Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыкласці максімальныя намаганні для забеспячэння захаванасці атрыманага ўраджаю

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць запатрабаваў прыкласці максімальныя намаганні для забеспячэння захаванасці атрыманага ўраджаю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на ўмовы захоўвання бульбы, падкрэсліўшы недапушчальнасць захоўвання ўраджаю ў буртах, дзе, паводле статыстыкі, за зіму страчваецца да 40 працэнтаў закладзенага ўраджаю. "Мы недапушчальна шмат страчваем ад таго, што вырошчваем", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці вырашэння праблемы кіраўнік дзяржавы даручыў максімальна загрузіць пустуючыя збудаванні, пераабсталяваўшы іх для захоўвання бульбы. Аналагічнага падыходу неабходна прытрымлівацца і пры забеспячэнні захаванасці іншай агародніны. "Знайдзі ў Слуцку, Барысаве, Мінску месцы", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што фінансаванне ў сельскай гаспадарцы будзе перабудоўвацца пад найбольш прарыўныя праекты. Ён прывёў у якасці прыкладу вырошчванне такіх відаў культур, як вінаград, журавіны, брусніцы і нават даволі экзатычныя для Беларусі кавуны. Як паказала практыка, нават апошнія могуць цалкам паспяхова вырошчвацца ў рэспубліцы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дасканала прапрацаваць перспектывы рэалізацыі беларускага цукру на знешніх рынках, улічваючы планы па павелічэнні вытворчасці гэтага віду прадукцыі ў рэспубліцы. "Пытанне ў тым, ці трэба нам павялічваць аб'ём вытворчасці цукру. Трэба ісці не ад таго, што ў нас ёсць зямля і колькі мы можам вырошчваць (цукровых буракоў. — Заўвага БЕЛТА), а ісці ад рынку. А калі не купяць?" — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, абмяркоўвалася неабходнасць будаўніцтва ў Беларусі новага цукровага завода (цяпер у рэспубліцы працуе чатыры такія прадпрыемствы). Як далажыў кіраўніку дзяржавы віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза, завод у выпадку канчатковага прыняцця рашэння аб яго будаўніцтве, плануецца размясціць у Магілёўскай вобласці паблізу Бабруйска. На думку ўрада, яшчэ адзін завод дасць магчымасць значна скараціць тэрміны перапрацоўкі цукровых буракоў, што станоўча паўплывае на аб'ём выпуску канчатковага прадукту.

