Лукашэнка: У выпадку з'яўлення трэцяга дзіцяці ў сям'і кватэра павінна быць гарантавана

Источник материала:  
17.09.2010 09:52 — Новости Политики
У Беларусі неабходна ажыццявіць комплекс дзейсных мер па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы сям’і. На гэтым акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні 16 верасня на шостым з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава «ніколі не эканоміла на сям’і». Аб гэтым гавораць і факты. У прыватнасці, цяпер сістэма дапамогі распаўсюджваецца прыкладна на паўмільёна дзяцей, амаль 45 тыс. дзяцей ва ўзросце да двух гадоў забяспечаны бясплатным харчаваннем, адрасную дапамогу атрымліваюць больш за 19 тыс. сем’яў з дзецьмі. «Ніводная дзяржава, нават найбагацейшая, не можа сабе такога дазволіць», — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё гэта спрыяла пэўнай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Але, як мяркуе Лукашэнка, «супакойвацца рана і трэба ісці далей».

Прэзідэнт лічыць неабходным адкарэктаваць жыллёвую праграму з улікам таго, што ў краіне трэба вырашаць дэмаграфічную праблему. «Калі і далей мы не будзем забяспечваць станоўчага прыросту насельніцтва, мы як дзяржава не адбудземся, — сказаў Лукашэнка. — 

Нам трэба хаця б 30 млн. чалавек, а мы да 10 млн. не дацягваем. Што такое 10 млн. на такую тэрыторыю?».

«Сёе-тое па гэтым напрамку ўжо зроблена, але гэтага недастаткова. Трэба больш прынцыпова падысці да вырашэння гэтага пытання. З’яўляецца ў сям’і трэцяе дзіця — вось кватэра. І, можа быць, за 25% яе кошту, а можа быць, і бясплатна», — сказаў прэзідэнт. Толькі ў выпадку належнага матэрыяльнага стымулявання магчыма вырашыць гэтую праблему, перакананы кіраўнік дзяржавы. Цяпер для большасці беларускіх сем’яў мець дваіх дзяцей — норма, а вось адважыцца на нараджэнне трэцяга дзіцяці ўжо цяжкавата, адзначыў ён.

«Дзяржава павінна дапамагчы сем’ям. Трое дзяцей у сям’і — гэта ўжо істотны прырост насельніцтва. А калі мы сканцэнтруем рэсурсы на аказанні дапамогі сям’і пры нараджэнні чацвёртага і пятага дзіцяці, то гэта дапаможа вырашэнню дэмаграфічнай праблемы», — адзначыў Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў таксама асаблівую ўвагу надаць праблеме сацыяльнага сіроцтва. Паводле яго слоў, за апошнія некалькі гадоў атрымалася істотна палепшыць сітуацыю.

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што важнай задачай з’яўляецца перасяленне дзяцей з дамоў-інтэрнатаў у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У наступнай пяцігодцы гэта трэба завяршыць, падкрэсліў Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць такія дзіцячыя дамы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←В ЦИК Белоруссии подано первое заявление от кандидата в президенты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика