Электарат улады: тады і цяпер
04.10.2010 10:02
—
Новости Политики
Незалежныя даследаванні грамадскай думкі ў Беларусі на працягу многіх гадоў выяўлялі дакладную і характэрную структуру электарату прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка – прэзідэнт пенсіянераў, жанчын, вёскі. Яго электарат сканцэнтраваны сярод малаадукаваных, дэкласаваных слаёў насельніцтва. Ідэалогія і палітыка дзяржавы, зафіксаваная ў вядомым слогане “чарка і шкварка”, выразна арыентавалася на гэты электарат.
За паўтары дзесяцігоддзі, аднак, сацыяльны ландшафт краіны істотна змяніўся. Беларусь стала больш урбанізаванай, маючы сёння адзін з найвышэйшых адсоткаў гарадскога насельніцтва ў Еўропе (іншая справа, што ўяўляюць сабой беларускія гарады – ці з’яўляюцца яны нечым большым акрамя як рабочымі слабодамі). Узрос узровень адукацыі насельніцтва (разам са зніжэннем, скажуць крытыкі, узроўню адукацыі). Вырасла першае пакаленне, якое ўжо не помніць савецкіх часоў (але і не мела “глытку свабоды” часоў перабудовы і першых год незалежнасці). Узровень жыцця насельніцтва за паўтары дзесяцігоддзі безумоўна вырас, у Беларусі пачало фармавацца спажывецкае грамадства. Адпаведна мянялася палітыка і рыторыка ўлады, праходзіла перафарматаванне таго, што мы ў BISS называем сацыяльным кантрактам – улада выстаўляла новыя акцэнты, змяніла рыторыку выжывання на рыторыку мадэрнізацыі, па-свойску, як разумела, пачала наводзіць на сябе гламурны глянец. Што ж атрымалася з гэтага? Ці знайшоў Лукашэнка для сябе новы сацыяльны падмурак?
Першае грунтоўнае даследаванне электарату Аляксандру Лукашэнкі было зроблена Незалежным Інстытутам Сацыяльна-Эканамічных і Палітычных Даследаванняў (тады яшчэ ў Мінску) і было апублікавана ў прэсе і акадэмічных выданнях у 1998 годзе. [1] Тады даследаванне лукашэнкаўскага электарату засведчыла тры лініі разлому ў беларускім электараце: самы выразны – узроставы (узровень падтрымкі прэзідэнта розніўся паміж асобнымі групамі ажно ў чатыры разы), потым адукацыйны (амаль такая ж разбежка паміж рэспандэнтамі з вышэйшай і пачатковай адукацыяй), потым разлом па лініі горад-вёска (дыстанцыя паміж Мінскам і сельскім насельніцтвам – таксама трохі менш, чым у чатыры разы).
А што цяпер? Аддаючы належнае калегам з НІСЭПД, мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне сыходзячы з дадзеных нашага ўласнага даследавання, што праводзілася ў кааперацыі з партнёрамі BISS у лютым 2010 года. [2] Зазначым, што агульны рэйтынг Лукашэнкі, згодна з дадзенымі незалежных цэнтраў, ізноў хістаецца ў дыяпазоне паміж 35 і 45 адсоткамі ад усяго электарату, што было характэрна і для канца 1990-х гадоў (пасля ён апускаўся ажно да 26 адсоткаў у 2003 годзе і падымаўся аж да 60 адсоткаў у 2006 – гэтыя цыклі былі выразна звязаныя з паляпшэннем – пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне і падвышэннем – паніжэннем градусу і інтэнсіўнасці афіцыйнай прапаганды).
Спярша заўважым, што ніяк не змянілася за дванаццаць з паловай год, што падзялялі два апытанні. Не змянілася розніца ў падтрымцы Лукашэнкі паміж жанчынамі і мужчынамі (але тут трэба быць асцярожнымі ў ацэнках – жанчыны ў Беларусі жывуць даўжэй, і сярод іх проста нашмат больш асобаў старога ўзросту). Амаль цалкам захаваўся і базавы “ўзроставы” разлом, прычым мы зноў бачым тэндэнцыю адноснага падвышэння рэйтынгу Лукашэнкі сярод самых маладых беларусаў, яго рэзкае падзенне па ходзе таго, як чалавек “вызваляецца” ад індактрынацыі школы і ВНУ і трапляе ў самастойнае жыццё, і новы рост разам з уцягваннем рэспандэнту ў “сацыяльны кантракт”.
Што да ўзросту, мы вырашылі зрабіць адзін эксперымент – параўнаць узровень падтрымкі ўлады сярод асобных сацыяльных групаў з часовым “лагам” – гэта значыць, параўнаць тых, каму, умоўна кажучы, ў чэрвені 1997 года было 30 гадоў, з тымі, каму ў лютым 2010 г. было 42. Карціна вельмі паказальная. Зусім маладыя, каму давялося сталець і, як кажуць, “будаваць жыццё” за Лукашэнкам, збольшага расчараваліся ў прэзідэнце. Потым пачынаецца ўзрост рэйтынгу. Па-першае, сярод тых, хто за гэтыя гады стаў лукашэнкаўскім “сярэднім класам”. Па-другое, сярод тых, хто наблізіўся і дасягнуў пенсійнага ўзросту. Мы бачым, што па меры таго, як чалавек перасякае гэтую “стужку” фінішу прадуктыўнай фазы ў жыцці, падтрымка кіраўніка дзяржавы пачынае зашкальваць. І тут можна зрабіць істотныя высновы. Аналізуючы падтрымку Лукашэнкі сярод старэйшага пакалення, многія назіральнікі звязвалі яе з тым, што прэзідэнт папулярны сярод “сталінскага пакалення”, якое памятала і ўхваляла акурат тыя метады, якімі прэзідэнт імкнуўся кіраваць дзяржавай. Цяпер мы бачым, што той жа самы узровень падтрымкі рэгенеруецца і пакаленнем сацыяльных лідэраў часоў перабудовы! Такая тэндэнцыя выразна дэманструе працэс “рацыяналізацыі” сацыяльнай падтрымкі Лукашэнкі, пра што нашы калегі кажуць ужо гадоў пяць. Матывацыя палітычнага выбару (як і, дададзім, іншых выбараў – эканамічнага, геапалітычнага), змясцілася з вобласці харызмы і культуры ў бок “гамбургскага рахунку”. І здольнасць улады захоўваць сацыяльны кантракт з базавымі электаральнымі групамі забяспечвае стабільнасць яго электаральнай базы.
Дарэчы, пра стабільнасць. Як бачым з дадзеных, сярод пенсіянераў (а мы кажам ужо пра другое пакаленне лукашэнкаўскіх пенсіянераў) яна сапраўды жалезабетонная. Гэты электарат, які самы шматлікі і самы “галасуючы”, застаўся за 12 год практычна нязменным (змяніліся людзі ў гэтай групе, а не іх сацыяльныя ролі). Што далей, то змены ў структуры электарату Лукашэнкі больш цікавыя, і іх варта асобна прааналізаваць. Так, заўважна істотнае падзенне падтрымкі прэзідэнта сярод “рабочага класу”, дзяржаўных служачых ніжэйшага звяна, вясковага насельніцтва, асобаў з сярэдняй адукацыяй – то бок, групаў, што складаюць “косці і мяса” існуючага дзяржаўнага ладу, яго эканамічнай мадэлі. Наогул, розніца паміж горадам і вёскай што да падтрымкі Лукашэнкі істотна скарацілася, а бадай самай заўважнай зменай за 12 год стала амаль двухразовае павялічэнне лукашэнкаўскага электарату ў сталіцы Беларусі, дзе паплечнікі прэзідэнта – ужо ніякія не маргіналы адносна свайго асяроддзя.
Мы таксама бачым, што Лукашэнка здолеў захаваць ці нават павялічыць сваю падтрымку сярод высокаадукаваных слаёў насельніцтва, і нават больш істотна – сярод тых, каго можна назваць беларускай элітай – кіруючага класу мэнэджэраў, дырэктараў, начальнікаў. Палітыка перазаключэння сацыяльнага кантракту з чынавенствам, надання бюракратычнаму класу новых мажлівасцяў для ўзбагачэння і “абуржуазівання” дала свой плён гэтаксама ж.
Такім чынам, Лукашэнка захаваў сацыяльныя “нізы”, набыў “вярхі,” але пачаў губляць “сярэдзіну”. Выснова простая – улада за 12 гадоў пашырыла сеціва сваёй сацыяльнай кліентуры ў грамадстве, эфектыўна “вербавала” ў стан лаялістаў тыя групы і асяродкі, якія дастаўлялі ёй зашмат галаўной болі акурат у мінулым дзесяцігоддзі (менчукі, якія выходзілі на вуліцы дзесяткамі тысячаў, наменклатура). Падвойная тактыка захоўвання базавага электарату, тых, хто гарантавана дасць галасы (пенсіянераў) і нейтралізацыі сацыяльна актыўных асяродкаў, здольных да рэвалюцыйных дзеянняў і стала формулай лукашэнкаўскай стабільнасці мінулага дзесяцігоддзя. Платай за гэтую стабільнасць стала адноснае расчараванне тых, чыімі высілкамі яна апошняе дзесяцігоддзе і расплачвалася. З гэтага раскладу зразумела і “хатняе заданне” для ўлады, калі яна імкнецца захаваць гэтую стабільнасць, і “акно магчымасцяў” для яе апанентаў.
Табліца 1. Сацыяльна-эканамічная структура электарату Лукашэнкі, %
Табліца 1. Сацыяльна-эканамічная структура электарату Лукашэнкі, %
галасавалі б за Лукашэнку, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся на наступны заўтра, чэрвень 1997 г.* | Люты 2010 | |
Усяго | 45,4 | 39,0 |
Пол | ||
Мужчыны | 39,8 | 33,3 |
Жанчыны | 50,2 | 43,7 |
Век | ||
16—19 | 31,7 | 29,6 |
20—24 | 30,4 | 14,7 |
25—30 | 19,7 | 28,6 |
30—39 | 29,3 | 22,8 |
40—49 | 40,1 | 26,5 |
50—59 | 48,6 | 42,1 |
60 і болей | 81,7 | 73,3 |
Адукацыя | ||
Пачатковая | 88,2 | 88,8 |
Сярэдняя | 54,3 | 34,1 |
Сярэдняя спецыяльная | 35,6 | 33,2 |
Вышэйшая | 24,6 | 26,8 |
Род заняткаў | ||
Кіраўнікі прадпрыестваў, фірмаў, мэнэджэры | 21,6 | 33,3 |
Адмыслоўцы | 29,4 | 27,4 (24,7)* |
Дзяржаўныя служачыя ніжэйшага звяна | 31,4 | 15,6 |
Кваліфікаваныя рабочыя | 32,6 | 23,7 |
Некваліфікаваныя рабочыя | 46,7 | 35,0 |
Пенсіянеры | 77,9 | 74,2 |
Студэнты | 32,9 | 24,7 |
Хатнія гаспадыні | 46,1 | 21,7 |
Беспрацоўныя | 30,3 | 10,0 |
Месца жыхарства | ||
Мінск | 17,5 | 32,1 |
Абласныя цэнтры | 35,8 | 37,3 |
Вялікі горад | 38 | 36,1 |
Малы горад | 40,2 | 35,1 |
Вёска | 69,9 | 50,0 |
*Адмыслоўцы адпаведна тэхнічнага і гуманітарнага профілю
Табліца 2.Падтрымка Лукашэнкі сярод узроставых групаў “з часовым лагам” адпаведна розніцы ўзросту
Век | 1997 | 2010 | |
Да 27 | 23,5 | ||
16—19 | 31,7 | 28-31 | 22,6 |
20—24 | 30,4 | 32-36 | 21,7 |
25—30 | 19,7 | 37-41 | 30,2 |
30—39 | 29,3 | 42-51 | 28,3 |
40—49 | 40,1 | 52-61 | 46,3 |
50—59 | 48,6 | 62-71 | 71,1 |
60 і болей | 81,7 | 71+ | 81,0 |
[1] Дадзеныя цытуюцца па артыкулу Алега Манаева “Электорат Александра Лукашенко”, што з’явіўся ў выданні “Белоруссия и Россия: Общества и Государства” (Москва: Права человека, 1998), а таксама быў надрукаваны ў Белорусской Деловой Газете ў сакавіку 1998 года.
[2] Даследаванне “Беларусь і свет” было праведзена ў лютым 2010 года.