Агітацыя за Някляева ідзе па-расійску
Някляеўскія лістоўкі — расійскамоўныя. Відаць, спадар Уладзімір лічыць, што ўздзеянне расійскамоўнай лістоўкі вышэйшае за ўздзеянне беларускамоўнай, і ў чымсьці мае рацыю — чытаюць такія лістоўкі часцей. Але і «расійскамоўнасць» можа адыграць адмоўную ролю — хаця Някляеў і робіць націск на тое, што ён беларускі паэт.
На «вонкавым» баку лістоўкі пра кампанію «Гавары праўду!» нагадвае невялікая зялёная эмблема зверху ліста — астатнюю ж плошчу займае вялікі фотаздымак, а таксама біяграфія Някляева. Сярод яго заслуг згадваецца аўтарства больш як дзесяці кніг паэзіі і прозы, а таксама вядомасць як аўтара шматлікіх папулярных беларускіх песняў. Згадваецца і стварэнне кампаніі «Гавары праўду!», але тут відавочна, што асоба лідэра і ініцыятара важнейшая за саму кампанію, прынамсі, паводле вонкавага боку лістоўкі.
На абароце актывісты «Гавары праўду!» крытыкуюць сістэму вылучэння дэлегатаў на Усебеларускі сход:
«Дэлегатаў ніколі не выбіралі — іх прызначалі мясцовыя адміністрацыі. Там сход толькі зваўся народным, насамрэч гэта быў сход начальнікаў. Мы хочам прапанаваць вам змяніць гэты парадак". І прапануюць падпісацца за вылучэнне дэлегатам Някляева, які збіраецца надаць увагу самым хваравітым праблемам нашага жыцця:
«Што стаіць за сярэднім заробкам, і якія рэальныя даходы насельніцтва»«Колькі мы плацім за бясплатную ахову здароўя»
«Як правесці сумленныя і адкрытыя выбары»
Усе тры пытанні вылучаныя
Сканчваецца лістоўка заклікам:
«Далучайцеся да тых, хто лічыць, што важкія рашэнні ў нашым жыцці павінныя прымаць толькі тыя, каго рэальна падтрымаў народ". Наколькі ж гэтыя лістоўкі, выдадзеныя накладам 200 000 экзэмпляраў, дапамогуць спадару Уладзіміру стаць дэлегатам Усебеларускага сходу — пакажа час, але подпісы ўжо збіраюцца па ўсёй краіне.
Юрась Ускоў