце, трэба ж даглядаць маму, тату. Шпіталізуйце, і яна будзе 1,5 месяца ў бальніцы знаходзіцца, а ёй проста можна было лячыцца і даглядаць яе дома. І гэта ёсць — ад гэтага мы, можа, не адразу пазбавімся, але трэба пазбаўляцца", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што "бальніца павінна быць тым месцам, дзе лечаць людзей". "І рашэнне павінны прымаць не ўлады, не начальнікі, а ўрачы", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Адсюль, паводле яго слоў, вынікае і пытанне аб неабходнасці будаўніцтва ў краіне дадатковых бальніц. "Ці будзем мы яшчэ якія-небудзь бальніцы будаваць, ці патрэбны яны, калі мы аптымізуем тое, што ў нас сёння ёсць. Таму мы засяродзім сваю ўвагу на асноўных балючых напрамках — там, дзе мы павінны ўкласці грошы. Грошы ёсць, мы іх не пашкадуем", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць раннюю дыягностыку найбольш важным напрамкам у развіцці анкалагічнай дапамогі.
"Навошта хваробу заводзіць у тупік, каб пасля адтуль выкарабквацца", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да дырэктара РНПЦ Вольгі Алейнікавай. Ён падкрэсліў, што, дзе неабходна, у гэтым пытанні трэба "напружваць уладу", каб стварыць умовы для абследавання і ранняга дыягнаставання анказахворванняў, у першую чаргу ў дзяцей. "Дзеці паміраць не павінны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта наша галоўная задача, і тут мы павінны зрабіць усё — ні грошай не пашкадаваць, ні будоўляў. Дзеці — гэта пытанне нумар адзін".
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Вольгі Алейнікавай, што яшчэ неабходна зрабіць у краіне для эфектыўнай барацьбы з анказахворваннямі. Паводле яе слоў, за апошнія гады ўжо шмат зроблена, і айчынная медыцына ў гэтай сферы ўваходзіць у дзясятку лепшых у Еўропе. Адзінае, што неабходна, на думку дырэктара РНПЦ, — гэта набыццё пазітронна-эмісійнага тамографа (ПЭТ), вельмі важнага для ранняй дыягностыкі захворванняў. Кошт гэтага абсталявання складае каля 6 млн еўра, і такі прыбор патрэбны ўсяго адзін на ўсю рэспубліку.
Як было даложана Прэзідэнту, плануецца, што ў найбліжэйшай будучыні і гэта праблема будзе знята. Гаворачы аб поспехах, дасягнутых у Беларусі ў сферы барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі ў дзяцей, Вольга Алейнікава адзначыла, што, калі яна прыйшла ў анкалогію больш як 30 гадоў таму, сярэдняя працягласць жыцця дзіцяці, хворага на рак, была каля месяца. Цяпер жа амаль 75 працэнтаў дзяцей з гэтай страшнай хваробай поўнасцю вылечваюцца.
Дырэктар цэнтра таксама расказала, што ў хуткім часе побач з РНПЦ плануецца пабудаваць пансіянат на 100 месцаў, дзе будуць жыць бацькі юных пацыентаў. Кіраўнік дзяржавы адобрыў гэту ідэю, падкрэсліўшы, што бацькі павінны мець магчымасць знаходзіцца побач са сваімі дзецьмі.
Гаворачы аб развіцці медыцыны ў цэлым і анкалагічнай дапамогі ў прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што грошы трэба лічыць, накіроўваць туды, куды гэта сёння неабходна, фінансуючы першачарговыя праекты. Прэзідэнт Беларусі наведаў некалькі аддзяленняў РНПЦ, аперацыйны блок, пагутарыў з пацыентамі і іх бацькамі. Ён таксама агледзеў гульнявы пакой, дзе ў гэты час праходзілі заняткі дзяцей з педагогамі. Дзякуючы індывідуальнаму навучанню пасля выздараўлення дзеці могуць весці не толькі паўнацэннае жыццё, але і вярнуцца ў свой клас. У гэтым жа гульнявым пакоі ўстаноўлены два ноўтбукі, перададзеныя ў дар РНПЦ ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Праз інтэрнэт дзеці атрымаюць дадатковую магчымасць для сувязі з бацькамі.
Падчас наведвання РНПЦ Аляксандр Лукашэнка таксама пагутарыў з дзяўчынай, якая некалькі гадоў таму атрымала лячэнне ў гэтай установе і поўнасцю выздаравела. Штогод у цэнтры высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу атрымліваюць да 5 тыс. пацыентаў.
Зарплата ўрачоў павінна залежаць у першую чаргу ад іх прафесійнага ўзроўню, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў пытанні заработнай платы ўрачоў "не будзе ўраўнілаўкі". "Так, у нас ёсць пакуль праблемы з маладымі ўрачамі. Нам трэба падумаць, як іх яшчэ падтрымаць, — адзначыў Прэзідэнт. — Не будзем падтрымліваць маладога ўрача — не будзе свяцілаў".
"Калі размова ішла аб заработнай плаце, мы доўга думалі, як плаціць. Але нельга ўраўнілаўкай займацца. Трэба суперурачам плаціць суперзарплату, сярэднім — сярэднюю, ну а тых, якія яшчэ не падцягнуліся да гэтага, мы не можам ураўнаваць са свяціламі. Гэтага нельга рабіць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, сёння ў Беларусі вызначана кола з прыкладна 50 розных відаў аперацый, за правядзенне якіх дзяржава плаціць значныя грошы.
БЕЛТА.