Прэзідэнт Беларусі адзначае добрыя адносіны паміж дзяржавай і каталіцкай царквой
Паміж дзяржавай і каталіцкай царквой склаліся добрыя адносіны, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора на сустрэчы з папскім легатам кардыналам Ёзафам Томкам.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь выбудоўвае добрыя адносіны з каталіцкай царквой. "Не помню, каб у нас былі супярэчнасці паміж канфесіямі, дзяржавай і канфесіямі. Мы стараемся падтрымліваць мір, таму што гэта аснова стабільнасці дзяржавы. А без стабільнасці не можа быць ні дабрабыту, ні працвітання. У гэтым сэнс усёй нашай палітыкі і ўзаемаадносін нашага кіраўніцтва, уладаў, у тым ліку і з каталіцкай царквой". Прэзідэнт запэўніў папскага легата, што каталіцкая царква можа не хвалявацца за сітуацыю, якая складваецца вакол яе ў Беларусі. "Мая палітыка абсалютна адкрытая ў адносінах да каталіцкай царквы".
Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць падзяку Папу Рымскаму Бенядыкту ХVІ за тое, што ён прыслаў у Беларусь "свайго бліжэйшага паплечніка і саратніка". "Спадзяюся, што ў вас застануцца добрыя ўражанні аб нашай краіне і нашым народзе, — адзначыў ён. — Хацеў бы пажадаць працвітання вашай царкве, і каб мы ніколі не мелі ніякіх праблем, як не маем іх і цяпер з каталіцкай царквой, таму што сотні тысяч нашых суайчыннікаў належаць да гэтай канфесіі". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюза Беларусь займае другое месца пасля Літвы па колькасці вернікаў-католікаў. "Гэта аб многім сведчыць, таму што сотні тысяч нашых людзей — вернікі. Нашы католікі вельмі прынцыповыя, сумленныя і вельмі веруючыя людзі. Урад і я абавязаны ўлічваць гэты фактар", — сказаў ён, дадаўшы, што дзяржава выбудоўвае добрыя адносіны з каталіцкай царквой. Звяртаючыся да Ёзафа Томкі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Прашу перадаць майму добраму, я спадзяюся, сябру, Папу Рымскаму Бенядыкту ХVІ самыя лепшыя пажаданні. Я вельмі добра помню ўсе моманты нашай сустрэчы і нашу размову. Усе падарункі Папы Бенядыкта ХVІ знаходзяцца на самым бачным месцы, і хто б ні заходзіў да мяне ў дом, яны бачаць гэтыя падарункі".
У сваю чаргу папскі легат перадаў найлепшыя пажаданні Папы Рымскага Прэзідэнту Беларусі і ўсяму беларускаму народу. "Адчуваю, што прыехаў у цудоўную сям'ю", — сказаў ён. Ёзаф Томка адзначыў, што ў яго вельмі добрая нагода для паездкі — святкаванне 300-годдзя асвячэння Мінскага кафедральнага сабора імя Прасвятой Дзевы Марыі. Гэта мерапрыемства запланавана на 9 кастрычніка. "Я вельмі задаволены тым, што знаходжуся тут у якасці спецыяльнага прадстаўніка Папы Рымскага".