Аднак, як далажылі Прэзідэнту, у рэспубліцы ёсць значны патэнцыял для павелічэння аб'ёмаў цукру і без будаўніцтва новага, даволі дарагога, прадпрыемства. Гэтага можна дасягнуць, павышаючы ўраджайнасць і цукрыстасць буракоў. Так, у 2015 годзе плануецца павысіць сярэднюю ўраджайнасць цукровых буракоў у гаспадарках Беларусі з цяперашніх 460 ц/га да 520 ц/га. За кошт выкарыстання інтэнсіўных тэхналогій у сельскай гаспадарцы таксама павінна павялічыцца сярэдняя цукрыстасць з 16 працэнтаў да 18 працэнтаў. "Трэба давесці існуючыя заводы да ладу. Калі ёсць магчымасць — развіваць іх магутнасці, вызначыць рынкі і ў канцы гэтага ланцужка вырашыць, ці трэба будаваць новы завод", — падкрэсліў Прэзідэнт, адзначыўшы, што Беларусь з'яўляецца не адзіным і тым больш далёка не самым буйным вытворцам цукру ў свеце, а спрыяльная сітуацыя на рынку гэтага віду прадукцыі ў перспектыве можа змяніцца.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што калі будзе прынята рашэнне аб будаўніцтве новага цукровага завода, то гэта трэба зрабіць у найбольш сціслыя тэрміны, на працягу прыкладна двух з паловай гадоў. Пры гэтым неабходна паралельна весці прапрацоўку рынкаў збыту і стварэнне сыравіннай зоны. Гаворачы аб рынках збыту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для забеспячэння гарантаваных паставак беларускага цукру на экспарт, можна падумаць аб прыцягненні ў цукровую галіну рэспублікі замежных інвестараў. Аднак гэта павінна адбывацца выключна на ўзаемавыгаднай конкурснай аснове. "Садзіцеся і думайце", — сказаў Прэзідэнт прысутным чыноўнікам, падводзячы вынік размове аб мэтазгоднасці будаўніцтва новага цукровага завода.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб рабоце, якую праводзяць вучоныя па селекцыі айчынных гібрыдаў цукровых буракоў. Цяпер пасевы цукровых буракоў у асноўным складаюць гібрыды замежнай селекцыі. Да 2015 года плануецца прыкладна напалову забяспечыць рэспубліку насеннем гэтай культуры ўласнай вытворчасці. Цяпер разгорнута работа па стварэнні айчынных гібрыдаў цукровых буракоў, што дасць магчымасць часткова скараціць імпарт насення.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу пашырыць магутнасці цукровых заводаў. Такое даручэнне ён даў учора, наведваючы ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат". "Па цукры ў нас адпрацавана сістэма, структура, ёсць куды пашырацца. Таму першае, што неабходна рабіць, гэта павялічваць аб'ёмы вытворчасці на існуючых прадпрыемствах", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Цяпер у краіне функцыянуюць чатыры цукровыя заводы: у Скідзелі, Жабінцы, Слуцку і Гарадзеі. Цукровая галіна рэспублікі тэхнічна перааснашчана і забяспечвае ўстойлівую вытворчасць. У суткі перапрацоўваецца 26,8 тыс. тон буракоў. Пачынаючы з 2004 года, Беларусь выйшла на забеспячэнне цукрам за кошт уласных сыравінных рэсурсаў. Сярод краін СНД яна займае па вытворчасці цукру з цукровых буракоў трэцяе месца пасля Расіі і Украіны. Значна пашырыўся асартымент цукровай прадукцыі. У 2009 годзе экспарт склаў амаль 440 тыс. тон цукру.

Да 2015 года плануецца павялічыць выпуск цукру з бураковай сыравіны да 650 тыс. тон у год. Для павышэння эканамічнай эфектыўнасці галіны неабходна вырашыць шэраг пытанняў, у прыватнасці, павысіць тэхналагічную якасць цукровых буракоў, іх цукрыстасць да 18 працэнтаў і больш, скараціць тэрміны захоўвання і перапрацоўкі цукровых буракоў, забяспечыць збалансаванасць узроўняў нарыхтоўкі цукровабурачнай сыравіны і вытворчых магутнасцяў па яе перапрацоўцы.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця ў цэлым цукровай прамысловасці ў рэспубліцы, а таксама вытворча-эканамічным станам Гарадзейскага цукровага камбіната і перспектывамі яго развіцця, пабываў у вытворчых цэхах і паглядзеў на ўвесь цыкл вытворчасці гэтай прадукцыі.

За сем месяцаў 2010 года ў цэлым прыбытак прадпрыемства склаў Br51,5 млрд, што ў 3,1 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, пры рэнтабельнасці 21 працэнт. Чысты прыбытак склаў Br31,4 млрд. Прадукцыя прадпрыемства актыўна пастаўляецца на экспарт. Так, за студзень—жнівень у Расію было пастаўлена 32,2 тыс. тон цукру, Украіну — 17,9 тыс. тон, Казахстан — 17,7 тыс. тон. Экспарт ажыццяўляецца і ў іншыя краіны СНД, Манголію.

Прэзідэнт пабываў учора таксама на СЗАТ "Еўратарэкс", дзе азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці ўпаковачных вырабаў.

←В выборах президента Беларуси планируют принять участие 15 потенциальных кандидатов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика