Чэскі сэнатар ня бачыць падстаў падтрымліваць беларускі рэжым
20.08.2010
—
Новости Политики

"Мы выказалі свае пажаданьні, свае погляды, а прадстаўніца Савета рэспублікі выказала свае. На некаторыя пытаньні ў нас розныя пункты гледжаньня, і іншы раз у нас было невялікае непаразуменьне. Да прыкладу, у нас узьнікла некаторае непаразуменьне адносна нашай прапановы аб уключэньні ў склад выбаркамаў прадстаўнікоў апазыцыйных партый. Спадарыня Мазай нас пераконвала, што гэта магчыма, але, маўляў, апазыцыя ня можа дамовіцца. Мы абмяркоўвалі гэта і іншыя пытаньні амаль гадзіну. Мы ведалі, што ў нас розныя погляды на гэтыя праблемы. Але спадарыня Мазай ішла нам насустрач. І правільна адзначыла, што ніякія законы не існуюць вечна".
Сэнатары нагадалі, што займаюць пазыцыі Эўразьвязу, Рады Эўропы і АБСЭ адносна недэмакратычнасьці выбараў, у выніку якіх быў абраны беларускі парлямэнт. Аднак гэта адзіная пляцоўка для дыялёгу з афіцыйным Менскам. Адносна сустрэчы зь беларускімі праваабаронцамі спадар Томаш Ірса адзначыў:
"Я ўжо шмат гадоў прадстаўляю Чэхію ў Радзе Эўропы, якая займаецца правамі чалавека. Мы сустрэліся ў Беларусі з шэрагам арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека і вядомыя міжнароднай супольнасьці. Нам незразумела адзінае: што некаторыя з гэтых арганізацый не атрымалі рэгістрацыю. Мы закранулі гэтае пытаньне на сустрэчы з прадстаўніцай афіцыйнага парлямэнту".
Томаш Ірса адзначыў, што сэнатары маюць непасрэднае дачыненьне да бюджэту Чэхіі і "хацелі ўсё ўбачыць на свае вочы". Беларусь уключана ў шэраг дзесяці краінаў, якім Чэхія прадстаўляе дапамогу, найперш няўрадавым арганізацыям. Што тычыцца падтрымкі беларускага рэжыму, то спадар Ірса сказаў:
"Я ад'яжджаю з такім меркаваньнем, што і надалей няма ніякіх падстаў, каб Чэхія падтрымлівала Рэспубліку Беларусь ці то ў рамках двухбаковых стасункаў, ці то на ўзроўні Эўразьвязу".
Томаш Ірса нагадаў, што апошнія шэсьць гадоў беларускія ўлады не выдавалі яму візы, і ён ня мог наведаць Беларусь. Маўляў, гэта было пакараньне за тое, што Чэхія ў 2005 годзе не дала візу Аляксандру Лукашэнку. Але цяпер сытуацыя памянялася, і візы атрымалі без праблемаў. Пасол Беларусі ў Чэхіі пераканаў, што сэнатары могуць без перашкодаў наведаць Беларусь.
Крынiца: Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода