Зянон Пазьняк. ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. 4. Барацьба за зьмену ўлады
(Працяг. Пачатак)
Як паведамлялі “Белорусские новости”, у Варшаве выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка “Дэпутаты Незалежнасьці”, у якой распавядаецца пра падзеі 1990-1991 гадоў і іх уплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Прапануем урыўкі з кнігі — раздзелы, напісаныя Зянонам Пазьняком, — са згоды аўтара. Для таго, каб рэальна разьвівалася і мацнела незалежная дэмакратычная беларуская дзяржава, патрэбна была новая дэмакратычная ўлада. Старая савецкая каляніяльная ўлада нацыянальным дзяржаўным будаўніцтвам займацца не хацела і не магла, тым больш дэмакратычнымі пераўтварэньнямі. Знаходжаньне ўлады ў яе руках было небясьпечным тым, што па сваёй антынароднай прыродзе савецкая намэнклятура здольная была толькі выкарыстоўваць уладу ў сваіх групавых інтарэсах і заканамерна прыйшла б да мафіёзнай дыктатуры. Гэта ў “лепшым” сэнсе. У яшчэ горшым — здала б суверэнітэт Маскве у выніку якога-небудзь мафійнага пагадненьня і ўцяканьня ад адказнасьці.
Усе гэтыя тэндэнцыі савецкай намэнклятуры выявіліся адразу пасьля жніўня 1991 году, перш за ўсё, у імкненьні да прэзыдэнцкай сістэмы і ў спадзяваньні на савецкія сілы ў Маскве.
Канстытуцыя БССР не прадугледжвала роспуску Вярхоўнага Савета і нечарговых выбараў. Трэба было ўносіць папраўку ў Канстытуцыю і зыходзіць з новай палітычнай рэальнасьці. Але намэнклятура навалілася масай і катэгарычна не хацела тое рабіць. Ніякая наша тактыка тут ужо не спрацоўвала, маса была непрабіўная. І тады мы пайшлі на шматхадовую камбінацыю. Падрыхтавалі праект закона аб рэфэрэндуме з прапановамі Вярхоўнаму Савету. Савецкая дэпутацкая большасьць адкінула наш праект і прапанавала свой контрпраект. Мы ўключыліся ў дыскусію па іхным праекце, выйгралі шэраг палажэньняў, і ў канцы 1991 г. закон быў прыняты. Мы тут жа (дэпутаты і ўвесь Фронт) прынялі рашэньне аб зборы подпісаў за рэфэрэндум аб новых выбарах па новым прапарцыйна-мажарытарным выбарчым законе, які ўжо быў распрацаваны ў Фронце.
У канцы сьнежня 1991 г. пра стварэньне Ініцыятыўнай групы і збор подпісаў за рэфэрэндум мы афіцыйна аб’явілі ў Врхоўным Савеце.
Зімой 1992 г. Фронт сабраў каля паўмільёна подпісаў (па закону патрэбна было 350 000). Подпісы былі прызнаныя і зацьверджаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй па выбарах і рэфэрэндумах. Па закону гэта абазначала рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму, якое было перададзена ў Вярхоўны Савет, які (згодна з законам) мусіў толькі прызначыць дату рэфэрэндуму. Якраз была вясеньняя сэсія. У мяне было такое ўражаньне, што па Вярхоўным Савеце прайшлі дрыжыкі, ён здрыгануўся, як конь ад холаду. Намэнклятура зразумела, што, прызначыўшы дату рэфэрэндуму, яна падпіша сабе канец. Не ўратуе ніякая фальсіфікацыя (ня той выпадак). Намэнклятурныя дэпутаты не хацелі галасаваць за вызначэньне даты рэфэрэндуму. Пачаўся ціск на Шушкевіча, і ў красавіку сьпікер перапыняе сэсію і распускае Вярхоўны Савет без вызначэньня даты новай сэсіі.
Гэтая здача пазыцыі сьпікерам стала моцным ударам па ўсіх нас, бо вельмі вялікую ролю тут адагрываў час, які трэба было скарыстаць.
Шушкевіч пастаянна выступаў супраць рэфэрэндуму, пры любой нагодзе крытыкаваў нашу фармулёўку, вынесеную на рэфэрэндум, дэманстраваў падтрымку ўраду і Вярхоўнаму Савету, усюды стараўся ўкалоць дэпутацкую Апазыцыю Фронту. Гаварыць зь ім было бессэнсоўна.
Ён ня тое, што ня слухаў — ён нічога ня чуў.
Можа, ён сапраўды не разумеў, што вырашаецца лёс Беларусі? Можа, ім апанаваў страх? (Спадабалася быць сьпікерам?) Можа, лёгкасьць думак там, дзе ня трэба?
Так ці інакш, Шушкевіч выступіў на баку намэнклятуры.
Урад перайшоў у атаку. Былі створаныя ў сістэме Саўміна антыканстытуцыйныя структуры (дзяржсакратарыят і т. п.), куды былі запрошаныя працаваць функцыянеры КГБ і іншых спэцслужбаў — Г.Данілаў (партыйны куратар КГБ па Менскай вобласьці ў менскім абкаме), палкоўнік В.Паўлаў (цяпер генэрал у Маскве), С.Гайдукевіч, М.Скарынін, А.Лукашэнка (гэты стаў грамадзкім дарадцам Кебіча па аграрных пытаньнях) і інш. У гэты ж час пры падтрымцы ўраду ствараецца антыфронтаўскае “Народное движение Белоруссии” (варыянт Інтэрфронту, кіраўніком зрабілі С.Гайдукевіча), навязваюцца цесныя стасункі з Крамлём і Лубянкай у Расеі, дэкляруецца кебічаўская “ідэя” пераходу на расейскі рубель (закамуфляваная для народу здача суверэнітэту Беларусі і пераход пад уладу Масквы). Паўсюдна стала відаць ажыцьцяўленьне і актывізацыя савецкай рэакцыі.
Сэсію Вярхоўнага Савета Шушкевіч склікаў толькі ў канцы кастрычніка. За гэты час намэнклятура падрыхтавалася і згуртавала антыбеларускія сілы.
Расправу з законнасьцю пачалі груба і ў тыпова гэбоўскім стылі. Скарысталі [Булахава…] Па сутнасьці, яго задача была толькі адчытаць тэкст, астатняе — справа намэнклятурнай тэхнікі. Даклад быў для іх толькі нагодай прагаласаваць супраць. […] Памятаю, што многія намэнклятуршчыкі слухалі яго з нахабнай і здзеклівай усьмешачкай, і нават з грэблівасьцю. […]
Рэфэрэндум забаранілі, хаця Вярхоўны Савет пайшоў пры гэтым насуперак уласнаму закону (Вярхоўны Савет ня меў права выносіць на галасаваньне пытаньне аб забароне рэфэрэндума і па закону ня меў права забараніць). Калі высьвецілася табло галасаваньня, “супраць” рэфэрэндума быў увесь Вярхоўны Савет, “за” — трыццаць галасоў, адна наша фронтаўская апазыцыйная трыццатка. Захавацца дэпутатамі ў савецкім Вярхоўным Савеце побач з намэнклятурай — захацеў увесь “Дэмклюб”, і нават апазыцыйныя падпісанты (некаторыя нават выступалі супраць рэфэрэндуму).
А справа важылася аб лёсе Беларусі, аб новых выбарах новага парляманту, аб народнай ўладзе ў нашай краіне. Шмат хто зь іх потым доўга ня мог глядзець нам у вочы (але з цягам часу — нічога, звыкліся). Зрэшты, гэта ўжо ня мела значэньня, але многія з нас пераканаліся навочна, што гэта такое за цеста — дэмакраты бяз сьведамасьці і нацыянальных ідэалаў. Гэта людзі, якія разумеюць дэмакратыю абстрактна як дэмакратыю бяз нацыі.
(Заканчэнне будзе.)