Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са зваротам, у якім выказала сваё стаўленьне да нядаўняй заявы прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыя Мядзведзева.
У сваім звароце Івонка Сурвіла адзначае, што «як і Пуцін у 2002 годзе, цяперашні прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Мядзведзеў выявіў, што расейская палітыка адносна Беларусі не зьмянілася. Масква працягвае свае намаганьні праглынуць наш край. Гэтым разам хоча гэта зрабіць знутры — угаварыць беларусаў, што яны і расейцы ня толькі «неразрыўна зьвязаныя», але што яны грамадзяне той самай «саюзнай дзяржавы». І ня толькі суседзі, але і «адзін народ» — піша Івонка Сурвіла.
Старшыня Рады БНР адзначае, што «незаконны расейска-беларускі саюз быў прыдуманы маскоўскімі стратэгамі супольна з Аляксандрам Лукашэнкам, каб Крэмль мог умешвацца ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы. Мядзведзеў выявіў сябе хітрэйшым псыхолягам за Пуціна. Але яму варта было б зазірнуць у гісторыю дачыненьняў між нашымі, быццам бы „братнімі“ народамі… Яму варта было б пацікавіцца нападам Масквы на нашую гістарычную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае — у 1654 годзе, той „невядомай вайной“, пра якую Масква ўсё яшчэ маўчыць. За трынаццаць гадоў маскоўскія агрэсары тады выразалі палову насельніцтва нашай краіны. Паводле сёньняшніх гісторыкаў, вайна гэтая сталася пачаткам заняпаду нашай гістарычнай дзяржавы. Спадару Мядзьведзеву варта было б пацікавіцца мноствам спробаў Масквы адкрыць сабе шлях у Эўропу праз наш край; захопам беларускіх земляў Кацярынай II, антырасейскімі паўстаньнямі ў ХІХ стагодзьдзі, нішчэньнем Масквой рэлігійнай і культурнай спадчыны, нашай мовы; вывазамі ў Сібір працавітай часткі беларускага народу; нападам расейскіх бальшавікоў у 1918 годзе на нашу маладую дзяржаву, Беларускую Народную Рэспубліку; Слуцкім Збройным Чынам, калі случчакі пайшлі паміраць, каб абараніць свой край ад бальшавіцкай навалы», — нагадвае старшыня Рады БНР.
Далей Івонка Сурвіла піша: «Варта прыгадаць Курапаты, дзе растралялі дзесяткі тысяч беларусаў. Варта прыпомніць таксама разбуральную дзейнасьць Хрушчова, які ў 1960-я гады зьнішчаў у Беларусі гістарычныя помнікі, каб сьцерці нашае слаўнае мінулае з памяці народу. Раю спадару Мядзведзеву задумацца над усім тым, што Масква пакінула нам у спадчыну, уключна з Чарнобыльскай атрутай. Раю пацікавіцца „рэфэрэндумам“ 1995 году, калі ў інтарэсах Масквы былі зьняважаныя сьвятыя беларускія сымбалі і беларуская мова, а таксама падтрымкай Крамлём антыканстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе. А гэта толькі некалькі прыкладаў намаганьняў Масквы гістарычна сьцерці з паверхні Зямлі суседні, быццам бы „братні“, народ. У дадзеным выпадку Мядзведзеў далучыўся да гэтых намаганьняў, карыстаючыся нагодай свайго канфлікту з Лукашэнкам», — лічыць Івонка Сурвіла.
На завяршэньне свайго звароту з нагоды выступу расейскага прэзыдэнта старшыня Рады БНР піша: «Трэба спадзявацца, што беларусы зразумеюць сапраўдны сэнс ягонай заявы і не дадуць гэтым разам сябе падмануць. Наш найбольшы скарб — гэта незалежнасьць дэмакратычнай беларускай дзяржавы».