Адзін ці два?
Чаму Руху можа адмовіцца ад выбараў? Тут некалькі момантаў.
Прэзідэнцкая кампанія на валанцёрскіх пачатках — рызыкоўная справа. Нават калі і ўдасца сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў, то не будзе чым агітаваць.
Лідэр моладзі з Салігорска Іван Шыла лічыць, што ўдзельнічаць трэба ў кожным разе.
«Калі не будзе Мілінкевіча, то, фактычна, застанецца адзін кандыдат — Някляеў. Чалавек з незразумелымі пазіцыямі па базісных пытаннях.Якое стаўленне лідэра „Гавары праўду“ па Еўрасаюзе, Мытным саюзе? У яго няма яснай праграмы. Я не ведаю, на якія грошы праводзіцца гэтая кампанія. Увогуле, для апазіцыйнага асяродка „Гавары праўду“ як з’ява больш разбуральная, чым стваральная. Адсутнасць у бланках Мілінкевіча будзе азначаць адсутнасць кандыдата, які б сімвалізаваў еўрапейскі выбар беларусаў. Ён ці не адзіны, які не шукае выгады ў хістаннях расійскага кіраўніцтва па Лукашэнку», — кажа І.Шыла.
Канечне, не выключаны сюрпрызы ад такіх кандыдатаў, як Андрэй Саннікаў ці Алесь Міхалевіч, але найбольш цвёрдыя пазіцыі сёння маюць якраз Мілінкевіч і Някляеў. Ды і на ўсіх папярэдніх выбарах неабходныя 100 тысяч маглі сабраць толькі па два апазіцыйных кандыдаты.
Малаімаверна, што людзі, якія сёння падтрымліваюць Мілінкевіча, будуць працаваць на Някляева. Няўдзел у выбарах лідэра Руху «За Свабоду» можа прывесці да таго, што на выбарах ніхто не будзе паслядоўна прапагандаваць нацыянальныя і еўрапейскія ідэі.
Зрэшты, і бліжэйшыя паплечнікі ўгаворваюць Мілінкевіча ісці на выбары. Дзеянне лепшае за бяздзеянне, мяркуюць яны.
Зміцер Панкавец