Аляксандр Лукашэнка прапануе ўзмацніць адказнасць вадзіцеляў за язду ў нецвярозым стане

Источник материала:  

Задачу прапрацаваць гэта пытанне ён паставіў 13 верасня на нарадзе па ўнясенні паправак у Правілы дарожнага руху.

У прыватнасці, Прэзідэнту быў прадстаўлены праект указа "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Правілы дарожнага руху".

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, пытанні забеспячэння бяспекі дарожнага руху закранаюць непасрэдна правы і законныя інтарэсы практычна ўсяго насельніцтва краіны. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сувязі з важнасцю гэтых пытанняў яшчэ ў 2005 годзе было прынята рашэнне аб зацвярджэнні Правіл дарожнага руху на ўзроўні Прэзідэнта. "Чаму гэта было зроблена? Тады было сказана, што Правілы дарожнага руху — сур'ёзная рэч, карэктаваць іх такому сур'ёзнаму ведамству, як МУС, або каму б там ні было, нельга. І пасля таго, як мінула пяць гадоў, я пераконваюся, што гэта рашэнне было правільным", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Калі мне чарговы раз паступіў праект указа па карэкціроўцы Правіл дарожнага руху, прачытаўшы яго, я зразумеў, што Міністэрства ўнутраных спраў або нехта яшчэ маючы дачыненне да гэтых змяненняў не тое што "цягнуць коўдру на сябе", але занадта перастараліся", — сказаў Прэзідэнт.

У прыватнасці, МУС прапаноўвала абавязаць веласіпедыстаў і вадзіцеляў гужавых павозак у цёмны час сутак рухацца па дарозе ў адзенні са святловяртальнымі элементамі, а таксама знізіць дапушчальную хуткасць руху аўтамабіляў у населеных пунктах у цёмны час сутак з 60 да 50 км/гадз.

Аднак Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненні ў мэтазгоднасці гэтых новаўвядзенняў. "У мяне ёсць сумненні: ці ўсе прапанаваныя змяненні адпавядаюць грамадскім інтарэсам? Наколькі яны з'яўляюцца своечасовымі, і ці не будзе аб'ектыўных цяжкасцяў пры іх прымяненні?" — сказаў ён.

На думку Прэзідэнта, не могуць Правілы дарожнага руху мяняцца так часта, як гэта прапануецца. "Значыць, або вы не дапрацоўваеце, не бачыце, што будзе заўтра-паслязаўтра, не можаце прадбачыць гэтага і пачынаеце карэктаваць гэтыя Правілы ледзь ці не кожны год, або ў нас сапраўды такая дрэнная сітуацыя, што трэба, напрыклад, хуткасць недзе ў населеным пункце ў цёмны час сутак абмежаваць 50 км/гадз. замест 60 км/гадз. Нібыта гэта вялікая розніца і гэта нешта зменіць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Насцярожанасць Прэзідэнта выклікалі таксама змяненні, якія датычацца больш шырокага выкарыстання святловяртальных элементаў. "Ведаеце, мяне гэта насцярожваць пачынае, нібыта нейкая фірма ўжо сёння гатова вырабіць гэтыя святловяртальныя элементы, і мы кожнаму каню на хвост іх павесім і такім чынам створым поспех гэтай фірме", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Я не папракаю вас у гэтым, але гэта не можа мяне не насцярожваць", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што з апошняга варыянта праекта ўказа ў адпаведнасці з яго заўвагамі ўрад выключыў названыя нормы. "Але я хацеў бы вярнуцца да разгляду гэтых пытанняў, узважыўшы ўсе "за" і "супраць".

Асноўным дакладчыкам на нарадзе выступіў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Паводле яго слоў, прапанаваныя змяненні накіраваны на стварэнне максімальнай абароненасці ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Асноўнай прычынай жа ўнясення змяненняў і дапаўненняў у ПДР стала неабходнасць рэалізацыі ўказа № 519, які прадугледжвае ўдасканаленне заканадаўства па пытанні транспартнага страхавання. Так, значна спрасціўся парадак афармлення неабходных дакументаў аб ДТЗ без удзелу супрацоўнікаў ДАІ (пры ўроне, які не перавышае 200 еўра) і істотна знізіліся тэрміны выплаты страхавой кампенсацыі (з 30 да 5 дзён).

Уносіцца дакладнасць па выкарыстанню ўдзельнікамі дарожнага руху трамвайнага пуці як дадатковай паласы пры павароце налева і развароце.

Сярод іншых прапаноў МУС па карэкціроўцы правіл — дазвол перавозкі пасажыраў на мапедах адпаведнай канструкцыі, зняцце забароны на спыненне транспартнага сродку на тратуары пры падвозе тавараў да гандлёвай кропкі, выкладанне некаторых тэрмінаў у новай рэдакцыі, што выключае розначытанні, а таксама тэхнічныя папраўкі.

