Час адказных рашэнняў
Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 4 кастрычніка 2010 года, пачынае работу шостая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
Яна будзе праходзіць на фоне такіх значных грамадска-палітычных падзей, як выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і правядзенне Усебеларускага народнага сходу. Мы як народныя прадстаўнікі павінны максімальна садзейнічаць таму, каб вынікі выбарчай кампаніі і праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на новае пяцігоддзе сталі рэальным выяўленнем волі народа, адпавядалі яго інтарэсам і забяспечвалі ўпэўнены рух наперад краіны па шляху стварэння.
Дасягненню гэтай мэты падпарадкавана і наша заканадаўчая дзейнасць. Галоўнымі арыенцірамі ў гэтай рабоце былі і застаюцца правы чалавека, гарантыі іх рэалізацыі, павышэнне якасці жыцця людзей на аснове дынамічнага развіцця эканомікі.
На пазачарговай сесіі мы прынялі пакет законапраектаў, якія вызначылі асноўныя напрамкі бюджэтнай і падатковай палітыкі з улікам новых эканамічных рэалій. Гэта дасць нам магчымасць у ходзе гэтай сесіі зрабіць акцэнт на заканадаўчым вырашэнні актуальных задач развіцця сацыяльнай сферы, аховы здароўя, адукацыі і культуры, забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян. Усяго ў Палаце прадстаўнікоў ужо знаходзіцца 58 пытанняў, якія ахопліваюць практычна ўсе сферы жыцця беларускай дзяржавы і грамадства.
Цэнтральнае месца сярод пытанняў сацыяльнай тэматыкі займаюць праекты двух кадыфікаваных актаў, якія непасрэдна закранаюць самыя надзённыя інтарэсы людзей. Я маю на ўвазе Кодэкс аб адукацыі і Жыллёвы кодэкс. З прыняццем першага мы завершым працяглую карпатлівую работу па прававым афармленні сістэмы адукацыі. Новы Жыллёвы кодэкс змяшчае шэраг заканадаўчых навацый, якія датычацца развіцця інстытута іпатэкі, абароны правоў уласнікаў жылля, пытанняў эксплуатацыі жыллёвага фонду.
Асабліва трэба спыніцца на праекце Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў". Пры падрыхтоўцы гэтага пытання трэба максімальна ўлічыць вынікі маніторынгу работы са зваротамі грамадзян, праведзенага па даручэнні Кіраўніка дзяржавы і практыку нашай работы ў выбарчых акругах. Бо толькі ў міжсесійны перыяд дэпутаты ажыццявілі прыём больш як трох з паловай тысяч выбаршчыкаў, разгледзелі звыш трох тысяч зваротаў грамадзян, правялі больш як семсот сустрэч у працоўных калектывах, а таксама прынялі ўдзел у 215 пасяджэннях мясцовых органаў улады. Згадзіцеся — гэта добрая база для таго, каб падрыхтаваць законапраект, які можа рэальна палепшыць сітуацыю ў гэтай сферы.Мы прадоўжым работу па ўзмацненні сацыяльнай абароны сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Прадугледжваецца пашырыць кола асобаў, якія маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, зрабіць больш простым і зразумелым парадак яе назначэння і выплаты.
Прыняўшы базавыя законы аб ахове здароўя, мы пераходзім да вырашэння канкрэтных задач у гэтай сферы. Тут варта вылучыць законапраект, накіраваны на забеспячэнне гарантый бяспекі донарства, у якім упершыню прапануецца заканадаўча ўрэгуляваць пытанні, звязаныя з рэалізацыяй крыві і яе кампанентаў. Акрамя таго, у перыяд сесіі чакаецца ўнясенне праектаў новых законаў, якія датычацца дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, гарантый правоў грамадзян пры аказанні псіхіятрычнай дапамогі, а таксама медыцынскай дапамогі асобам, якія маюць захворванні, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва.
У полі нашага зроку будуць знаходзіцца і пытанні культуры, у тым ліку такія актуальныя, як абарона аўтарскіх правоў, развіццё музейнай справы ў краіне. І гэта далёка не поўны пералік пытанняў сацыяльнай тэматыкі, над якімі мы будзем працаваць.
З улікам новых умоў гаспадарання самая пільная ўвага дэпутатаў будзе ўдзелена розным аспектам заканадаўчага рэгулявання эканомікі. У прыватнасці, размова ідзе аб удасканаленні прававога забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны, архітэктурнай, горадабудаўнічай, будаўнічай, транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці.
У мэтах лібералізацыі эканомікі, развіцця дзелавой актыўнасці мы прадоўжым работу па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. Будуць таксама зроблены захады па адаптацыі нацыянальных прававых актаў у сферы тэхнічнага нармавання і стандартызацыі да міжнароднай практыкі.
Наступны важны аспект — заканадаўчае забеспячэнне курсу на новую тэхналагічную стратэгію. Сёння ў мэтах развіцця тэзісаў, якія прагучалі ў Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Парламенту, вядзецца падрыхтоўка парламенцкіх слуханняў. Яны будуць прысвечаны пытанням пераводу эканомікі ў інавацыйнае рэчышча, а таксама ролі, якую павінны адыграць у гэтым працэсе навука і адукацыя. Іх вынікі дапамогуць выпрацаваць больш кампетэнтныя рашэнні па праекце Закона "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы", падрыхтоўка якога вядзецца ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы.
