«Трэба перагледзець падыходы да аплаты працы грамадзян»

Источник материала:  

"Трэба перагледзець падыходы да аплаты працы грамадзян", — заявіў на шостым з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі яе старшыня Леанід КОЗІК.

Генеральнае пагадненне паміж урадам Беларусі, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2009-2010 гады, паводле слоў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выканана практычна на 100 працэнтаў. Зараз рыхтуецца новы праект на бліжэйшыя тры гады, які ў параўнанні з дзейным, распрацаваным ва ўмовах нарастання сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, значна ўзмоцнены ў сацыяльным плане.

— Мы паглядзім і прааналізуем яшчэ раз усе эканамічныя параметры, якія зараз закладваюцца ў новае пагадненне, — адзначыў Леанід Козік. — Я лічу, што новы праект павінен быць на прыступку вышэйшы за папярэдні ў развіцці сацыяльнага складніка — па ўзроўні зарплаты, па выдаткаванні сродкаў на аздараўленне і ахову працы.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі перакананы, што прыйшоў час ураду пераглядзець падыходы да аплаты працы грамадзян і ўнесці ў іх карэктывы ў адпаведнасці з цяперашнімі эканамічнымі ўмовамі. І пры гэтым адзначыў, што летась пакупніцкая здольнасць заработнай платы засталася на ўзроўні 2008 года, у той час як у 2005—2008 гадах суадносіны сярэнямесячнай зарплаты да мінімальнага спажывецкага бюджэту ўзраслі з 204 да 260 працэнтаў. Прычыны замарожвання пакупніцкай здольнасці зразумелыя і не адрозніваюцца ад эканомік іншых краін.

— Мы неаднаразова звярталі ўвагу ўрада на тое, што трэба ў большай ступені скіраваць свае сілы на барацьбу з беднасцю, — падкрэсліў старшыня ФПБ. — І нельга сказаць, што ў гэтым напрамку нічога не робіцца.

Адным з асноўных паказчыкаў спрыяльнага развіцця Беларусі Леанід Козік назваў параўнальна невысокі ўзровень беспрацоўя.

— Падчас сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу перад дзяржавай стаяла рашэнне: скарачаць працоўныя месцы і выганяць на вуліцу людзей альбо скараціць працягласць працоўнага часу на асобных прадпрыемствах, — кажа старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

— Мы адстойвалі апошні варыянт. Прэзідэнт краіны падтрымаў нас і даў адпаведную каманду ўраду. Такім чынам удалося захаваць працоўныя месцы, у той час як у Еўропе тысячамі людзей павыкідвалі на вуліцу і асабліва ніхто не клапаціўся пра іх лёс. Гэта я лічу адным з асноўных дасягненняў.

"Летась у Федэрацыю прафсаюзаў звярнулася каля 90 тысяч чалавек"

У асноўным людзі скардзяцца, што іх правы парушылі: некага пазбавілі прэміі, камусьці наогул наймальнік не аформіў працоўную кніжку. Было дастаткова шмат зваротаў і адносна кантрактнай сістэмы.

— Пасля таго, як Прэзідэнт у маі падпісаў Указ аб магчымасці пераходу работнікаў з працоўнага кантракта на доўгатэрміновы або бестэрміновы працоўны дагавор, — падкрэсліў Леанід Козік, — спекуляцыі на гэтую тэму спыніліся. Мы, дарэчы, цяпер выпрацоўваем з Урадам інструкцыі і нарматыўныя акты, неабходныя для ўдасканалення гэтых працэдур. І прафсаюз тут таксама будзе сачыць, каб у дакументах адлюстроўваліся ў першую чаргу інтарэсы работнікаў.

Леанід Козік пераканаў таксама, што прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый па-ранейшаму, хоць гэта і не ўсім даспадобы, будуць удзельнічаць ва ўсіх пасяджэннях як рэспубліканскага, так і мясцовага ўзроўню.

— Толькі такім чынам мы зможам спыніць прыняцце рашэння, якое несправядліва пагоршыць становішча працаўніка, — адзначыў старшыня федэрацыі. — Больш за тое, на мой погляд, адстойваць сваю пазіцыю падчас перагавораў значна больш эфектыўна, чым бунтаваць на вуліцы з плакатам у руках.

Леанід Козік адзначыў, што прафсаюзы яшчэ працуюць не на поўную сілу.

— Мы павінны актывізаваць сваю работу, — кажа прафсаюзны лідар. — Напрыклад, мы можам паўплываць на зніжэнне траўматызму на вытворчасці. Паводле статыстыкі, кожны трэці пацярпелы быў нападпітку. Калі б член прафсаюза не дапусціў гэтага чалавека да працы, то няшчасце можна было папярэдзіць. Акрамя таго, трэба брацца за маштабную мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Пры падтрымцы ўрада гэта ў руках нашых членаў прафсаюза — канструктараў, тэхнолагаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Я глыбока перакананы, толькі грошы, выдаткаваныя на тэхнічнае пераабсталяванне, найбольш хутка здольныя даць аддачу пры вытворчасці прадукцыі.

"Няўжо вы думаеце, што я буду агітаваць прафсаюзы за таго, хто проста балбоча?.."

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі гатова падтрымаць дзейнага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць 19 снежня, — не раздумваючы, адказаў на пытанне журналіста Леанід Козік.

— Яшчэ ў снежні, вазьміце газету "Беларускі час", мы заяўлялі, што будзем падтрымліваць на прэзідэнцкіх выбарах дзейнага кіраўніка дзяржавы. У маі пацвердзілі сваю пазіцыю. Калі трэба будзе, і подпісы збяром у яго падтрымку. Адкрыта пра гэта гаворым і цяпер. Я ведаю Аляксандра Рыгоравіча шмат гадоў. Я сам чалавек ад сахі і такарнага станка. Бачу яго рэальныя справы. Слухаю і астатніх прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, але іх рэальных спраў пакуль не бачна. Няўжо вы думаеце, што я буду агітаваць прафсаюзы за таго, хто проста балбоча? Трэба падтрымліваць таго кандыдата, які сапраўды працуе, робіць рэальныя справы для народа.

Надзея ДРЫЛА.

 Сваімі радасцямі і праблемамі за некалькі хвілін да пачатку з'езда падзяліліся прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў рэспублікі, а таксама старшыні пярвічак вядучых беларускіх прадпрыемстваў.

Аляксандр БОЙКА, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі:

— Напярэдадні прафсаюзнага з'езда трошкі павысіліся стыпендыі і заробак у работнікаў адукацыі. І студэнты, і педагогі павесялелі. Мы таксама рады, бо нашу прапанову падтрымалі, да нашага голасу прыслухаліся. Нагадаю, што ў красавіку на з'ездзе галіновага прафсаюза мы выйшлі да кіраўніка Савета міністраў з адкрытай прапановай павялічыць заробак настаўнікам. На мінулым з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі падымалася пытанне і адносна месцаў у інтэрнаце для іншагародніх студэнтаў. Як вынік, вы ведаеце самі, пачалося будаўніцтва студэнцкай вёскі, работа там кіпіць і зараз. І на гэты з'езд мы маем што прапанаваць. У прыватнасці, нядрэнна было б павялічыць кампенсацыю для іншагародніх студэнтаў, якія наймаюць жыллё, бо яна на сёння, на жаль, невялікая: крыху больш як 8 тысяч беларускіх рублёў. Альбо (гэта другая прапанова) зменшыць падатак тым, хто здае ў наём жыллё і легалізаваць гэты бізнэс, які пакуль што пераважна знаходзіцца ў цені. Яшчэ, абавязкова будзем падымаць гэтае пытанне, трэба ўсяму грамадству падымаць станоўчы імідж педагога.

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры:

— Канкрэтныя крокі былі зробленыя па павелічэнні ўзроўню зарплаты вызначанай катэгорыі работнікаў бюджэтнай сферы. Мы спадзяёмся, што работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца, бо для творчых работнікаў пытанне заробку па-ранейшаму застаецца актуальным. Што тычыцца кантрактнай сістэмы найму, пра якую зараз шмат гаворыцца, то мы бачым тут два асноўныя пытанні. Па-першае, трэба больш дакладна адпрацаваць працэдуру пераходу на бестэрміновы працоўны дагавор, калі чалавек добрасумленна адпрацаваў па кантракце. Па-другое, пры заканчэнні тэрміну кантракта часта здараецца, што наймальнік без тлумачэння прычын спыняе з чалавекам дагаворныя адносіны. У сувязі з гэтым мы лічым, што наймальнік павінен пісьмова выкладаць прычыны, па якіх ён збіраецца звольніць работніка.

Ігар НАВУМОВІЧ, старшыня прафсаюзнай арганізацыі РУП "Беларуськалій":

— Мы ідзём насустрач тым маладым сем'ям, якія не могуць атрымаць крэдыт на будаўніцтва жылля ў банку. Зараз такім работнікам крэдыт на жыллё дае прадпрыемства. З падобнай ініцыятывай у свой час выступіла прафсаюзная арганізацыя, якую адразу ж падтрымала адміністрацыя. На мой погляд, вельмі важна, каб прафсаюзы прадпрыемстваў шчыльна працавалі з кіраўніцтвам за сталом перагавораў.

Пётр АХРАМЕНКА, старшыня прафсаюзнай арганізацыі РУП "Гомсельмаш":

— Мы спрабуем адстаяць правы нават тых людзей, якія вельмі сур'ёзна спатыкнуліся. І ведаеце, падчас разбіральніцтва часам высвятляецца, што расследаванне праведзена няправільна і чалавек, якога ледзь не звольнілі, фактычна невінаваты. А паколькі ўзровень зарплаты на прадпрыемстве дастаткова высокі, то страціць работу ў нас сур'ёзная праблема для чалавека, сям'і. На мой погляд, прафсаюзам трэба браць больш актыўны ўдзел у заканатворчым працэсе. У нас шмат прабелаў у працоўным заканадаўстве. Больш за тое, даўно кажам пра Кодэкс аб грамадскіх арганізацыях і аб'яднаннях, але да гэтага часу такі дакумент не з'явіўся. У нас у дзяржаве ўзяты курс на дэбюракратызацыю. Але ў прафсаюзах назіраецца адваротная карціна: у прыватнасці, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя формы справаздачнасці. Уявіце сабе, калі займацца гэтымі бясконцымі справаздачамі старшыні праф- кама невялікай арганізацыі, дзе ён не вызвалены ад асноўнай работы...

←Президентские выборы могут обойтись Беларуси в 37 миллиардов рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика