Мілінкевіч сыходзіць, але не развітваецца
Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 17 верасня. Прычынаў адмовы дзве. Асноўная заключаецца ў тым, што 14 верасня 2010 старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ніякіх зменаў у заканадаўства ўносіцца падчас кампаніі не будзе. Гэта была адна з галоўных умоў удзелу Мілінкевіча ў выбарах. «Не хачу ўдзельнічаць у спектаклі, дзе адзін рэжысёр і сцэнарыст, не хачу быць статыстам», — заявіў Мілінкевіч.
Другая прычына заключаецца ў адсутнасці адзінства ў апазіцыі.
Аляксандр Мілінкевіч не спыніць палітычнай і грамадскай дзейнасці. У гэтай выбарчай кампаніі ён будзе падтрымліваць блок трох праеўрапейскіх кандыдатаў — Алеся Міхалевіча, Рыгора Кастусёва і Юрыя Глушакова. 17 верасня прадстаўнікі блоку і Мілінкевіч падпісалі пагадненне Грамадзянская акцыя «Беларускі выбар».
Лідар Руху «За Свабоду» будзе ўдзельнічаць у зборы подпісаў, пікетах і сустрэчах з выбаршчыкамі.
Падрабязны рэпартаж чытайце на сайце неўзабаве.
Сямён Печанко