Беларусь мае намер паглыбляць гандлёва-эканамічныя адносіны з Палесцінай
Аб гэтым заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўчора на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Палесціны ў Беларусі Мунтасерам Абу Зейдам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне, перадае БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Самая непрыемная місія Прэзідэнта, калі расстаешся з пасламі, асабліва са сваімі сябрамі. Калі б у нас усе паслы замежных дзяржаў былі, як Вы, у нас, напэўна, не было б праблем ва ўзаемаадносінах з іншымі краінамі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Мунтасер Абу Зейд вельмі шмат зрабіў у апошнія тры гады, калі быў дуаенам дыпламатычнага корпуса ў Беларусі. "Я ўдзячны Вам за гэту пазіцыю. Ведаю, што Вы застаяцеся ў дыпкорпусе Палесціны, і вельмі спадзяюся, што будзеце памятаць пра Беларусь, тут Вы правялі нямала часу і працавалі эфектыўна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Упэўнены, што недалёкі той час, калі нашы адносіны выйдуць на яшчэ больш высокі ўзровень. Думаю, Вамі закладзена добрая аснова, каб паглыбіць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. Можаце быць упэўнены: Беларусь заўсёды будзе прытрымлівацца той лініі, якой і прытрымлівалася апошнім часам". Мунтасер Абу Зейд у сваю чаргу сказаў: "Хачу перадаць падзяку кіраўніцтва Палесціны за вашу прынцыповую пазіцыю, што датычыцца палесцінскай праблемы". Ён адзначыў, што Беларусь, якую ён любіць, стала для яго другой радзімай.