Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 5. Мабілізацыя волі альбо зьбіраньне з духам

Источник материала:  
27.08.2010 09:30 — Новости Политики

(Заканчэнне. Пачатак)

Як паведамлялі “Белорусские новости”, у Варшаве выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка “Дэпутаты Незалежнасьці”, у якой распавядаецца пра падзеі 1990-1991 гадоў і іх уплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Прапануем урыўкі з кнігі — раздзелы, напісаныя Зянонам Пазьняком, — са згоды аўтара.

Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 5. Мабілізацыя волі альбо зьбіраньне з духамМне ня раз прыходзілася выступаць у аўдыторыях (прытым без мікрафона), дзе сфармаваная антыфронтаўскай прапагандай маса гатовая была мяне разарваць. Але праз нейкі час, накрычаўшыся і выслухаўшы мае аргумэнты, людзі разыходзіліся маімі прыхільнікамі і сябрамі. Мяне ніколі ў такіх выпадках не пакідала ўпэўненасьць і спакой духа.

29 кастрычніка 1992 года, у злы дзень забароны рэфэрэндуму, мы сабраліся ў пакоі Апазыцыі. Вось тады мне прышлося перажыць найцяжэйшыя хвіліны, калі часам здавалася, што я ўжо не змагу спыніць гэтую буру роспачы і капітуляцыі. Мае сябры далі волю сваім эмоцыям. Амаль палова, а мо’ і больш, заявілі, што кладуць мандаты і зыходзяць з гэтага савецкага гадзючніка, што яны больш ня могуць знаходзіцца побач з гэтым плебсам, бяз гонару і сумленьня, з гэтымі подлымі душамі, з гэтымі паразітамі, якія гатовыя сто разоў прадаць і наш народ, і нашу зямлю, і нашу будучыню...

Мне зразумелы быў іхны стан і пачуцьці. Так маглі гаварыць уражаныя сумленныя людзі. Але палітыкам, на жаль, часта прыходзіцца існаваць, размаўляць, дзейнічаць побач і з паразітамі, і зь нягоднікамі, і зь лютымі ворагамі.

Я разумеў, што на сяброў найбольш паўзьдзейнічала здрада Дэмклюба і апартунізм некаторых падпісантаў Апазыцыі. Зь вялікай цяжкасьцю мне ўдалося крыху супакоіць маіх калег, каб абдумаць і адкласьці меркаваньні на іншы спакойны дзень. Спакойныя дні потым усё і вырашылі. Трэба было падымацца з накдаўна і змагацца далей.

У палітыцы трэба мець ідэальныя уяўленьні, сьветлыя мэты, але ня блытаць іх з рэальным становішчам. Рашэньні мусяць быць адэкватнымі і зыходзіць з рэальнасьці. Толькі гэтак можна йсьці да ідэалу, інакш застануцца адны летуценьні.

Бразнуць дзьвярыма ў той час не атрымалася б ніяк, асабліва ўлічыўшы, што супраць рэфэрэндуму прагаласаваў Дэмклуб і іншыя групы дэпутатаў (акрамя нас, Апазыцыі Фронта, — увесь Вярхоўны Савет). У такіх умовах скампраметаваць нас і растаптаць — нават не было б справай тэхнікі, яно б паехала само сабой, і першы камень бы кінуў Шушкевіч. Потым дэмакраты “растлумачылі б” сваю “правільную” пазыцыю і “памылкі” БНФ. Намэнклятуры ж і казаць бы шмат ня трэба было, яны б проста ўлюлюкалі нам усьлед, маючы радыё, тэлебачаньне, газэты і ўладу пад сваім кантролем. Мы ня мелі б ужо дэпутацкай недатыкальнасьці і ніякай трыбуны. Нашага голасу не было б чуваць. Вяшчала б намэнклятура, якая “наконец-то избавилась от этих крикунов”. А ў канцы выступіў бы які-небудзь разумнік, дэпутат-намэнклятуршчык і выраблены дэмагог, які сказаў бы: “Нет, вы посмотрите на этих бэнээфовцев, два года мутили воду, мешали работать, всех критиковали, а как только вышло не по-их, бросили всё и ушли. Оказывается, плевать им на Белоруссию и на наш многострадальный народ”. І ўсё гэта працягвалася б месяц-два (прапаганда павінна паўтарацца). І ўсё гэта — у нашым ужо безгалосым стане азначала б для нас ня проста палітычную сьмерць, а крах, бяздарны крах барацьбы і страту дасягнутага. Ды й выбаршчыкі маглі сказаць: “Мы за вас галасавалі, а вы што, у кусты?”

У тагачасным палітычна нясьпелым беларускім грамадзтве нельга было праводзіць такія дэмаршы і шляхецкія выхадкі. Тут было першае паражэньне на нашым цяжкім, але пераможным шляху. Атрымалі, як кажуць, ломам па галаве, і шмат хто з нас аказаўся псіхалягічна не падрыхтаваным да такога ўдару, адчулі сябе на момант бяссільнымі перад нахабным беззаконьнем, цынізмам і здрадай.

Тым часам ня трэба было адчайвацца. Як кажуць, “няма прыёму супраць лому, акрамя самога лому”. Мы ведалі, з кім мелі справу. Трэба было падымацца з дошчак, выціраць соплі і кроў — і зноў за сваё.

Пасьля грубай забароны рэфэрэндуму наступ рэакцыі пачаў набываць усё больш агрэсіўныя і арганізаваныя формы. Змагацца і працаваць у Вярхоўным Савеце стала вельмі цяжка і вельмі ня проста. Рэакцыя зыходзіла найперш з Саўміна і з антызаконных структураў, якія там арганізавалі. Урад утварыў у Вярхоўным Савеце нават сваю фракцыю бальшыні (“Беларусь”), якая павінна была стаць правадніком урадавай палітыкі і гасіць усе ініцыятывы Апазыцыі БНФ. Узьнікла нейкае адчуваньне напаўпараліча.

У гэтай (здавалася б бязвыходнай атмасфэры) мы вызначылі асноўную перашкоду і галоўную небясьпеку — урад Кебіча, які трапіў пад кантроль КГБ. Мы паставілі задачу адстаўкі прэм’ер-міністра. У лоб гэта зрабіць было немагчыма. Таму мы ўзьнялі пытаньне адстаўкі ў Вярхоўным Савеце, і нават дамагліся галасаваньня (вядома, бязвыніковага), і пасьля гэтага — зьмянілі тактыку. Асноўны палітычны цяжар працы мы перанесьлі за сьцены Вярхоўнага Савета. Ставілася задача падрыхтаваць і з’агітаваць грамадзтва за адстаўку Кебіча.

У Фронце былі чатыры надзейныя машыны (дзьве легкавыя і два мікрааўтобусы). Мы задзейнічалі гэты транспарт для паездак па краіне дзеля асьветы і агітацыі насельніцтва (тэлебачаньне і дзяржаўныя СМІ былі ўжо амаль недаступныя). Фармавалі звычайна дзьве групы дэпутатаў, складалі плян, нашыя структуры на месцах рыхтавалі залі, аб’явы і выбаршчыкаў. За 1993 год я са сваёй групай аб’ехаў 149 гарадоў і мястэчак і выступаў перад людзьмі па ўсёй Беларусі. Галоўная тэма — антынародная палітыка ўраду Кебіча.

Шмат дапамагла нам у гэтай справе таксама газэта “Свабода”, якую рэдагаваў сябра Апазыцыі БНФ дэпутат Ігар Гермянчук і якая выходзіла часам 100-тысячным накладам. Словам, да пачатку 1994 года бальшыня людзей у Беларусі была супраць Кебіча і палітыкі Кебіча. Толькі Кебіч (як ня дзіўна) гэтага яшчэ як бы ня ведаў і як бы не разумеў. Наша тактыка і даволі няпростая праца і тут дала плён. Калі аб’явілі прэзыдэнцкія выбары, нам было ўжо зразумела, што песенька Кебіча сьпета.



←Лукашенко: Беларусь - сторонник расширения взаимовыгодного сотрудничества с Молдовой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика