Змест і тэрміналогія агульнавоінскіх статутаў УС прыведзены ў адпаведнасць з законам "Аб статусе ваеннаслужачых"
Змест і тэрміналогія агульнавоінскіх статутаў Узброеных Сілаў Беларусі прыведзены ў адпаведнасць з законам "Аб статусе ваеннаслужачых".
Падпісаны кіраўніком дзяржавы ўказ № 453 ад 3 верасня 2010 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355" падрыхтаваны ў мэтах выканання артыкула 27 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года "Аб статусе ваеннаслужачых" і прадугледжвае прывядзенне ў адпаведнасць з названым законам зместу і тэрміналогіі агульнавоінскіх статутаў Узброеных Сілаў у частцы правоў і абавязкаў ваеннаслужачых, іх знаходжання або незнаходжання пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, а таксама прымянення ваеннаслужачымі фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі.
Так, напрыклад, артыкул 9 Статута ўнутранай службы Узброеных Сілаў, які датычыцца правоў ваеннаслужачых, выкладзены ў новай рэдакцыі: "Ваеннаслужачыя маюць правы і свабоды, якія ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для іншых грамадзян, з абмежаваннямі, абумоўленымі асаблівасцямі ваеннай службы і прадугледжанымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Асаблівасці ваеннай службы заключаюцца ва ўскладанні на ваеннаслужачых абавязкаў па падрыхтоўцы да ўзброенай абароны і па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь, звязаных з неабходнасцю беспярэчнага выканання пастаўленых задач у любых умовах, у тым ліку з павышанай рызыкай для жыцця і здароўя. Абмежаванне ваеннаслужачых у правах і свабодах кампенсуецца прадастаўленнем ім дзяржавай дадатковых сацыяльных ільгот, правоў і гарантый".
У гэтым жа артыкуле вызначана, што ніхто не мае права ўмешвацца ў службовую дзейнасць ваеннаслужачых, за выключэннем асобаў, упаўнаважаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Таксама ўстаноўлена, што ваеннаслужачым не могуць аддавацца загады (распараджэнні) у мэтах парушэння заканадаўства Беларусі.
У артыкулах 11 і 12 Статута ўнутранай службы УС вызначаны парадак і ўмовы прымянення ваеннаслужачымі не толькі зброі, але і фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі ў выпадках, калі іншымі спосабамі выкананне ўскладзеных на іх задач не ўяўляецца магчымым. Гэтыя патрабаванні таксама распаўсюджваюцца на ваеннаслужачых, якія нясуць гарнізонную і каравульную службу.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.