Камісар па правах чалавека Рады Еўропы прыедзе ў Мінск?

Источник материала:  
07.10.2010 00:45 — Новости Политики
Камісар па правах чалавека Рады Еўропы прыедзе ў Мінск?
Томас Хамарберг
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацый у Страсбурзе камісар па правах чалавека Рады Еўропы Томас Хамарберг атрымаў запрашэнне наведаць Мінск. Аб гэтым карэспандэнту TUT.BY паведаміў удзельнік сустрэчы палітычны аналітык Аляксандр Фядута.

“Я запрасіў спадара Хамарберга адзначыць каталіцкія Каляды ў мяне дома. Паколькі прэзідэнцкія выбары пройдуць 19 снежня, міжнародныя назіральнікі ўжо пакінуць краіну да Калядаў. Таму, калі раптам у Беларусі пачнуцца акцыі пратэсту, прысутнасць камісара па правах чалавека Рады Еўропы ў Мінску будзе вельмі важнай. Ён зможа ўсё ўбачыць на ўласныя вочы”, - паведаміў Аляксандр Фядута.

Палітычны аналітык выказаў спадзеў, што еўрачыноўнікі “ахвяруюць святам у дзень, калі нарадзіўся чалавек, які ахвяраваў уласнае жыццё дзеля ўсяго чалавецтва”.

У сваю чаргу старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Мікалай Самасейка паведаміў, што па вяртанні ў Мінск падрыхтуе справаздачу для кіраўніка парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязям з СНД Сяргея Маскевіча. Ён прыпусціў, што пытанне з візітам Хамарберга ўдасца вырашыць.

Нагадаем, з 4 па 8 кастрычніка ў французскім Страсбурзе праходзіць восеньская сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Паралельна з ёй адбываецца Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы, на якой абмяркоўваецца палітычная сітуацыя ў краіне напярэдадні выбараў.

Беларусь - адзіная краіна ў Старым Свеце, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы і ніяк не прадстаўлена ў яе Парламенцкай асамблеі.


←Модернизация в полном смысле этого слова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика