Рада ЕС падоўжыла і санкцыі, і мараторый
Пад дзеянне мараторыя не трапляюць пяць чалавек — былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войск МУС Дзмітрый Паўлічэнка, два былыя міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.
***
Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, к 2006 году спіс узрос да 41 чалавека.Першымі ў спіс трапілі чатыры прадстаўнікі сілавых структур, якія мелі дачыненні, на думку ЕС, да знікнення ў Беларусі ў 1999–2000 гадах апазіцыйных палітыкаў, — гэта Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка.
У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрый Падабед.
У красавіку 2006 года спіс быў пашыраны да 37 чалавек: у яго трапіў і Аляксандр Лукашэнка, адказны, на думку ЕС, за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Крыху пазней да гэтага рашэння далучыліся яшчэ каля 10 краін, якія не ўваходзяць у ЕС.
У кастрычніку 2006 года ў спіс неўязных былі ўключаны яшчэ чатыры чыноўнікі: суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор Аляксандру Казуліну, а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун — за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі «Партнёрства».
У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС упершыню прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 чыноўнікаў. З таго часу Еўрасаюз некалькі разоў прымаў рашэнне аб прадаўжэнні санкцый і адначасова аб мараторыі на іх прымяненне. Пры гэтым на пецярых чалавек дзеянне мараторыя не распаўсюджвалася.
Паводле БелаПАН