Даволі сур'ёзная работа нас чакае і ў галіне заканадаўства аб праваахоўнай дзейнасці. Нам трэба будзе разгледзець папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, у законы аб пракуратуры, аб органах унутраных спраў, аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Адзначу таксама законапраект, накіраваны на аптымізацыю сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, у якім зроблены акцэнт на ўзмацненні вучэбна- і лячэбна-выхаваўчых функцый у сістэме пераадолення антыграмадскіх паводзін дзяцей і падлеткаў.
Значная ўвага будзе ўдзелена ўдасканаленню прававых асноў судаводства, перш за ўсё гаспадарчага. Асноўная мэта — павысіць зацікаўленасць грамадзян і суб'ектаў гаспадарання ў вырашэнні спрэчак у дасудовым парадку, шляхам трацейскага разбору, а таксама з прымяненнем спрошчаных і прымірыцельных працэдур, што выкарыстоўваюцца ў гаспадарчым працэсе.
Нарошчваючы прававую базу міжнароднага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў плануе на гэтай сесіі ратыфікаваць пакет міжнародных дагавораў. Сярод іх пагадненні па прыгранічных пытаннях з Польшчай, аб узаемнай дапамозе ў мытных справах з Фінляндыяй, аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі з Францыяй.
Мы ратыфікуем таксама Рамачнае пагадненне Беларусі з Паўночным інвестыцыйным банкам, пакет дакументаў па лініі СНД і ЕўрАзЭС. Асабліва адзначу далучэнне нашай краіны да Міжнароднай канвенцыі аб спрашчэнні і гарманізацыі мытных працэдур і маючую адбыцца ратыфікацыю новых нарматыўных дакументаў у рамках Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.
Звяртаючыся да пытанняў міжнароднай дзейнасці, хацеў бы адзначыць вялікую работу, праведзеную ў міжсесійны перыяд. Парламентарыі прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні такіх актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня, як барацьба з тэрарызмам, незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі, правы чалавека і гендарная роўнасць, энергетычная і харчовая бяспека, абарона навакольнага асяроддзя.
Так, на трэцяй Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, праведзенай у ліпені гэтага года ў Жэневе, кіраўнікі палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падзяліліся з замежнымі калегамі напрацаваным у Беларусі вопытам па забеспячэнні стабільнасці ў сацыяльнай сферы і на рынку працы ў перыяд крызісу, прынялі ўдзел у дэбатах аб мэце і напрамках далейшага развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва і пашырэння ўзаемадзеяння з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у вырашэнні глабальных праблем чалавецтва.
У ходзе 19-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ нашы парламентарыі выказалі пазіцыю Рэспублікі Беларусь па пытаннях змянення клімату на планеце і стварэння еўрапейскай архітэктуры бяспекі.
Пошуку новых напрамкаў узаемадзеяння з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы садзейнічаў візіт у нашу краіну дакладчыка па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях ПАСЕ Сінікі Хурскайнен. Важным крокам у паглыбленні дыялогу з Саветам Еўропы стаў удзел дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у круглым стале па праблематыцы пакарання смерцю, арганізаваным Сакратарыятам Савета Еўропы.
Далейшае развіццё атрымалі і нашы кантакты з Парламенцкай канферэнцыяй Балтыйскага мора. Прадаўжалася работа па забеспячэнні паўнапраўнага ўдзелу беларускіх парламентарыяў у фарміруемым парламенцкім вымярэнні ініцыятывы Еўрапейскага саюза "Усходняе партнёрства".
У адпаведнасці з планамі работы ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі беларускія парламентарыі прымалі ўдзел у пасяджэннях пастаянных камісій і шэрагу іншых мерапрыемстваў.
Гаворачы аб выніках двухбаковага супрацоўніцтва, трэба адзначыць першы візіт у нашу краіну парламенцкай дэлегацыі Каралеўства Данія на чале са старшынёй Камітэта па знешняй палітыцы Фолькетынга Евай К'ер Хансэн, а таксама візіт парламенцкай дэлегацыі Кітая на чале з Намеснікам Старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Цзянам Шушэнам.
У канцы верасня адбыўся візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Эстонскую Рэспубліку, у ходзе якога намечаны перспектывы развіцця міжпарламенцкіх сувязяў, наладжвання супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, пашырэння бізнэс-кантактаў і культурнага абмену.
У перыяд асенняй сесіі прадоўжыцца практыка абмену візітамі. Плануецца, што нашу краіну наведаюць парламенцкія дэлегацыі Італіі і Украіны. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зробіць афіцыйны візіт у Сацыялістычную Рэспубліку В'етнам.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымуць удзел у мерапрыемствах па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Нас чакае работа ў рамках 123-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, асенняга пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ, пасяджэнняў парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы і Генеральнай асамблеі Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.
У нашых планах таксама ўдзел у міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Азербайджане і Малдове.
Асаблівая адказнасць ускладаецца на дэпутацкі корпус у сувязі з забеспячэннем дзейнасці прадстаўнікоў замежных парламентаў і міжпарламенцкіх арганізацый, якія прымуць удзел у міжнародным назіранні за ходам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Як бачым, па ўсіх напрамках парламенцкай дзейнасці нас чакае адказная і напружаная работа. Упэўнены, набыты намі вопыт дасць магчымасць паспяхова выканаць усе пастаўленыя задачы.
На заканчэнне, паважаныя калегі, хачу падзякаваць вам за добрую падрыхтоўку да сесіі і пажадаць плённай работы.
Дзякуй за ўвагу.