Затулін: Расія зацікаўленая, каб выбары для Лукашэнкі не былі лёгкімі

Источник материала:  
Затулін: Расія зацікаўленая, каб выбары для Лукашэнкі не былі лёгкімі

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, сябра Генеральнага савета “Адзінай Расіі” Канстанцін Затулін расказаў, як Расія будзе ўплываць на беларускія выбары, чаму Крэмль не вызначыўся са “сваім” кандыдатам і з-за чаго на саміце АДКБ Мядзведзеў не захоча мірыцца з Лукашэнкам.

Еўрарадыё: Кіраўнік аддзела Сярэдняй Азіі вашага Інстытута Андрэй Грозін у інтэрв’ю парталу “Рэспубліка” выказаў меркаванне, што “Крэмль з радасцю памяняў бы Лукашэнку на іншага палітыка, але няма на каго — засталіся толькі альбо “адмарожаныя нацыяналісты”, альбо маргіналы”. Але іншыя расійскія аналітыкі выказваюць меркаванне, што стаўленіка Крамля на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі не будзе. Вам як дэпутату Дзярждумы і сябру кіраўніцтва “Адзінай Расіі”, можа, лепш вядома, ці будзе прысутнічаць Крэмль на гэтых выбарах?

Канстанцін Затулін:У Грозіна, безумоўна, можа быць свой пункт гледжання па любых праблемах, але ён эксперт па цэнтральна-азіяцкіх пытаннях. Аднак можна фармальна казаць пра ўдзел Крамля ў выбарах у Беларусі. Лічыць, што Крэмль не будзе спрабаваць уплываць на выбары ў Беларусі, вельмі наіўна. Паказ па расійскіх каналах серыялаў, пікіроўкі, якія адбываюцца на самым высокім узроўні, сведчаць пра тое, што ў Расіі ўзаемаадносіны з Аляксандрам Лукашэнкам дайшлі да мяжы. Ён проста дастаў шмат каго ў Расіі сваімі паводзінамі, сваімі каментарамі, сваімі ўчынкамі, якія не адпавядаюць уяўленню Крамля аб саюзных адносінах. І цяпер усё выглядае так, што Расія, не маючы пэўнага альтэрнатыўнага кандыдата, якога зараз у прынцыпе не знайсці ў Беларусі, не зацікаўленая ў тым, каб чарговыя па ліку выбары прэзідэнта Беларусі нагадвалі па лёгкасці тратуар Неўскага праспекта.

Еўрарадыё: Як Крэмль можа паўплываць на выбары, не маючы свайго кандыдата?

Канстанцін Затулін:
Цяпер расійскае кіраўніцтва дэманструе — якім чынам яно збіраецца ўплываць на сітуацыю. Працягваецца скандал вакол абяцанняў Лукашэнкі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію. Адначасова працягваецца паказ “Хроснага бацькі”. Думаю, калі бакі не знойдуць агульнай мовы, то гэта будзе працягвацца далей. З нарастаючым эфектам бліжэй да саміх выбараў. Што з гэтага атрымаецца, цяжка казаць. Як і разважаць, што няма альтэрнатывы Лукашэнку. У 1994 годзе, калі Лукашэнка ўпершыню выбіраўся прэзідэнтам і калі там былі больш-менш дэмакратычныя выбары, ніхто не думаў, што ён ператворыцца ў палітычнага доўгажыхара на прэзідэнцкай пасадзе. Але нішто не вечнае пад месяцам. Я не веру, што сярод грамадзян Беларусі не можа знайсціся палітычны лідар, які стане альтэрнатывай Лукашэнку. Хай не на гэтых выбарах, але на наступных. Размова ідзе пра тое, каб у Беларусь вярнуліся дэмакратычныя свабоды і нормы. Сёння лічыць, што выбары ў Беларусі будуць справядлівымі і сумленнымі, даволі складана.


Еўрарадыё: Калі выбары завершацца, у чым цяжка сумнявацца, перамогай Лукашэнкі — ці прызнае іх легітымнасць Расія, Крэмль?

Канстанцін Затулін:
Гэта залежыць ад таго, якім чынам гэтыя выбары будуць адбывацца. І раней гучала шмат папрокаў, што выбары ў Беларусі недэмакратычныя. Насамрэч, было б несумленным лічыць, што ў Лукашэнкі няма прыхільнікаў. Працэнтаў 30 электарату — гэта яго выбаршчыкі. Яшчэ прыблізна столькі ж — гэта людзі, якія прагаласавалі б за іншага, калі б ён быў. Калі б яны верылі, што ўвогуле можна абраць некага іншага. Пра лёс гэтых галасоў ідзе размова цяпер, убачаць гэтыя людзі нейкую альтэрнатыву альбо не.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да размоў пра тое, што Крэмль апошнім часам памяняў сваю палітыку і спрыяе змене прэзідэнтаў у краінах былога СССР? У якасці прыкладу гавораць пра Кыргызстан і Ўкраіну. Чаму б і ў Беларусі Маскве нешта такое ж не прапрацаваць?