Анатоль Куляшоў пагадзіўся з заўвагамі кіраўніка дзяржавы аб немэтазгоднасці ўнясення паправак, якія датычацца больш шырокага выкарыстання святловяртальных элементаў. Прэзідэнт наконт гэтага заўважыў, што неабходна больш актыўна весці растлумачальную работу з насельніцтвам па выкарыстанні гэтых элементаў, паколькі ў першую чаргу размова ідзе аб уласнай бяспецы грамадзян.

Што ж датычыцца абмежавання хуткасці руху ў населеных пунктах з 60 да 50 км/гадз. у цёмны час сутак і пры недастатковай бачнасці дарогі, то Анатоль Куляшоў заўважыў, што такая прапанова ўносілася з улікам вывучэння вопыту іншых краін. Паводле яго слоў, такое абмежаванне хуткасці дзейнічае ва ўсіх краінах Еўропы, за выключэннем Польшчы і постсавецкіх дзяржаў.

Аднак, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, няма неабходнасці ўвядзення такой нормы паўсюдна. На яго думку, у населеных пунктах, дзе гэтага патрабуе сітуацыя, можна ўстанавіць спецыяльныя знакі, якія абмяжоўваюць хуткасць руху. У цэлым жа, як пагадзіліся ўсе ўдзельнікі нарады, рашэнне аб абмежаванні хуткасці паблізу таго або іншага населенага пункта будзе прымацца зыходзячы з асаблівасці дарогі, умоў дарожнага пакрыцця, а таксама іншых істотных фактараў.

"Давайце не будзем такімі нормамі перагружаць Правілы дарожнага руху. Няхай чалавек сам вырашыць, трэба яму гэта ці не трэба, — падвёў вынік Прэзідэнт. — Вось мяне, напрыклад, не трэба агітаваць за тое, каб дзіцяці наклеіць на рукаў святлоадбівальны элемент. Як і любым іншым свядомым бацькам". Акрамя таго, на думку кіраўніка дзяржавы, прапісванне такой нормы ў ПДР таксама створыць дадатковыя цяжкасці для работнікаў міліцыі. "Трэба як мага радзей мяняць Правілы дарожнага руху. А калі мы да іх звяртаемся, то звяртацца трэба па сутнасці, трэба глядзець у корань праблемы", — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць мэтазгодным перагледзець нормы правіл, якія датычацца кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. "Шмат людзей гіне на дарогах па прычыне п'янства. Вось гэтага быць не павінна!" — падкрэсліў ён.

На думку Прэзідэнта, за такія правапарушэнні неабходна прыцягваць да строгай адказнасці. "За п'янкі трэба прыцягваць да самай сур'ёзнай адказнасці. Таму што гэта, напэўна, галоўная прычына ўсіх бед на дарозе", — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў яшчэ раз дэталёва разгледзець усе нормы ПДР, якія датычацца дапушчальнага ўзроўню алкаголю ў крыві. "Давайце да гэтага вернемся, але толькі аб'ектыўна. П'янства — гэта раскоша для вадзіцеля! Спаганяць трэба жорстка!" — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанне тэхнічнага стану транспартных сродкаў. У прыватнасці, ён даручыў Міністэрству ўнутраных спраў і дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі вясной будучага года арганізаваць агляд машынных двароў і транспартных сродкаў ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях краіны. На думку Прэзідэнта, гэта — адзін з фактараў бяспекі, паколькі па прычыне тэхнічнай няспраўнасці транспартных сродкаў гіне вялікая колькасць людзей.

Акрамя таго, у сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца вельмі дарагая тэхніка, да якой не заўсёды належным чынам ставяцца. "Калі б сёння гэтай тэхнікі не было, мы мелі б катастрофу. Мы не забяспечылі б харчовую бяспеку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі прыватнік яшчэ беражэ гэту тэхніку, то ў так званых рэфармаваных гаспадарках мала што змянілася з ранейшых часоў". "Мы фактычна за кошт дзяржавы ўкінулі вялікую колькасць тэхнікі, а берагчы не навучыліся. Гэта мяне таксама насцярожвае", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэта пытанне і ўнесці яму прапановы. Ён таксама лічыць неабходным прапісаць асабістую адказнасць вадзіцеляў і кіраўнікоў гаспадарак за стан тэхнікі. "Мы павінны гэта зрабіць, каб пазбегнуць цяжкіх выпадкаў з-за няспраўнасці тэхнічных сродкаў і прымусіць нармальна ставіцца да тэхнікі, каб яе зберагчы", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Што ж датычыцца паправак у Правілы дарожнага руху, кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць праект указа з улікам выказаных заўваг. Ён таксама ўказаў на неабходнасць больш актыўнай работы з насельніцтвам, шырокага інфармавання аб усіх прапанаваных у ПДР новаўвядзеннях праз сродкі масавай інфармацыі.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Генпрокуратура проверяет версию об убийстве и инсценировке самоубийства Олега Бебенина

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика