Байкову перавялі пад хатні арышт

Источник материала:  
25.08.2010 11:16 — Новости Политики
Пасля ўчарашняй сустрэчы з Лукашэнкам Генпракурор адмовіўся працягваць тэрмін утрымання пад вартай. Следчы Генпракуратуры Святлана Байкова, затрыманая 25 лютага, пераведзена пад хатні арышт, паведаміў яе адвакат Міхаіл Волчак.

Байкову перавялі пад хатні арышт

«Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь адмоўлена ў працягу тэрміну ўтрымання пад вартай Байковай С. А. Цяпер яна знаходзіцца дома: следствам абрана мера стрымання — хатні арышт.

Тэрмін следства па крымінальнай справе Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь працягнуты да 9 кастрычніка 2010 г.», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Байкова была арыштавана раніцай 25 лютага на працоўным месцы па падазрэнні ў перавышэнні ўлады.

У канцы красавіка, пасля заканчэння двух месяцаў з моманту яе затрымання, генпракурор Рыгор Васілевіч адмовіўся працягваць тэрмін утрымання сваёй падначаленай. Пасля гэтага КДБ распачаў у дачыненні да Байковай другую крымінальную справу, тэрмін расследавання якой завяршаўся 24 чэрвеня.

У дачыненні да Байковай распачатыя справы па арт. 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. Увесь гэты час следчы знаходзілася ў следчым ізалятары КДБ.

31 мая Байкова аб"явіла галадоўку ў знак пратэсту супраць вылучаных ёй абвінавачанняў, з якой выйшла 16 чэрвеня па настаянні дактароў, сваякоў і абароны.

11 чэрвеня ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі было перададзена прашэнне Байковай на імя Аляксандра Лукашэнкі. У ім затрыманая прасіла аднавіць яе парушаныя правы і свабоды, вызваліць са следчага ізалятара КДБ і дазволіць прадоўжыць працу.

Аднак 24 чэрвеня генпракурор працягнуў тэрмін утрымання Байковай пад вартай яшчэ на два месяцы.

У пачатку жніўня стала вядома, што Байкова знаходзіцца ў крытычным стане, у яе развілася нырачная недастатковасць, у сувязі з чым затрыманая праходзіла абследаванне ў шпіталі КДБ.

Трэба адзначыць, што 24 жніўня, у дзень, калі мусіў рашацца далейшы лёс Байковай, Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Рыгора Васілевіча. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка заявіў пра неабходнасць больш узважана падыходзіць да прызначэння пакаранняў, звязаных з пазбаўленнем волі.

У фільме НТВ «Хросны бацька» былы начальнік Упраўлення МУС па барацьбе з карупцыяй капітан Вячаслаў Дудкін, які змушаны быў уцячы з краіны пасля таго як былі спынены расследаванні карупцыйных злачынстваў з удзелам найвышэйшых чыноўнікаў, выказвае меркаванне, што Байкову арыштавалі, бо яна ў сваім расследаванні выйшла на структуры, блізкія да некаторых найвышэйшых кіраўнікоў краіны або іхных сямейнікаў.

Падзяліцца навіной: 

←Лукашэнка загадаў пракуратуры кантраляваць праваахоўныя органы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика