Ірландскі палітолаг: Асноўныя падзеі ў Беларусі пачнуцца пасля выбараў

Источник материала:  
13.10.2010 08:15 — Новости Политики
Для змены існуючага палітычнага рэжыму ў Беларусі неабходна болей, чым проста павышэнне коштаў
Ірландскі палітолаг: Асноўныя падзеі ў Беларусі пачнуцца пасля выбараў
Донака О'Бікан (Donnacha Ó Beacháin)  - доктар філасофіі (PhD) у галіне паліталогіі, выкладчык Школы права і кіравання Дублінскага ўніверсітэта. Займаецца вывучэннем трансфармацыйных працэсаў на абшарах былога СССР.

З 2000 па 2002 год жыў і працаваў у Грузіі, з 2002 па 2003 - ва Узбекістане, з 2004 па 2007 - выкладчык Казахстанскага інстытута мэнэджменту, эканомікі і стратэгічных даследаванняў (Алма-Ата). У верасні 2008-го атрымаў 3-гадовы грант ад Еўракамісіі на даследаванне феномену "каляровых рэвалюцый".

Пад ягонай рэдакцыяй у брытанскім выдавецтве Routledge нядаўна
выйшаў зборнік The Colour Revolutions in the Former Soviet Republics. Successes and Failures ("Каляровыя рэвалюцыі ў былых савецкіх рэспубліках. Удачы і паразы").

У Беларусі быў двойчы - у 2009-м і летам 2010 года.
на энерганосьбіты або некалькі паспешліва зробленых дакументальных фільмаў з састарэлымі абвінавачваннямі. Такую думку ў эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту TUT.BY выказаў аўтарытэтны даследчык “каляровых рэвалюцый”, доктар паліталогіі Дублінскага ўніверсітэта Донака О'Бікан.
 

“Трываласць беларускай улады - з’ява хісткая”

 
- Ужо не першы год у Беларусі думаюць над тым, як палепшыць імідж краіны за мяжой. Над гэтым працуюць і Міністэрства замежных спраў, і брытанскія лорды з замежнымі PR-кампаніямі. Ці рэальна, на вашу думку, дасягнуць прарыву ў гэтым пытанні без сур'ёзных палітычных рэформаў у самой Беларусі?

- Няма сумневу, што ўлады сочаць за тым, як за мяжой ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі. Чыноўнікі лічаць, што існуе "інфармацыйны вакуум" пра Беларусь. Аднак гэта не зусім так. Проста, выглядае, даволі зручна прадстаўляць справу, быццам негатыўныя ацэнкі палітычнага рэжыму звонку ёсць вынікам недахопу інфармацыі аб краіне.
 
У жніўні я некалькі тыдняў правёў у Беларусі. Гэта быў ужо мой другі візіт у вашу краіну і мяне ўразілі дзве рэчы.
 
Па-першае, урад мае большую папулярнасць у беларусаў, чым думае большасць людзей на Захадзе. Калі я кажу “папулярны”, гэта зусім не абавязкова азначае, што людзі ад яго ў дзікім захапленні. Аднак, калі яны сутыкаюцца з існуючымі альтэрнатывамі, многія аддаюць перавагу захаванню статус-кво. Часцей прачуеш “Справы маглі б быць і горш” замест “Усё павінна быць лепей”.
 
Па-другое, падаецца, што трываласць беларускай улады - з’ява даволі хісткая. Падтрымка народам ураду ў асноўным грунтуецца на асобе Лукашэнкі, а не на нейкай ідэалогіі альбо сістэме каштоўнасцяў. Поспех уладаў, такім чынам, вельмі прывязаны да асабістага лёсу прэзідэнта. Акрамя таго, падтрымка наймацнейшая сярод тых слаёў насельніцтва, якія аб’ектыўна маюць тэндэнцыю да скарачэння - пенсіянеры і сельскія жыхары. Сярод гарадской моладзі яна значна меншая .

Тым не менш, захаваць і кансалідаваць уладу ў краіне цягам 16 год - выдатнае дасягненне, і канца яму пакуль не бачна. Калі папулярнасць ураду яшчэ вагалася, то рэйтынг Лукашэнкі па-ранейшаму застаецца высокім. 
 

“Флірт з Захадам можа апынуцца контрпрадуктыўным”


- Ці можна прадказаць вынік нябачанага дагэтуль беларуска-расійскага супрацьстаяння? Ці азначае гэта, што пры цяперашнім кіраўніцтве адносіны дзвюх краінаў больш ніколі не будуць гэткімі блізкімі, як раней?
 
- Разрыў адносін быў нечаканым для большасці назіральнікаў. Не ў апошнюю чаргу праз свой публічны і жорсткі характар.

Калі Расія і Беларусь рассталіся ў 1991 годзе, гэта быў адносна дружалюбны палітычны развод. Расія можа мірыцца з тым, што Беларусь жыве асобна, але яна не пацерпіць ніякіх саюзаў з дзяржавамі-канкурэнтамі. Калі працягнуць метафару шлюбу, Расія ставіцца да Беларусі наступным чынам: “Мы ведаем, што, напэўна, ужо ніколі не будзем жыць разам, і, магчыма, гэта добра, але зусім не значыць, што мы пацерпім, каб вы пабраліся шлюбам з некім іншым".

Вось чаму флірт прэзідэнта Лукашэнкі з Захадам, і, у прыватнасці, з Еўразвязам, можа ў выніку апынуцца контрпрадуктыўным. Думаю, ён робіць гэта, каб паказаць Расіі, што мае альтэрнатывы. Але ў рэшце рэшт, можа сутыкнуцца з тым, што Захад пераймаецца геапалітычнай арыентацыяй Беларусі менш, чым Крэмль. Акрамя таго, як стала зразумела ў апошні час, Пуцін і Мядзведзеў маюць схільнасць прымаць асабістыя крыўды значна бліжэй, чым іх заходнія калегі, чые ўспаміны карацей, калі ідзецца пра Беларусь і менш важныя інтарэсы.
 
Ды і сам канфлікт ляжыць не столькі паміж Расіяй і Беларуссю, колькі ў асабістых адносінах Лукашэнкі і тандэму Пуцін-Мядзведзеў.
 
- Якія фактары могуць падштурхнуць прэзідэнта Беларусі пачаць рэальнае збліжэнне з Еўропай?

- Усярэдзіне Еўразвяз трымаецца на спалучэнні агульных каштоўнасцяў і асабістых інтарэсаў. На дадзены момант ані Беларусь не адказвае крытэрыям ЕЗ, ані ваш ўрад не выказаў зацікаўленасць у гэтым. Тым часам увядзенне бязвізавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕЗ было б надзвычай важный ініцыятывай, якая б істотна садзейнічала паляпшэнню ўзаемадзеяння і змяншэнню бар'ераў падазронасці.

- Ці можна сказаць, што толькі дзякуючы канфлікту з Расіяй у рыторыцы прэзідэнта Беларусі з’явіўся прынцыповы незалежніцкі акцэнт, што раней было характэрна толькі для апазіцыі?

- Незалежнасць ды суверэнітэт і раней былі неад’емнымі складнікамі прамоваў Аляксандра Лукашэнкі. Але ў асноўным яны падкрэслівалі незалежнасць ад Захаду і рашучасць супрацьстаяць ціску з боку ЗША і Еўропы, якія быццам бы імкнуліся змяніць стыль і змест ягонага кіравання. Навізна ў тым, што цяпер тыя ж аргументы выкарыстоўваюцца для адпору былых саюзнікаў з Крамля. 
 

“Крэмль аддае перавагу знаёмаму чорту перад незнаёмым”


- Чаго вы чакаеце ад прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі?
 
- Большасць аналітыкаў упэўнена прадказвае вікторыю Лукашэнкі. Адсутнасць адзінага кандыдата ад апазіцыі, а таксама вялікая колькасць асобаў і праграмаў будуць спрыяць ягонай пераканаўчай перамозе. Нягледзячы на наяўнасць унушальных і адданых асобаў у апазіцыі, ніводзін з супернікаў дзейнага прэзідэнта ні пры якіх раскладах не здольны атрымаць больш за чвэрць галасоў выбаршчыкаў.
 
Гуляе на карысць Лукашэнкі і канфрантацыя з Расіяй. Прычым, выступаючы як абаронца незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў ад Масквы, Лукашэнка пазбавіў адной з галоўных казырных карт тую ж апазіцыю, якая гадамі сцвярджала, што ён раб Масквы, якой заклаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі.
 
­- Якой можа быць роля Крамля ў выбарчай кампаніі?

- У адрозненне ад спекуляцыяў і чутак ў некаторых колах, я не думаю, што Крэмль будзе адыгрываць вырашальную ролю. Ключавым пытаннем стане не геапалітычная арыентацыя, але эканоміка.

Палітычныя адносіны з Расіяй з'яўляюцца асноватворнымі, але не вызначальнымі. Не першы раз палітык выйграе ад таго, што пазіцыянуе сябе абаронцам краіны ад знешніх ворагаў...
 
Ходзяць чуткі, што Крэмль падтрымлівае некаторых апазіцыйных кандыдатаў. Складана ў гэта паверыць, бо наўрад ці яны будуць так рызыкаваць. Калісьці Масква не пераносіла грузінскага прэзідэнта Эдуарда Шэварнадзэ і рабіла ўсё, каб адхіліць яго ад улады. Аднак ягоная замена на Саакашвілі ў выніку пайшла ў разрэз з інтарэсамі Расіі. Крэмль аддае перавагу знаёмаму чорту перад незнаёмым, як кажуць у ангельскай мове.
 
Пры гэтым яны, відавочна, стаміліся ад пастаянных газавых спрэчак, у якіх Расія (з іх гледзішча) субсідуе Беларусь, а наўзамен атрымлівае толькі салодкія словы пра вечную адданасць. Крэмль не бачыць ў Лукашэнку вечнага саюзніка. Але казаць, што яны страцілі цікавасць да яго - не тое самае, што яны хочуць яго змясціць.
 

Кіргізскі сцэнар для Беларусі?

 
- Цяперашнія падазрэнні Расіі ў жаданні зрынуць Лукашэнку вельмі падобныя да тых, што гучалі пасля краху кіргізскага прэзідэнта Бакіева ў красавіку. Як і ў выпадку з Лукашэнкам, тады была маштабная атака расійскіх СМІ на Бакіева, ягоную сям’ю абвінавачвалі ў карупцыі. Акрамя таго, Крэмль падвысіў кошты на энэргарэсурсы, якія наўрост ударылі па кіргізскіх спажыўцах. Гэта і стала апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення жыхароў Кыргызстана, што вылілася ў масавыя пратэсты і адстаўку Бакіева.
 
Аднак той факт, што дзеянні Расіі паскорылі яго падзенне, не азначае, што Масква арганізоўвала вулічныя акцыі, якія да гэтага прывялі. На маю думку, яны проста перасталі клапаціцца пра лёс Бакіева з таго часу, як ён ператварыўся з саюзніка ў нязручнасць. Пацвярджэннем стала адмова Крамля даць прытулак Бакіеву, нягледзячы на тое, што раней яны прытулілі ягонага папярэдніка Акаева і іншых выгнаных рэгіянальных аўтакратаў кшталту Абашыдзэ з Аджарыі.
 
Яшчэ можна ўзгадаць, як расійцы абяцалі Бакіеву 2 млрд долараў ў выглядзе пазык і крэдытаў узамен на тое, што ён папросіць амерыканцаў вызваліць ваенную базу ў Манасе. Але ўзяўшы расійскія грошы і з адчуваннем доўга папрасіўшы амерыканцаў сысці, тагачасны прэзідэнт Кыргызстана памяняў рашэнне, як толькі Штаты павялічылі аплату за арэнду базы. Гэтая палітычная прастытуцыя, альбо аўкцыённая палітыка раздражніла Крэмль у вышэйшай ступені.
 
Цяпер у Крамлі аналагічна лічаць, што Лукашэнка таксама не стрымаў свайго слова ў пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Больш за тое, менавіта гэтае нявыкананае абяцанне і прывяло да публічнай вайны і тупіковай сітуацыі.
 
- Але наколькі я зразумеў вашу логіку, аднаго таго факту, што кіраўнік Беларусі стаў нязручны Маскве, мала для таго, каб яго мяняць?
 
- Думаю, для змены існуючага палітычнага рэжыму ў Беларусі неабходна болей, чым проста павышэнне коштаў на энэрганосьбіты або некалькі паспешліва зробленых дакументальных фільмаў з састарэлымі абвінавачваннямі. Дзяржава ў Беларусі значна мацней, чым у Кыргызстане, а беларуская эканоміка больш разнастайная.

Выбары выбарамі, але сапраўдныя наступствы нязгоды Лукашэнкі з Крамлём пачнуць адчувацца толькі пасля іх - у наступным годзе.
 
- Якой вам бачыцца геаплітычная будучыня Беларусі?
 
- Гісторыя і геаграфія дыктуе, што Расія і Беларусь заўсёды будуць мець адносіны. Але ў Беларусі таксама ёсць і іншыя суседзі, з якімі вас яднае гістарычнае і геаграфічнае мінулае. Гэта Польшча і Літва. На мой погляд, у доўгатэрміновай перспектыве Беларусь будзе рухацца бліжэй да Еўразвяза. Гравітацыйнае прыцягненне да астатняй Еўропы з часам будзе толькі ўзмацняцца і, калі цяперашнія спрэчкі з Масквой працягнуцца, яно можа стаць непераадольным.
 


←Романчук - идеальный белорусский лидер для Варшавы: польский эксперт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика