1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка дасць
прэс-канферэнцыю для расійскіх журналістаў, паведаміў БелаПАН кіраўнік
прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.
Паводле яго слоў, зараз у Мінску знаходзіцца больш за сотню журналістаў з Расіі. «Яны прадстаўляюць выданні каля 60 расійскіх рэгіёнаў, частка з іх прадстаўляе федэральныя расійскія СМІ, яшчэ частка — СМІ Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», — сказаў Лёгкі.
Паводле інфармацыі кіраўніка прэс-службы, журналісты прыбылі ў Беларусь 28 верасня і ўжо паспелі наведаць авіябазу ў Мачулішчах, азнаёміцца з сельскагаспадарчым прадпрыемствам у Мінскай вобласці, наведаць гістарычныя аб’екты ў Нясвіжы. «Сёння яны наведваюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў Мінску. Праграма візіту вельмі насычаная», — адзначыў Лёгкі.
Ён паведаміў, што гэта самы масавы «дэсант» расійскіх журналістаў у Беларусь. «За восем гадоў гісторыі прэс-тураў расійскіх журналістаў у нашу краіну такой колькасці расійскіх прадстаўнікоў СМІ ў нас не было. Было па 70–80 чалавек, але не 100. Гэта сведчыць аб вялікім інтарэсе расійскіх выданняў да нашай краіны», — сказаў Лёгкі.