Канстанцін Затулін:
Гэта зусім іншыя краіны, і Беларусь не нагадвае Кыргызстан. Кыргызстан — гэта краіна, якая перыядычна знаходзіцца вельмі блізка да развалу. Ды і ўзровень жыцця вельмі розны. Я зусім не жадаю Беларусі, каб там узнікла такая ж сітуацыя, як у Кыргызстане. Што тычыцца новага падыходу расійскіх уладаў да узаемаадносінаў з кіраўнікамі іншых краін, то ён далёка не новы. Ёсць тыя кіраўнікі, з якімі выбудоўваюцца добрыя адносіны цягам доўгіх гадоў. Давайце ўзгадаем Назарбаева. Расія не была заўважана ў інтрыгах супраць Казахстана. Хоць падставаў хапае для таго, каб прадэманстраваць сваю непрымальнасць таго ці іншага палітычнага дзеяча. Відавочна, што Віктар Юшчанка разбураў украіна-расійскія адносіны. І было б дзіўна думаць, што Расія будзе падтрымліваць яго з нейкіх манархічных меркаванняў на пасадзе прэзідэнта. А Бакіеў быў так лёгка звергнуты таму, што за час свайго кіравання паспеў прадэманстраваць адмову ад усіх слоў і абяцанняў, якія ён даваў як унутры краіны, гэтак і за яе межамі. У Расіі ёсць саюзнікі і канкурэнты. Бывае, інтарэсы сутыкаюцца. А вось як Расія можа паўплываць на лёс таго ці іншага палітычнага дзеяча? Я лічу, што ў высокай ступені. Хоць уплыў Расіі ў розных краінах СНД не роўнавялікі. Зыходзячы з гэтых магчымасцяў Расія і дзейнічае. Каб прасунуць свае інтарэсы і падтрымаць тых палітычных дзеячаў, якія гэтыя інтарэсы падзяляюць і гатовыя іх улічваць.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці паспрабуе Лукашэнка падчас саміту АДКБ вырашыць сённяшні канфлікт паміж нашымі краінамі з Мядзведзевым і ці атрымаецца што з гэтага?

Канстанцін Затулін:
Напэўна, такія спробы могуць быць, але справы зайшлі так далёка, што любыя спробы такога кшталту могуць быць другім бокам зразумелыя як слабасць. Пры вядомым характары і тэмпераменце Аляксандра Рыгоравіча цяжка меркаваць, што ён у гэтым пытанні да такой ступені сёння зацікаўлены, што па-іншаму быць не можа. Я не ведаю, ці будуць такія спробы, але мне падаецца, што яны наўрад ці што зменяць. Бо сітуацыя зараз — як у вядомым кінафільме: “Альбо я яе павяду у ЗАГС, альбо яна мяне да пракурора”. Да такой ступені сёння абвастрыліся адносіны паміж кіраўніцтвам Расіі і кіраўніцтвам Беларусі. Гаворка ідзе пра беспрэцэдэнтныя рэчы. Ажно да публікацыі стэнаграм закрытых пасяджэнняў АДКБ для доказу таго, што Лукашэнка сапраўды казаў тое, што цяпер абвяргае. Цяжка меркаваць у такой сітуацыі, што размова на саміце АДКБ усе пытанні здыме.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што нават калі Лукашэнка скажа Мядзведзеву: “Хопіць, давай сябраваць назад!”, то з гэтага нічога не атрымаецца?

Канстанцін Затулін:
Што азначае “сябраваць назад?” Аляксандр Рыгоравіч возьме і прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію? Будзе гэта крокам да нармалізацыі адносінаў? Безумоўна. Хоць для Расіі гэта і не першаснае пытанне, але калі ты саюзнік, то і зыходзь са сваіх фармальных абавязальніцтваў саюзніка. У 2008 годзе Лукашэнка ўхваліў дзеянні Расіі ў тым рэгіёне. А потым — паўзу на два гады з прызнаннем, якое пачынае цікавіць увесь свет. Што, маўляў, гэта за Саюзная дзяржава, дзе такія розныя пункты гледжання на такое знакавае пытанне? Прызнанне прывядзе да пэўнага супакаення жарсцяў. Але я не бачу нейкай змены ў пазіцыі Беларусі па гэтым пытанні. І вельмі непрыгожа выглядае прэзідэнт Лукашэнка, калі патрабуе ад Расіі, каб яна яму паслала саломкі, калі ён пойдзе на прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Гэта не адпавядае вобразу справядлівага і сумленнага бацькі, які Лукашэнка ствараў усе гэтыя гады. Бакіева ён прыняў не баючыся нічога, а ў пытанні з  Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй ён праяўляе такі клопат пра матэрыяльны бок справы. І патрабуе, каб Расія кампенсавала Беларусі негатыўныя наступствы такога прызнання. Расія і так бярэ на сябе значную частку адказнасці за ўсё, што адбываецца ў гэтым рэгіёне! Але нават да гэтага прызнання Лукашэнка не саспеў.

Еўрарадыё: Але нават калі саспее, то гэтага будзе мала, каб цалкам спыніць сённяшні канфлікт?

Канстанцін Затулін:
Проста Абхазія і Паўднёвая Асеція ператварыліся апошнім часам у такое знакавае пытанне. Але ж існуе яшчэ парадак Саюзнай дзяржавы. Ён выконваецца? Не выконваецца і няма яснасці, ці будзе ён выконвацца. І яшчэ ёсць цэлы шэраг праблем і пытанняў.

Крынiца: Еўрарадыё

←Затулин: Я не верю, что Лукашенко нет альтернативы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика