Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу двух тыдняў дапрацаваць новую рэдакцыю Канцэпцыі нацбяспекі

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора правёў пасяджэнне Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь па пытанні "Аб зацвярджэнні новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і дакументаў, звязаных з яе рэалізацыяй". Па выніках пасяджэння кіраўнік дзяржавы даў даручэнне на працягу двух тыдняў дапрацаваць новую рэдакцыю канцэпцыі з улікам меркаванняў членаў Савета бяспекі і прадставіць яму на зацвярджэнне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

"Для ўстойлівага развіцця нашай дзяржавы гэта адзін з найбольш значных дакументаў. Ён замацоўвае сутнасць і змест шматграннай дзейнасці па забеспячэнні балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, па іх абароне не толькі ад патэнцыяльных, але і рэальных пагроз", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што папярэдняя рэдакцыя канцэпцыі датуецца 2001 годам і яна адыграла сваю станоўчую ролю. Тады даволі поўна былі вызначаны напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, створана метадалагічная аснова пабудовы і функцыянавання сістэмы нацыянальнай бяспекі.

Разам з тым у другое дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя Беларусь уступае ў прынцыпова новай геапалітычнай рэальнасці. "Сістэма міжнародных адносін, якая склалася з часоў заканчэння Другой сусветнай і халоднай войнаў, адыходзіць у мінулае. Трансфармацыі, што адбываюцца ў свеце, беспрэцэдэнтныя па маштабах і дынаміцы. Складаныя працэсы абумоўлены з'яўленнем новых цэнтраў сілы, саперніцтвам за доступ да прыродных рэсурсаў, хуткімі тэмпамі тэхналагічнай эвалюцыі, усё ўзрастаючым значэннем інфармацыйнай сферы і абвастрэннем глабальных праблем чалавецтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта прымушае па-новаму расстаўляць акцэнты, комплексна і прагматычна разглядаць пытанні нацыянальнай бяспекі ва ўсёй іх разнастайнасці і цеснай узаемасувязі".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не менш актуальнымі ва ўмовах глабалізацыі становяцца і пагрозы, якія ўзнікаюць далёка ад граніц Беларусі. Прыклад гэтага — сусветны фінансава-эканамічны крызіс. "Стан існуючай глабальнай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, прававых інструментаў яе забеспячэння не выклікаюць аптымізму. Усё больш абгрунтаванымі ўяўляюцца апасенні аб далейшых перспектывах сусветнай стратэгічнай стабільнасці", — падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што наступствы сусветнага крызісу выявілі шэраг праблем, якія здаваліся раней абстрактнымі і далёкімі, а таму на сучасным этапе больш нельга кіравацца ўстарэлымі поглядамі і шаблонамі. Новае гучанне апошнім часам атрымалі экалагічныя, гуманітарныя і інфармацыйныя пагрозы. "Сучасныя тэхналогіі ўздзеяння на масавую свядомасць часам аказваюць больш разбуральны эфект, чым прымяненне традыцыйнай зброі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.   Паводле яго слоў, абвастрыліся праблемы бяспекі і ў палітычнай сферы. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў "паўзучай" дэградацыі ўжо існуючых сістэм і механізмаў у гэтай галіне, у выкарыстанні на міжнароднай арэне стратэгіі, метадаў, прыёмаў, якія нацэлены на стварэнне розных перашкод устойліваму развіццю іншых дзяржаў. "Гэта, дарэчы, непасрэдна датычыцца і нашай краіны".

Таксама не зніжаецца небяспека, якая зыходзіць ад экстрэмізму і тэрарызму. Беларусь, як паказваюць адзінкавыя, але ад гэтага не менш сумныя выпадкі, таксама не стала выключэннем.

"На гэтым фоне падыходы да забеспячэння бяспекі Беларусі аб'ектыўна не могуць заставацца нязменнымі. Узрастае значнасць дыягностыкі і маніторынгу разнапланавых праблем. Неабходна дакладна вызначыцца з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі, з тым, як іх абараняць у новых умовах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзейныя ў краіне механізмы ў гэтай сферы патрабуюць удасканалення. Перш за ўсё трэба надаць іх рабоце папераджальны характар".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пералічаныя аргументы сталі вырашальнымі, калі прымалася рашэнне аб неабходнасці падрыхтоўкі новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

"А для аматараў паразважаць аб уяўнай кан'юнктурнасці дзяржаўных рашэнняў хачу падкрэсліць, што гэта работа (падрыхтоўка новай рэдакцыі канцэпцыі) была пачата яшчэ ў снежні мінулага года. А адпаведныя навуковыя пошукі вяліся на працягу апошніх трох гадоў. Таму ніякай прамой сувязі з цяперашняй палітычнай сітуацыяй тут няма і быць не можа", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, новая рэдакцыя канцэпцыі павінна не толькі захоўваць пераемнасць з папярэдняй, але і ўлічваць змяненні, што адбыліся ў свеце і краіне за мінулыя гады. "Гэты дакумент таксама павінен быць не проста канцэптуальнай, як вынікае з самой назвы, але і метадалагічнай базай для далейшых рашэнняў і дзеянняў усіх дзяржаўных органаў, — лічыць Прэзідэнт. — Але гэтага мала. Патрэбна практычная, прыкладная накіраванасць. Трэба ацаніць цяперашні стан нацыянальнай бяспекі, без якой не бывае ні развіцця, ні працвітання, вызначыць, куды нам далей рухацца ў гэтай галіне".

"Як абараніць нашы інтарэсы? Які павінен быць алгарытм работы ўсёй сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі са з'яўленнем тых або іншых пагроз? Якія пры гэтым месца і роля кожнага ў нашым грамадстве — ад Прэзідэнта, урада да канкрэтнага чалавека, грамадзяніна?" — такія пытанні паставіў кіраўнік дзяржавы перад удзельнікамі пасяджэння.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва падкрэсліў, што нельга забываць і аб палітычным гучанні канцэпцыі. "Яна павінна паказаць сусветнай супольнасці транспарэнтнасць і прадказальнасць нашай палітыкі, надзейнасць Беларусі як адказнага партнёра і донара бяспекі".

У цэлым кіраўнік дзяржавы падтрымаў праект канцэпцыі, які быў унесены на разгляд Савета бяспекі. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на пытанні эканамічнай бяспекі, падкрэсліўшы, што яна з'яўляецца асновай забеспячэння бяспекі краіны.

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі, што з'яўляецца важнейшай задачай, якая стаіць перад дзяржавай на бліжэйшую перспектыву. На думку Прэзідэнта, статус дэмаграфічнай бяспекі параўнальны з іншымі відамі бяспекі, такімі як эканамічная або палітычная.

У новай рэдакцыі канцэпцыі таксама ўводзіцца паняцце "нацыянальныя інтарэсы", якія вызначаюцца як баланс інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. У сваю чаргу паняцце "небяспека" мае тры ўзроўні: рызыка, выклік і пагроза. Для кожнага з іх прапісаны агульны алгарытм дзеянняў. Таксама ў дакуменце вызначаны індыкатары, якія даюць магчымасць ацэньваць стан нацыянальнай бяспекі.

Праектам новай рэдакцыі канцэпцыі прадугледжваецца штогадовы комплексны даклад дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Прэзідэнту аб стане нацыянальнай бяспекі і мерах па яе ўмацаванні.

←Александр Лукашенко поручил в течение двух недель доработать новую редакцию Концепции национальной безопасности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика